Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 11 мая 2017
21
Памер шрыфта

Астравецкі    вузел

Яшчэ не загаіліся чарнобыльскія раны, яшчэ па былых палескіх вёсках, зарослых кустоўем, ходзяць дзікія ваўкі, а беларускія ўлады ўзяліся здзяйсняць новы праект атамнай электрастанцыі.

Гэты праект выклікае багата пытанняў, на якія беларуская грамадскасць не атрымала ўцямнага адказу. І самае галоўнае з іх: ці не стане Астравец другім Чарнобылем у Беларусі?

“Выгоды” ядзернай энергетыкі

Шэраг эканамістаў сцвярджаюць, што развіццё атамнай энергетыкі становіцца ўсё менш і менш прывабным з эканамічнага пункту гледжання. Доля ядзернай энергетыкі ў свеце зменшылася за апошнія 20 гадоў з 17,6% да 10,7% і працягвае змяншацца. 164 ядзерныя рэактары зачынены. Ветрагенератары, біяпаліва, сонечныя электрастанцыі, гідраэлектрастанцыі, геатэрмальная энергетыка набываюць усё большую актуальнасць і займаюць усё большае месца ў выпрацоўцы энергіі.

Італія ўвогуле зачыніла ўсе АЭС. У Аўстрыі, якая па колькасці насельніцтва сувымерна з Беларуссю, але мае непараўнальна больш высокаразвітую эканоміку, АЭС, пабудаваную ў 1978 годзе, так і не запусцілі. Прычынай быў рэферэндум, на якім большая частка аўстрыйцаў выказалася супраць яе эксплуатацыі. Цікава, які вынік быў бы, калі б такі рэферэндум наконт Беларускай АЭС правялі ў Беларусі? Ды каб яшчэ ў тых, хто “за” і “супраць” атамнай энергетыкі, былі аднолькавыя магчымасці для тлумачэння сваёй пазіцыі. Ды каб галасы справядліва падлічвалі і не мухлявалі, як гэта прызвычаіліся рабіць ўлады ў нас на выбарах.

Калі б хаця б палову тых грошай, якія ідуць на БелАЭС, патраціць на альтэрнатыўныя віды энергетыкі, можа быць, тады пытанне аб неабходнасці АЭС у Беларусі адпала б само сабой? Ды хто ў нас лічыцца з меркаваннем людзей?

Экалагічныя праблемы

Экалагічныя праблемы ядзернай энергетыкі звязаны з праблемай захавання радыеактыўных адкідаў, з біялагічным уздзеяннем малых доз радыяцыі, якое ўзнікае пры працы АЭС, пры рамонтных работах і, што самае небяспечнае, пры магчымых аварыях на станцыі. Гарантаваць стопрацэнтную бяспеку АЭС не бярэцца ніхто, хіба што толькі беларускія чыноўнікі. Аварыя на японскай АЭС “Фукусіма-1” паказала, што з тых ці іншых прычын заўсёды можна чакаць паўтарэння Чарнобыльскай катастрофы. Ці метэарыт, ці няспраўны самалёт, ці тэхнічны збой, ці элементарны недагляд – колькі іх, магчымых прычын жахлівай катастрофы?

Ужо наколькі акуратныя, прадбачлівыя, высокатэхналагічныя японцы, але і гэта іх не выратавала ад прыродных катаклізмаў. У выніку ліквідацыя аварыі на “Фукусіме-1” забярэ, паводле разлікаў японскіх экспертаў, 195 мільярдаў долараў і зойме прыкладна 40 гадоў. 20-кіламетровая зона вакол станцыі ператварылася на доўгі час ў зону высялення і бежанства. Хірасіма і Фукусіма для японцаў сталі ўстойлівай рыфмай.

Тэхнічны бок. Надзейнасць рэактара

Вялікія нараканні з боку незалежных экспертаў выклікаюць рэактары, якія на Беларускую АЭС падахвоцілася паставіць Расія. Хоць і гавораць, што купленаму за крэдыты каню ў зубы не глядзяць, але тут не той выпадак. Па-першае, ніхто не ў захапленні ад надзейнасці расійскай тэхнікі. Агульны ўзровень тэхнічнага развіцця расійскай прамысловасці нізкі. Апроч зброі ды ядзерных рэактараў там не вырабляецца нічога з таго, чым жыве свет. Ну не расіяне ж вынайшлі нафту і газ! Ні машын, ні камп’ютараў, ні тэлефонаў, увогуле – ні-чо-га! Усё – нейкі другі ці трэці гатунак. І гэта непазбежна адбіваецца на такіх высокатэхналагічных прадуктах, як абсталяванне для АЭС. Як кажуць самі расійскія эксперты, атамныя рэактары з Расіі “не доведены до ума”.

“АЭС у Астраўцы пад Гродна па праекце, які не выпрабаваны на практыцы, – вельмі небяспечная задумка, – сцвярджае на сайце rucompromat.com прафесар Ігар Астрацоў.Адсутнасць дастатковага вопыту эксплуатацыі як рэактарнай устаноўкі ВВЭР-1200, так і блока тыпу “АЭС-2006” у цэлым сур’ёзна павышаюць небяспеку АЭС, якую будуюць у Беларусі, бо некаторыя праблемы могуць з’явіцца не адразу, а праз некаторы час”.

А чаго варты вядомы выпадак, які адбыўся 25 ліпеня 2016 года, калі пры мантажы на БелАЭС стукнулі корпус рэактара?! У выніку расійскі бок пагадзіўся яго замяніць. Дык не ж, 26 снежня пры перавозцы ўжо другога корпуса, ім зачапілі за апору кантактнай сеткі. Гэта тое, што мы ведаем. А што яшчэ маглі схаваць расійскія падрадчыкі і будаўнікі?

Тое ж датычыцца іншага расійскага абсталявання для атамных АЭС. Апошні прыклад: 11 лістапада 2016 года на шостым энергаблоку Новаваронежскай АЭС у Расіі адбылася аварыя. Праз 15 сутак пасля ўводу ў эксплуатацыю новы энергаблок быў спынены і пастаўлены на рамонт. Адбылося міжфазнае каротнае замыканне ў абмотцы статара турбагенератара. Ён задыміўся і гучна выбухнуў. На гэты раз пашанцавала – абышлося без ахвяр. Але такі ж самы генератар расіяне ўжо манціруюць на Астравецкай АЭС. А што, калі нам не пашанцуе?

Выклікае сумненне якасць агульных будаўнічых работ, якія вядуцца на БелАЭС. Як заўважаюць незалежныя эксперты, часта ў прыезджых будаўнікоў, якія працуюць за невысокія заробкі, не хапае адпаведнай кваліфікацыі і культуры працы. Наступствы знакамітага рускага “авось” для беларусаў і літоўцаў могуць быць самыя сумныя.

БелАЭС – геапалітычны праект Расіі.

Не так даўно быў абнародаваны дакумент, падрыхтаваны навукоўцамі Акадэміі навук Беларусі яшчэ ў 1993 годзе, пра тое, што пляцоўка для будаўніцтва Беларускай АЭС з’яўляецца адной з самых горшых і няўдалых. Астравец з’яўляецца сейсмічна небяспечным раёнам. Але ж чаму тады для будаўніцтва БелАЭС замест 22 прапанаваных навукоўцамі прымальных пляцовак у краіне выбралі менавіта гэтую? Чаму на тэктанічным разломе расіяне будуюць у Беларусі патэнцыяльную ядзерную бомбу? На гэтае пытанне ёсць як мінімум тры адказы, і ва ўсіх іх інтарэсы Расіі адыгрываюць першую ролю.

Праз продаж “таннай” энергіі з Беларускай АЭС Расія праз Беларусь хацела б мацней эканамічна прывязаць краіны Балтыі ды Польшчу да сваёй энергасістэмы, да расійскага энергакальца БРЭЛЛ (яно аб’ядноўвала энергасістэмы Беларусі, Расіі, Эстоніі, Латвіі і Літвы). Але праз геапалітычную небяспеку з боку Расіі краіны Балтыі абвясцілі пераарыентацыю на еўрапейскую энергетычную сістэму і выхад з адзінай з Расіяй энергасеткі. Польшча таксама заявіла, што не збіраецца купляць электраэнергію з БелАЭС. Такім чынам, эканамічна-геапалітычны складнік БелАЭС для Расіі рэзка змяншаецца. У цянётах “таннай” энергіі, вырабленай з расійскага ядзернага паліва на атамнай электрастанцыі, пабудаванай за расійскі крэдыт, застаецца толькі Беларусь.

Другі адказ: размяшчэнне атамнай электрастанцыі ўсяго ў 50 кіламетрах ад сталіцы Літвы Вільнюса, я лічу, з’яўляецца прамым шантажом літоўцаў. Расійскім палітычным шантажом, выкананым па класічных канонах спецслужбаў – не наўпрост, а рукамі беларусаў. Ніколі літоўцы не пагодзяцца з працуючай Беларускай АЭС, гэтай ядзернай мінай запаволенага дзеяння, падкладзенай пад сэрца Літвы. Гэтаксама, як не пагадзіліся б і мы, калі б хтосьці пабудаваў атамную электрастанцыю ў 50 кіламетрах ад Мінска. Сваю такую не дабудавалі, спыніліся ў 1987-м годзе ў мястэчку Дружным пад Пухавічамі.

А што Ігналінская атамная станцыя доўгі час дзейнічала на мяжы з Беларуссю, то, заўважу, будавалася ж яна яшчэ пры Савецкім Саюзе, калі і мы, беларусы, і літоўцы знаходзіліся ў адной краіне. Тады ўсе рашэнні прымаліся ў Маскве, а не ў Вільнюсе. Таму ківаць на літоўцаў няма сэнсу.

І трэці адказ: будаўніцтвам БелАЭС Расія яшчэ больш ўскладняе і так няпэўныя еўрапейскія перспектывы Беларусі. Такім чынам Расія адразае для Беларусі шлях у Еўропу і яшчэ больш палітычна прывязвае да сябе. З пабудовай БелАЭС як расійскага эканамічнага і геапалітычнага праекта мы ўсё болей загразаем у васальнай і каланіяльнай залежнасці ад Расіі. Без сумневаў, пасля запуску Беларускай АЭС краіны Балтыі і Польшча абавязковай умовай збліжэння Беларусі і ЕС будуць ставіць пытанне яе спынення.

Вось так мы эканомім і робім навар на Беларускай АЭС, як Заблоцкі на мыле. Пакуль што мірны атам усё больш аддаляе Беларусь ад Еўропы, у якой мы жылі і развіваліся стагоддзямі. З нашай натуральнай еўрапейскай прасторы, дзе шануюцца правы чалавека і чалавечая годнасць, дзе чалавека чуюць, а не толькі паганяюць ім, мы ўсё больш скочваемся ў азіяцкі абсалютызм. Сцяна паміж Еўропай і Беларуссю робіцца ўсё вышэй.

Усё мацней і мацней зацягваецца астравецкі вузел.

Алесь КАВАЛЬЧУК.


Алена АНІСІМ: “У пабудове АЭС – адны мінусы”

Днямі дэпутат Палаты прадстаўнікоў і сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая заявіла, што звесткі аб будаўніцтве Беларускай АЭС, аб яе магчымым негатыўным уплыве на навакольнае асяроддзе, сабраныя экспертамі Беларускай партыі «Зялёныя», прадстаўнікамі навуковай супольнасці, з’яўляюцца нагодай правесці парламенцкія слуханні на гэтую тэму.

“Я ўвогуле выступаю супраць таго, каб у краіне будавалася атамная электрастанцыя, – выказала сваю пазіцыю “Народнай Волі” і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена АНІСІМ. – Па-першае, яшчэ не так даўно здарылася Чарнобыльская трагедыя, і мы да гэтага часу не маем выразнай карціны, як і на колькіх пакаленнях беларусаў адбілася катастрофа 30-гадовай даўніны. Па-другое, хопіць ужо плесціся ў хвасце цывілізацыі. Свет ідзе па шляху выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі і адмаўляецца ад атамных электрастанцый. Таму з пункта гледжання сучаснага разіцця ў пабудове АЭС – адны мінусы”.

Віталь АХРЭМЧЫК.


МНЕНИЕ

Зачем Беларуси АЭС?

Об этом рассуждает российский физик-ядерщик Андрей Ожаровский.

– После принятия политического решения о сооружении АЭС власть выдвинула несколько аргументов в его обоснование. Во-первых, АЭС якобы позволяла уйти от зависимости от импортных (читай: российских) энергоносителей. В действительности зависимость от России только усиливается – к зависимости от поставок энергоносителей, ядерного топлива добавляется более глубокая зависимость от российских технологий.

Во-вторых, АЭС якобы строится по новому, более безопасному проекту. Проект действительно новый, но судить о его безопасности и даже работоспособности можно только после обкатки всего нового оборудования на практике. Пока же ни одного реактора ВВЭР-1200 в России так и не построено. От сооружения аналогичных реакторов на Балтийской АЭС в Калининграде отказались вовсе.

В-третьих, утверждалось, что АЭС даст стране более дешевое электричество. Но даже в самой России АЭС дают столь дорогую электроэнергию, что их освобождают от уплаты налогов на имущество и на землю.

К тому же падение мировых цен как на газ, так и на энергию из возобновляемых источников делает АЭС и вовсе экономической бессмыслицей.

Что имеем в итоге? Новая АЭС не обеспечит энергетической независимости Беларуси. Нет (и не может быть) никаких свидетельств того, что новые экспериментальные реакторы надежны на 100 процентов. Электроэнергия новой АЭС уж точно не будет для потребителя более дешевой.

Алесь КАПУЦКІ: “Не лядовы ж палац будуюць…”

Актывіст з Маладзечна распавёў пра тое, чым сёння займаецца грамадзянская кампанія “Астравецкая атамная – гэта злачынства”, якая распачалася яшчэ ў 2008 годзе.

 

“З лютага гэтага года мы праводзім маніторынг радыяцыйнага фону ў рэгіёнах, якія знаходзяцца ў радыусе 60 кіламетраў вакол месца, дзе будуецца Беларуская АЭС, – распавядае Алесь Капуцкі. – Затым, калі станцыя запрацуе, параўнаем, як будзе змяняцца радыяцыйны фон. Акрамя таго, мы інфармуем мясцовае насельніцтва пра сітуацыю з будаўніцтвам атамнай электрастанцыі, праводзім сустрэчы. Цікавімся меркаваннем людзей, тлумачым, што можа даць АЭС і якія ёсць рызыкі. Адным словам, робім тое, што ў нашых магчымасцях”.

Паводле слоў нашага суразмоўцы, людзі па-рознаму ставяцца да будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі.

“Ёсць тыя, хто выступае толькі супраць, – кажа актывіст. – Усё-такі зараз інфармацыю не схаваеш, і калі ў СМІ з’яўляюцца паведамленні пра нейкія надзвычайныя здарэнні падчас будаўніцтва АЭС, то гэта, безумоўна, народ насцярожвае. Некаторыя кажуць, што развіццё атамнай энергетыкі – прагрэс, а таму яны не бачаць нічога дрэннага ў будаўніцтве АЭС. Маўляў, у такім выпадку Беларусь пазбавіцца залежнасці ад расійскіх энергарэсурсаў. Але знаходзяцца і тыя, каму глыбока ўсё роўна, што адбываецца ў Астравецкім раёне. А ўвогуле, як мне падаецца, большасць ставіцца да АЭС адмоўна. Усё ж такі беларусы яшчэ не забылі, якая трагедыя адбылася 31 год таму”.

Алесь Капуцкі дадае, што зараз накіраваны ліст у дырэкцыю Беларускай АЭС, з тым каб сумесна правесці “круглы стол” па пытаннях адкрытасці і публічнасці таго, што робіцца на будаўнічай пляцоўцы станцыі.

“Адказу пакуль не было, – удакладняе ён. – Але калі нам пойдуць насустрач, то думаем запрасіць на мерапрыемства і незалежных экспертаў, і прадстаўнікоў СМІ. Усё-такі ў краіне будуюць не лядовы палац. Грамадскасць павінна ведаць, што адбываецца падчас будоўлі стратэгічнага аб’екта, людзі маюць права задаваць вострыя пытанні і атрымліваць на іх адказы”.

Віктар ШПАК.


Рыгор БАРАДУЛІН

Перасцярога

Чарнобыльскі пыл, як смецце,

Вятры пазмятуць куды?

Жывём мы на гэтым свеце

Заложнікамі бяды.

Пылінкі, пылінкі, пылінкі,

Імглінкі надзей і людзей.

У небе з дрыготкай былінкі

Страсаецца знічка радзей,

Яна да зямлі дакрануцца

Баіцца,

А можа, зусім

Не хоча,

Бо ліўні лінуцца –

Прыспешнікі лютасных зім.

І выйдуць завеі на шпацыр,

Абрэзаўшы рукі галлю,

І вечная сцюжа ў панцыр

Заложніцай возьме

Зямлю.

Валянцін Стэфановіч: “Чаму б пытанне аб будаўніцтве АЭС не вынесці на рэферэндум?”

Праваабаронца выказаў свой пункт гледжання на сітуацыю з грамадскім абмеркаваннем пабудовы атамнай электрастанцыі.

– Канстытуцыя гарантуе людзям права на добры навакольны асяродак. Тым больш у краіне, якая так моцна пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Але мне здаецца, што сапраўды шырокага грамадскага абмеркавання будаўніцтва атамнай электрастанцыі няма. Не ведаю, паводле якіх стандартаў усё гэта павінна адбывацца, але дыскусія наогул адсутнічае.

Мы не бачым на дзяржаўным тэлебачанні нейкіх публічных дыскусій на гэтую тэму, дзе былі б прадстаўлены абодва бакі. Каб адны маглі прывесці аргументы, чаму нам патрэбна АЭС, а другія адказалі б контрааргументамі.

Чаму простых людзей не прыцягвалі і не прыцягваюць да абмеркавання гэтага надзённага пытання? Мяне, напрыклад, як грамадзяніна Беларусі, цікавіць: куды затым падзенуць адкіды АЭС? Ды і даверу няма да расіян, якія будуюць станцыю. Калі ўжо корпус рэактара не могуць утрымаць і той падае на зямлю, то што казаць пра агульную бяспеку? А гэта ж не жарты, а атамная станцыя!

Таму яшчэ раз паўтаруся: варта даваць публічнае слова і тым, хто выступае супраць будаўніцтва АЭС. І няхай бы беларусы самі вызначыліся, што яны больш падтрымліваюць. І ўвогуле, чаму б пытанне аб будаўніцтве АЭС не вынесці на рэферэндум? Калі нам кажуць пра адмену смяротнага пакарання, то ўлады спасылаюцца на тое, што гэта людзі выказаліся за вышэйшую меру пакарання на рэферэндуме. Але ж пытанне пабудовы атамнай станцыі таксама вельмі важнае для краіны, якая не так даўно перажыла атамную катастрофу і ад яе нават яшчэ не ачомалася.

Сяргей НІКАНОРАЎ.

АСАБІСТАЕ

“Наступствы ідуць следам і праз трыццаць гадоў…”

У 2011 годзе праваабаронца з Мазыра і ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай АЭС Уладзімір Целяпун быў узнагароджаны ордэнам “Чарнобыльскі Крыж: Мужнасць. Гонар. Гуманнасць”. Гэта вышэйшая ўзнагарода Усеўкраінскай грамадскай арганізацыі «Саюз Чарнобыль Украіны».

– Для мяне гадавіна чарнобыльскай трагедыі – гэта боль, – кажа Уладзімір Целяпун. – У 1986 годзе я працаваў на Мазырскім кабельным заводзе, рабочых тады па разнарадцы накіроўвалі ў “зону” для ліквідацыі наступстваў аварыі. Безумоўна, усё гэта адбілася на здароўі. Дарэчы, спачатку кожны год мяне запрашалі на праходжанне медыцынскай камісіі. Калі забываў прайсці яе, то прыязджала “хуткая” і везла на абследаванне. Можна было аздараўлівацца раз на год, давалі дадатковы адпачынак і нейкую кампенсацыю. А з часам усё гэта кудысьці знікла. Пазбавілі многіх ільгот. Ды і медкамісія ўжо стала неабавязковай справай.

А кожны год у дзень чарнобыльскай трагедыі ў Мазыры мы сустракаемся з тымі, хто таксама браў удзел у ліквідацыі чарнобыльскіх наступстваў. І з кожным годам нас усё меней і меней.

Калі ж збіраемся і ўзгадваем трагічныя падзеі 30-гадовай даўніны, то проста ў галаве не ўкладваецца, што сёння краіна зноў вырашыла патрапіць у атамную пастку. Без прымусу, хаця ў 1986 годзе, здаецца, ужо на сваёй шкуры адчулі наступствы “мірнага атама”. І раней партыйныя босы таксама запэўнівалі людзей, што станцыя – самая небяспечная ў свеце. Колькі чалавечых лёсаў было паламана! Колькі ламаецца яшчэ да гэтага часу! Наступствы ідуць следам і праз трыццаць гадоў. А мы будуем новую атамную станцыю…



Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

18 лістапада 2017

Подросток, пропавший в Молодечно, погиб

ПСО "Ангел Северо-Запад" и УВД по Минской области сообщают о гибели 15-летнего подростка, ушедшего из дома 16 ноября в неизвестном направлении.
18 лістапада 2017

«Слабые вузы можно присоединить к более сильным. Но чтобы из этого не получилось укрупнение колхозов»

Эксперты прокомментировали слухи о возможном сокращении количества вузов в Беларуси в два раза и высказались о том, нужно ли нам столько студентов.
18 лістапада 2017

Как прошел визит главы МИД ФРГ в Минск

Глава МИД ФРГ Зигмар Габриэль принял участие в XV Минском форуме, встретился с президентом Лукашенко и своим коллегой Макеем. Обе стороны демонстрировали полное взаимопонимание.