Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

БЛІЦ
6:00 16 снежня 2016
11
Памер шрыфта

У Беларусі зноў загаварылі пра тое, што трэба ўнесці змяненні ў Канстытуцыю. Пры гэтым на розныя лады абмяркоўваецца ідэя падаўжэння паўнамоцтваў прэзідэнта краіны і дэпутатаў.

Нагадаем, першым пра магчымы перагляд Канстытуцыі выказаўся Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да дэпутатаў парламента: “З’явіліся новыя праблемы, выклікі. Ды і час, напэўна, патрабуе чагосьці новага. І пачынаць трэба з галоўнага, калі мы адважымся на гэта. Нам трэба стварыць групу мудрацоў, юрыстаў, якія прааналізуюць Асноўны закон. І, калі трэба будзе, мы на гэта пойдзем”.

Апошні раз Канстытуцыя ў Беларусі мянялася ў 2004 годзе. Тады з яе па выніках рэферэндуму прыбралі абмежаванне ў два тэрміны для прэзідэнта. Цяпер некаму гэтага замала.

“Народная Воля” звярнулася да шэрагу асоб з наступным пытаннем:

А вы згодны з тым, каб павялічыць тэрмін дэпутацкіх паўнамоцтваў да пяці гадоў, а прэзідэнцкіх – да сямі?

Вольга АБРАМАВА, экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў:

– Я не веру, што гэта рэальна. Мне цяжка паверыць у тое, што ва ўлады настолькі адмовілі тармазы, што яна рыхтуе сабе палітычнае самагубства. Мне здаецца, не варта браць да галавы любую дурноту, якую хтосьці агучвае. У Беларусі не тая сітуацыя, каб займацца паўторам эксперыментаў, якія праводзіліся ў значна больш спрыяльныя часы і пры іншых адносінах людзей да ўлады. Дрэнна можа скончыцца.

Антон АСТАПОВІЧ, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры:

Я ўвогуле працягнуў бы тэрмін дзеяння парламента да дзесяці год, а прэзідэнцкі зрабіў пажыццёвым. Жартую, канешне! А калі сур’ёзна, то я да такіх ідэй стаўлюся негатыўна. І шчыра не разумею: няўжо некаторыя людзі яшчэ не нажэрліся ўладай і гатовы перайсці ўсе межы дазволенага і разумнага?

Але саме цікавае будзе, што калі такі рэферэндум адбудзецца, то 95 працэнтаў беларусаў за гэта нібыта прагаласуюць. Відаць, менавіта таму Лідзію Ярмошыну і не адправілі на пенсію, а пакінулі на баявым посце. Бо без яе такія лічбы зрабіць будзе вельмі складана.

Марына ПАЎЛОВІЧэканаміст:

– Я супраць! Жыццё такое кароткае, 10 гадоў – вялікі тэрмін. За гэты час можна паспець рэалізаваць усе свае ідэі. І для дэпутатаў таксама заседжвацца пяць гадоў на адным месцы – зашмат. Яны і самі губляюць прафесійную кваліфікацыю, і на праблемы людзей перастаюць адгукацца.

Яраслаў БЕРНІКОВІЧ, грамадскі актывіст:

– Я па-філасофску да гэтага стаўлюся. У нас прэзідэнт не мяняецца ўжо больш за 20 гадоў. Таму якая розніца, колькі ён будзе кіраваць паводле закона? Калі выбары будуць праходзіць па такой жа сістэме, як цяпер, то, можа, для дзяржавы гэта будзе і добра. Менш выдаткаў на выбары, якіх, па сутнасці, няма. Танней для падаткаплацельшчыкаў.

А калі зменіцца выбарчае заканадаўства і выбары будуць сумленныя і справядлівыя, то, вядома, я супраць падаўжэння тэрмінаў паўнамоцтваў парламента і прэзідэнта. На мой погляд, два тэрміны па чатыры гады для дэпутата – цалкам дастаткова. Для прэзідэнта 10 гадоў – і хопіць! Інакш тыя, хто ў 1994 годзе выбіраў (ці не выбіраў) Лукашэнку, пры іншым прэзідэнце могуць і не пажыць…

Аляксандр БУХВОСТАЎ, старшыня Свабоднага прафсаюза металістаў:

– На мой погляд, няма ніякай неабходнасці ў павелічэнні прэзідэнцкага тэрміну. Гэтак жа сама скажу і пра парламент – ён наогул ніякай ролі ў жыцці беларускага грамадства не іграе, ад меркавання дэпутатаў у нас нічога не залежыць. І ўвогуле, пакуль не будзе дэмакратычных выбараў, гэтыя маніпуляцыі з тэрмінамі нічога не даюць. Аляксандру Лукашэнку, відаць, хочацца ў 2020 годзе зноў пайсці на выбары, але ён разумее, што да гэтага часу сітуацыя ў эканоміцы можа значна пагоршыцца. Вось і шукае выхады… Так што я думаю, што перапісванне Канстытуцыі – проста спроба чарговай палітычнай афёры.

Юрый КІВАК, ваенны пенсіянер:

Я ад палітыкі далёкі, але, мяркую, перапісаць Канстытуцыю хочуць у інтарэсах канкрэтных людзей. І калі такі рэферэндум адбудзецца, у прэзідэнта зноў пачнецца адлік новага тэрміну…

Сяргей ЗАКОННІКАЎ, паэт, лаўрэат Дзяржпрэміі Беларусі:

– Я згаджаюся з тымі, хто гаворыць, што ў сённяшняй Беларусі ўвогуле трэба адмяняць усе выбары. Не трэба траціць народныя грошы. Захацелі дыктатара, выгадавалі яго – цяпер жывіце пры ім да той пары, пакуль ён не памрэ ці пакуль яго не скінуць пры дапамозе дварцовага перавароту. Гэта, канешне, жарт і сарказм. Але я настолькі ўжо адурэў ад глупства, якое творыцца ў нашай краіне, што проста не ведаю, які тут можа быць яшчэ каментарый…

Калі сур’ёзна, дык улада проста блытае сябе з законам. І калі пычынаецца кіраванне пры дапамозе дэкрэтаў, указаў, інструкцый, якіх у нас мільёны, гэта ўсё выліваецца ў тое, што знікае ўсялякі давер і павага да такой улады.  Дый адкуль будзе павага да ўлады, калі ўсе ведаюць, што яна выбіраецца незаконна?..

Аўтар: Марына Коктыш 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Больш за 200 чалавек загінулі падчас тэракту ў Егіпце

Як мінімум 235 вернікаў былі забітыя і 120 атрымалі раненні падчас пятнічнай малітвы ў мячэці Бір аль-Абід, у правінцыі Паўночны Сінай.

Голосуем за Хелену!

Белорусские артисты призывают поддержать представительницу Беларуси на детском «Евровидении» и проголосовать за нее на сайте уже сегодня.

Лукашенко: решение направить главу МИД в Брюссель было принято задолго до саммита

Решение направить в Брюссель главу МИД Владимира Макея было принято задолго до саммита "Восточного партнерства".