Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

7:00 2 чэрвеня 2017
21
Памер шрыфта

Чвэрць стагоддзя – дастатковы перыяд, каб праводзіць аналіз вынікаў незалежнага існавання нашай краіны. Таму лагічнай падаецца ідэя экспертнай ініцыятывы “Мінскі дыялог” правесці Міжнародную канферэнцыю «25 год знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь», якая і адбылася 18–19 мая пры падтрымцы Фонду імя Конрада Адэнаўэра.

У ёй бралі ўдзел эксперты і акрэдытаваныя ў Мінску дыпламаты. Асабліва варта адзначыць вельмі высокі ўзровень афіцыйнага прадстаўніцтва беларускага боку. Дастаткова сказаць, што адкрываў канферэнцыю сённяшні міністр замежных спраў Уладзімір Макей, у ліку асноўных дакладчыкаў былі ягоныя папярэднікі Пётр Краўчанка (1990–1994), Уладзімір Сянько (1994–1997), Іван Антановіч (1997–1998) і Міхаіл Хвастоў (2000–2003), а ў зале прысутнічалі, хоць і не выступалі, Урал Латыпаў (1998–2000) і Сяргей Мартынаў (2003–2012).

Такім чынам, арганізатарам удалося сабраць усіх кіраўнікоў знешнепалітычнага ведамства суверэннай Беларусі. А калі дадаць да іх старшынь адпаведных камісій абедзвюх палат Нацыянальнага сходу, дык на такім фоне спіс іншых удзельнікаў не выглядаў надта ўражальным. У выніку самай значнай асобай сярод замежных дакладчыкаў аказалася кіраўнік дэлегацыі Еўрасаюза ў Беларусі Андрэа Віктарын.

Зразумела, што на мерапрыемстве падобнага кшталту не магло абысціся без зваротаў да гісторыі развіцця сучаснай беларускай знешняй палітыкі, і былыя міністры канцэнтравалі ўвагу найперш на гэтым аспекце.

Нельга адмаўляць, што для выказвання сваёй задаволенасці на гэты конт яны мелі пэўныя падставы, бо з фармальнага пункту гледжання знешнепалітычнае становішча Беларусі насамрэч стварае неблагое ўражанне: дыпламатычныя адносіны ўсталяваны са 177 дзяржавамі, што складае амаль 92 працэнты ад агульнай колькасці сябраў ААН, беларускія дыпламатычныя прадстаўніцтвы маюцца ў 59 краінах, а з улікам амбасадараў па сумяшчальніцтве – у 116. Да таго ж Беларусь уваходзіць у больш як 100 універсальных, рэгіянальных і спецыялізаваных міжнародных арганізацый і заключыла звыш 4 тысяч міжнародных дагавароў.

Аднак гэта далёка не галоўны паказчык – непараўнальна больш істотным фактарам з’яўляецца карысць, якую прыносіць краіне яе дзейнасць на міжнароднай арэне.

Наўрад ці можна спрачацца са сцвярджэннем, што цягам усяго часу суверэннага існавання нашай дзяржавы ідзе дыскусія адносна адказу на пытанне, які накірунак, заходні ці ўсходні, мае быць галоўным.

Улада, сіл у якой непараўнальна больш, са сваім выбарам вызначылася ад самага пачатку. І хоць на самым высокім узроўні пастаянна гучаць заклікі да ажыццяўлення так званай “шматвектарнасці”, “дзікі крэн” на ўсход захоўваецца, што час ад часу вымушаны прызнаваць і сам Аляксандр Лукашэнка.

Таму падаецца мэтазгодным засяродзіць увагу на тым, якое адлюстраванне гэтая праблема знайшла на канферэнцыі. Акрамя таго, пры ўсёй павазе да астатніх удзельнікаў далейшы разгляд будзе тычыцца меркаванняў якраз тых асоб, якія неслі адказнасць як за распрацоўку, так і за практычную рэалізацыю беларускай знешняй палітыкі ў той перыяд, калі Беларусь стала самастойнай краінай і вызначала свій далейшы лёс.

Што тычыцца сённяшняга міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, які выступіў на канферэнцыі з усебаковым дакладам, то яму многае засталося як быццам у спадчыну. Яго папярэднікі, мне падалося, прытрымліваюцца таго падыходу, што ніякія істотныя хібы ў выпрацоўцы палітычнага курсу краіны за прайшоўшы час не былі дапушчаны. Са шматлікімі рэверансамі на адрас першай асобы краіны яны сцвярджалі, што выбар Расіі ў якасці галоўнага знешнепалітычнага партнёра быў зроблены абсалютна заканамерна.

Так, Уладзімір Сянько ў якасці доказу прывёў прыклад, што ў 1996 годзе на сустрэчы ў нейкім працоўным калектыве яму не проста задавалі пытанне, “калі мы ўз’яднаемся з Расіяй?”, а высоўвалі такое патрабаванне. Міхаіл Хвастоў назваў хаўрусніцкія адносіны з Расіяй “апорай незалежнасці і суверэнітэту Беларусі”.

Тым не менш без крытычных заўваг таксама не абышлося. Скажам, той жа Сянько выказаў сумненне ў зацікаўленасці Расіі ў паляпшэнні нашых адносін з краінамі ЕС і Амерыкі, а таксама занепакоенасць тым, што ў адносінах з Масквой абвастрэнні становяцца перыядычнымі і з яе боку незразумела матываванымі. Акрамя таго, ён вызначыў як дзяржаўную задачу неабходнасць скараціць уразлівасць і залежнасць ад Расіі.

А вось Іван Антановіч ніякіх сумненняў на гэты конт, гледзячы па ўсім, ніколі не меў. Ён падвёў пад беларуска-расійскія адносіны глыбокую філасофскую базу: “Сацыяльна-гістарычнае, культурнае і нават маральнае ўзаемапранікненне братэрскіх народаў – беларускага і рускага – уяўляе сабой унікальны факт еўрапейскай цывілізацыі. На фоне гэтага супрацоўніцтва і ўзаемнага імкнення да збліжэння пытанні нацыянальнай самаідэнтыфікацыі не губляюць свайго сэнсу, але яны адыходзяць як бы на другі план”.

Шчыра кажучы, ад доктара філасофскіх навук цяжка было чакаць іншага, асабліва калі прыгадаць, што ў момант атрымання нашай краінай незалежнасці ён займаў у Маскве пасаду сакратара расійскай кампартыі. Больш за тое, нават падчас свайго кіравання беларускай знешняй палітыкай захоўваў грамадзянства суседняй краіны…

Больш-менш адрозную пазіцыю па гэтым пытанні заняў толькі Пётр Краўчанка, які адкрыта заявіў, што вельмі крытычна ставіцца да ідэі саюзнай дзяржавы, бо, на ягоны погляд, яна ёсць мёртванароджанай: “Жыццё пацвярджае, што мы не прасоўваемся ў гэтым накірунку. Рэальнага зместу мы пакуль не бачым”.

З другога боку, і ён прызнаў, што “мы асуджаны быць разам з Расіяй, дзякуючы таварышу Сталіну, які зрабіў з нас зборачны цэх”, а таксама заклікаў Маскву ствараць у Беларусі “народную дыпламатыю”.

Прыкладна такі ж расклад поглядаў меў месца і па іншым накірунку. Першыя тры са згаданых міністраў хто ў большай, хто ў меншай ступені крытыкавалі Захад, тады як у Пятра Краўчанкі праглядалася хутчэй пазітыўнае стаўленне.

У прыватнасці, ён паведаміў, што існавала наяўнасць, няхай тэарэтычная, альтэрнатывы еўразійскай інтэграцыі Беларусі, нагадаўшы, што выкладкі Гарвардскага інстытута эканомікі давалі ёй выдатныя стартавыя шанцы, на ўзроўні Чэхіі. Больш за тое, поводле ягоных слоў, ім была распрацавана стратэгія, якая прадугледжвала магчымасць далучэння да аб’яднанай Еўропы прыкладна ў 2005—2007 гадах.

Міхаіл Хвастоў з асцярожнасцю зазначыў, што пералом у адносінах з ЕС пакуль не наступіў, але выказаў уражанне, што Брусель гатовы ўлічваць нацыянальныя інтарэсы Беларусі.

Больш негатыўны настрой прадэманстраваў Уладзімір Сянько. Ён абвінаваціў Захад у тым, што той па-ранейшаму імкнецца ляпіць нас па сваіх мерках, і ў якасці прыкладу прывёў “навязванне аднаполых сувязяў”. Праўда, калі журналіст Аляксандр Класкоўскі запытаўся, хто канкрэтна высоўвае такія патрабаванні, экс-міністр яўна засмуціўся, і адказ прагучаў вельмі нязграбна: маўляў, гэта “сёння проста перад вачамі ў любой заходняй дзяржавы”.

(Працяг на 2-й стар.)

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Актывісты моладзі БНФ атрымалі штрафы ў 20 і 25 базавых (+пастанова суда)

Заяўнікі акцыі 25 жніўня былі абвінавачаны ў тым, што не падалі пісьмовую адмову ад правядзення масавага мерапрыемства, пасля таго як Мінгарвыканкам забараніў шэсце, прымеркаванае да дня абвяшчэння су

МВД России назвало срок возможной установки постов на границе с Беларусью

Как сообщает РБК, посты на границе Беларуси и России могут появиться на автострадах и железной дороге уже весной 2018 года.

“Дзе грошы на капітальны рамонт нашых дамоў?”

Адказ на гэтае пытанне спрабуе адшукаць намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў.