Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

17:17 13 студзеня 2017
53
Памер шрыфта

Год, які сышоў, быў бязлітасны па колькасці непапраўных страт. Успомнім тых, з кім развіталася Беларусь у 2016-м.

29 сакавіка на 85-м годзе жыцця памёр народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. Яго пахавалі 1 красавіка на Кальварыйскіх могілках побач з жонкай.

 

Ніл Гілевіч пакінуў вялікую паэтычную спадчыну, увайшоў у гісторыю нацыянальнай літаратуры як перакладчык, аўтар кніг па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы. У 2013 годзе выйшла апошняя кніга з яго 23-томнага збору твораў.

Патрыёт, барацьбіт за беларускую нацыянальную ідэю і беларускую мову, Гілевіч у 1990-я гады быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Вітаў прыняцце бел-чырвона-белага сцяга і верыў у свабодную Бацькаўшчыну.

У сакавіку ва ўзросце 64 гадоў у Польшчы памёр беларускі дысідэнт Валерый Сядоў, які напрыканцы 1980-х стаў часткай беларускага адраджэнскага руху, быў актывістам БНФ «Адраджэньне».

Восенню 1990 года на Сядова распачалі крымінальную справу за тое, што ён падчас шматтысячнага антыкамуністычнага мітынгу ў Мінску ўзлез на помнік Леніну перад Домам урада і павесіў на яго целагрэйку зэка ГУЛАГа з крыжам, абкручаным калючым дротам. У зняволенні Сядоў правёў 70 дзён, аб’яўляў галадоўку. У 2011 годзе Валерый Сядоў адбываў 12 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі ў падтрымку палітзняволеных.

9 красавіка не стала моваведа Зміцера Саўкі, які памёр на 51-м годзе жыцця. У Саўкі засталіся жонка і чацвёра дзяцей.

Зміцер Саўка ўдзельнічаў у маладзёжным грамадскім аб’яднанні «Беларуская майстэрня» (1979–1984). Ён аўтар кніг «Беларускія слоўнікі і энцыклапедыі. Бібліяграфія» (у суаўтарстве з Вітаўтам Кіпелем; Нью-Ёрк–Мінск, 2002 год) і «Беларускі класічны правапіс» (у суаўтарстве з Юрыем Бушляковым, Вінцуком Вячоркам, Зміцерам Санько; Вільнюс–Мінск, 2005 год).

Зміцер быў адным з аўтараў праграмы «Моўнік», якая выходзіла на тэлеканале «Белсат». У 2015 годзе разам з моўнай службай «Белсата» і з актыўнай дапамогай валанцёраў стварыў моўны анлайн-сэрвіс «Добрапіс».

Журналіст і музычны крытык Вітаўт Мартыненка памёр 17 красавіка ва ўзросце 56 гадоў.

Мартыненка валодаў энцыклапедычнымі ведамі аб беларускай рок-музыцы і быў адным з самых вядомых яе папулярызатараў. Аўтар музыказнаўчых кніг «Праз рок-прызму» (1989, New York, разам з Анатолем Мяльгуем), «222 альбомы беларускага року і не толькі» (2006, Мінск, разам з А.Мяльгуем), «Rock on-line» (2010, Мінск). Шмат гадоў Вітаўт Мартыненка змагаўся з цукровым дыябетам.

На пачатку чэрвеня ў Мінску развіталіся з вядомым эканамістам, былым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, намеснікам міністра эканомікі Андрэем Турам, які сканаў 31 мая на 63-м годзе жыцця.

«Пайшоў з жыцця вельмі відны, вельмі моцны, мабільны прафесіянал,   якому заўсёды можна было даверыцца. І мы ведалі, што, калі цяжка, калі рашэнняў не бачна, калі даручыць вырашыць гэту праблему Андрэю Мікалаевічу Туру, дык ён рашэнне знойдзе. Так атрымлівалася па жыцці, што, калі трэба было праводзіць складаныя сустрэчы, перамовы, калі патрабаваўся высокі інтэлектуальны патэнцыял, Андрэй Мікалаевіч заўсёды быў на перадавой», – сказаў пра Тура прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў.

26 чэрвеня на 82-м годзе жыцця памёр народны артыст Беларусі, кампазітар Сяргей Картэс – зорка беларускай музыкі.

Сяргей Картэс першыя 20 год жыцця правёў у Аргенціне. У 1947 годзе яго сям’я падала прашэнне аб атрыманні савецкага грамадзянства і ў 1955 годзе пераехала ў СССР. Мінск быў горадам, які ім прызначылі месцам пражывання.

Сяргей Картэс стаў аўтарам музыкі да розных спектакляў, якія ішлі ў Купалаўскім, Рускім, Маладзёжным тэатрах, а таксама ў Тэатры юнага гледача і Коласаўскім тэатры ў Віцебску. Ён аўтар музыкі шмат да якіх кінафільмаў, у ліку якіх, напрыклад, «Чорны замак Альшанскі» і «Вазьму твой боль».

Кампазітар напісаў пяць опер – «Джардана Бруна», «Матухна Кураж», «Візіт дамы», а таксама аднаактовыя «Юбілей» і «Мядзведзь» паводле твораў Антона Чэхава.

З 1991 года Сяргей Картэс быў дырэктарам Дзяржаўнага тэатра оперы і балета, мастацкім кіраўніком оперы, з 1996-га па 2002 год кіраваў Нацыянальным тэатрам оперы.

26 чэрвеня не стала і народнага артыста СССР Расціслава Янкоўскага.

За сваю акцёрскую кар’еру Янкоўскі сыграў больш за 160 вядучых роляў у тэатры і больш за 50 – у кіно. Адна з яго апошніх значных роляў – галоўны герой у спектаклі «Пане Коханку».

У 1978 годзе быў узнагароджаны званнем народнага артыста СССР. Таксама Янкоўскі быў заслужаным артыстам Беларускай ССР. Адзначаны шматлікімі дзяржаўнымі ўзнагародамі, сярод якіх ордэн Францыска Скарыны і ордэн Айчыны III и II ступеняў.

Пісьменнік Іван Пташнікаў сканаў 28 ліпеня на 84-м годзе жыцця.

Ён належаў да старэйшага пакалення беларускіх пісьменнікаў і ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры як прадстаўнік «вясковай прозы». Ён аўтар зборнікаў аповесцяў і апавяданняў «Зерне падае не на камень» і «Сцяпан Жыхар са Сцешыц», аповесцяў «Лонва» «Тартак», «Найдорф», раманаў «Чакай у далёкіх Грынях», «Мсціжы», «Алімпіяда».

20 ліпеня беларускую грамадскасць узрушыла трагічная смерць 44-гадовага журналіста Паўла Шарамета.

Ён быў забіты ў цэнтры Кіева: у машыне, якой ён кіраваў, спрацавала выбуховае прыстасаванне. Зорка беларускай журналістыкі 1990-х. Разам са Святланай Калінкінай напісаў кнігу “Случайный президент”. Сядзеў у турме, як і аператар Дзмітрый Завадскій, быццам за парушэнне падчас падрыхтоўкі тэлесюжэта дзяржаўнай мяжы. Павел Шарамет доўга працаваў на расійскім Першым канале, а апошнія пяць гадоў жыў у Кіеве, працаваў ва «Украінскай праўдзе», быў вядучым на радыё «Вести».

20 кастрычніка ў Мінску развіталіся з вучоным, грамадскім і палітычным дзеячам, актывістам апазіцыі 78-гадовым Юрыем Хадыкам, які пайшоў з жыцця 11 верасня ў ЗША.

Урну з прахам Хадыкі прывёз на радзіму яго малодшы сын Канстанцін. На саракавы дзень пасля смерці прах Юрыя Хадыкі быў пахаваны на Чыжоўскіх могілках побач з магілай жонкі.

«Як фізік ён быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй, ён адкрыў цэлы кантынент старабеларускага мастацтва, ён стаў адным з яскравейшых беларускіх палітычных лідараў, з яго імем звязана будаўніцтва нашых шырокіх кааліцый, якія ў нулявыя гады рэальна затармазілі наступленне таталітарызму і наступленне на незалежнасць. Усё гэта дазваляе гаварыць, што Юрый Хадыка з’яўляецца адной з самых значных постацяў нашага адраджэння», – казаў пра Хадыку мовазнаўца, грамадскі і палітычны дзеяч Вінцук Вячорка.

24 верасня пайшоў з жыцця заснавальнік і галоўны рэдактар «Авторадио» Юрый Базан. Яму было 53 гады. Гэты чалавек, па сутнасці, стаяў ля вытокаў прыватнага радыёвяшчання Беларусі.

«Авторадио» пачало вяшчанне ў 1992 годзе, актыўна круціла ў эфіры беларускую музыку, у тым ліку NRM, «Крамбамбулю», «Ляпіса Трубяцкога», Neuro Dubel, «Краму» и іншых, хто трапіў у «чорныя спісы».

«Авторадио» закрылі ў 2011 годзе нібыта за распаўсюджванне інфармацыі, якая «ўтрымлівала публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці». На самай справе так улады адрэагавалі на агітацыйныя ролікі кандыдата ў прэзідэнты 2010 года Андрэя Саннікава, якія круціліся ў эфіры і ў якіх ён гаварыў, што «лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы».

4 кастрычніка ў Слоніме ва ўзросце 63 гадоў памёр вядомы ўрач і грамадскі дзеяч Іван Шэга.

Ён не толькі лячыў, але і актыўна займаўся палітыкай: быў сярод заснавальнікаў Слонімскай арганізацыі БНФ, з’яўляўся членам сойма Партыі БНФ, балатаваўся на парламенцкіх выбарах.

У 2013 годзе пасля выхаду на пенсію доктару не працягнулі працоўны кантракт. Як лічыў Шэга, з палітычных прычын. А слонімцы збіралі подпісы за яго вяртанне да ўрачэбнай работы. Доктар стварыў недзяржаўную ўстанову «Шэгамедкансульт», каб працягваць дапамагаць хворым.

Аказанне платных паслуг насельніцтву ў дзяржаўных медустановах Іван Шэга называў маразмам: «У нас гарантыя бясплатнай меддапамогі прапісана ў Канстытуцыі. Урач за грошы праводзіць дыягностыку на апараце, які купілі за бюджэтныя сродкі, у памяшканні дзяржаўнай уласнасці. Фактычна робіць працэдуру, ужо аплачаную пацыентам праз падаткі. Гаворка ідзе пра двайную аплату з боку пацыента. І яшчэ: чаму запіс на бясплатнае ультрагукавое даследаванне – на месяц наперад, а платнае можна зрабіць хоць заўтра? Гэта азначае, што можна арганізаваць працу так, каб людзі столькі не чакалі».

17 кастрычніка памерла Святлана МулявінаПенкіна – савецкая актрыса, удава заснавальніка легендарнага ансамбля «Песняры» Уладзіміра Мулявіна.

Святлана Пенкіна стала вядомай пасля здымак у савецкім шматсерыйным фільме «Хаджэнне па пакутах». У 1981 годзе знялася ў папулярным да гэтага часу фільме «Беражыце жанчын».

Пасля смерці Уладзіміра Мулявіна ў 2003 годзе ў Белдзяржфілармоніі быў створаны музей заснавальніка «Песняроў», дырэктарам якога працавала Святлана Мулявіна-Пенкіна.

1 снежня памёр вядомы краязнаўца і педагог Алесь Белакоз. Яму было 88 гадоў.

Яшчэ ў савецкія часы Белакоз стварыў у Мастоўскім раёне ўнікальны Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-гістарычны музей. Значную частку свайго жыцця Белакоз працаваў у Гудзевічах настаўнікам беларускай мовы і літаратуры.

Алесь Белакоз – заслужаны настаўнік Беларусі, заслужаны дзеяч культуры, адзін з першых, хто быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, лаўрэат прэміі «За свабоду думкі». Падчас уручэння прэміі ў 2012 годзе Аляксандр Мілінкевіч назваў Белакоза «хросным бацькам Адраджэння на Гродзеншчыне». Сам жа лаўрэат сціпла называў сябе «звычайным настаўнікам, што рабіў справу, якую быў абавязаны рабіць».

9 снежня ва ўзросце 70 гадоў пайшоў з жыцця Якаў Радына – матэматык, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які выкладаў дакладную навуку на беларускай мове.

Радына быў навуковым рэдактарам першага ў Беларусі «Руска-беларускага матэматычнага слоўніка» (1993), суаўтарам і навуковым кансультантам першай у Беларусі «Матэматычнай энцыклапедыі» (2001), аўтарам беларуска-польскага і польска-беларускага матэматычных слоўнікаў.

Ён аўтар каля 150 навуковых прац, у тым ліку 10 манаграфій і вучэбных дапаможнікаў.

На пачатку 1990-х Радыну прапаноўвалі на пасаду міністра адукацыі, але яго кандыдатуру не падтрымаў Вячаслаў Кебіч.

17 снежня не стала Леаніда Маракова – пісьменніка, гісторыка, энцыклапедыста, даследчыка сталінскіх рэпрэсій у Беларусі.

Леанід Маракоў нарадзіўся ў Мінску ў 1958 годзе. Скончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут. Працаваў інжынерам-наладчыкам на заводзе ЭВМ, у АН БССР. На пачатку 1990-х гадоў змяніў род заняткаў, імпартаваў бытавую і прафесійную радыёэлектроніку, быў паспяховым бізнесменам.

У сярэдзіне 1990-х гадоў рэзка змяніў від дзейнасці, звярнуўшыся да пошукаў сведчанняў пра свайго расстралянага бальшавікамі дзядзьку, вучня народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, паэта Валерыя Маракова. Даследаванне біяграфіі паэта, а таксама іншых рэпрэсаваных сваякоў перайшло ў даследаванне гісторыі ўсіх дзеячаў культуры і грамадства, хто пацярпеў у гады кіравання Сталіна.

Маракоў – аўтар унікальнага энцыклапедычнага даведніка ў 10 тамах «Рэпрэсаваныя літаратары, вучоныя, работнікі адукацыі, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі». У гэтай працы выкладзены біяграфіі больш як 20 тысяч расстраляных ці загінуўшых у сталінскіх канцлагерах прадстаўнікоў беларускай грамадскасці.

«Магу зрабіць выснову аб тым, што падчас рэпрэсій выразалі мозг нацыі. Інтэлектуальны генафонд Беларусі быў рэзка пагоршаны. Ім патрэбны толькі рабы, якія выконваюць указы»,гаварыў Маракоў у 2010 годзе.

(naviny.by)

Аўтар: Алена СПАСЮК 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Пад Гродна ўсталявалі помнік у гонар паўстанцаў 1863 года

У Зарубіцкім лесе, які знаходзіцца пры дарозе з Гродна ў Індуру, усталявалі помнік у гонар паўстанцаў 1863 года. Згодна з задумкай Іосіфа Сідаркевіча, майстра лесу ў Індурскім лясніцтве, які і выканаў

Регионы озвучили ставки единого налога за деятельность, под которую не нужно открывать ИП

Напомним, что в Беларуси расширили список видов деятельности, для занятия которыми физлицам не нужно регистрироваться в качестве индивидуальных предпринимателей. Изменения приняты президентским указом

Нацбанк не планирует разрешать расчеты в криптовалютах

Вопрос разрешения расчетов в криптовалютах в Беларуси не рассматривается, заявил председатель правления Нацбанка Павел Каллаур 18 октября на открытии международного форума по банковским информационным