Двум галоўным беларускім тэатрам не пазайздросціш – занадта блізка да ўлады яны знаходзяцца. І Купалаўскі, і Тэатр юнага гледача – суседзі Адміністрацыі прэзідэнта, толькі вуліцу перайсці. А гэта значыць, што ўжо праз адно сваё месцазнаходжанне яны – у зоне павышанай увагі. Чыёй – пытанне іншае. Прынамсі, фасады гэтым тэатрам падмалёўваюць часцей за іншыя. А апошнім часам улада ўзялася не толькі за фасады. Разагнанаму ў 2020-м Купалаўскаму тэатру, нягледзячы на шматлікія кастынгі, так і не ўдалося набраць паўнавартасную новую трупу. Фактычна тэатр знішчаны – за апошнія два гады там не адбылося ніводнай гучнай прэм’еры, ніводнага бенефіса.

Незайздросная доля, як выглядае, чакае і ТэЮГ пад кіраўніцтвам новапрызначанай дырэктаркі Веры Паляковай. Мяркуючы па яе інтэрв’ю, тэатр з амаль сямідзесяцігадовай гісторыяй чакаюць вялікія змены. Змяніцца павінна ўсё – ад тэатральнага буфета да рэпертуару. Беларуская мова, якой традыцыйна трымаўся ТэЮГ, ставячы спектаклі па-беларуску, Палякову таксама не задавальняе. Настолькі не задавальняе, што спектакль па матывах знакамітай аповесці Васіля Быкава «Альпійская балада» быў пастаўлены не на мове арыгінала, а ў перакладзе на рускую. Навошта Быкаў у Беларусі па-руску? Не ў Пензе, не ў Кастраме ці Омску – у мінскім Тэатры юнага гледача! Гэта як пасмяротная аплявуха сапраўды Народнаму беларускаму пісьменніку, здзек з яго памяці. Быў бы ён жывы, я ўпэўнены, не дазволіў бы, каб яго Іван і Джулія звярталіся да беларускіх дзетак са сцэны па-руску.

Дарэчы, «Альпійскую баладу» ставяць у многіх расійскіх тэатрах. Напрыклад, у тым жа Омску. Зазірнуў я ў іхнюю афішу, а там напісана: «Альпийская баллада» – романтическая история о том, как русский Иван убегает из немецкого плена и встречает в горах итальянскую девушку». На тым жа сайце – рэцэнзія на спектакль, дзе патлумачана, як мясцовы рэжысёр «с большим вкусом и тактом убрал из текста все социальные и политические моменты». Вось так – прыбралі «моменты», і на сцэну выйшаў высакародны рускі Іван, які цаной свайго жыцця ратуе італьянку Джулію…

Так адбываецца ў далёкім Омскім тэатры, дзе, відаць, лічаць, што «мёртвым не баліць». Але чаму Быкава русіфікуюць у тэатры беларускім?

У той жа час новая кіраўніца не збіраецца адмаўляцца і ад беларускай класікі.

О, бедныя нашы класікі, чые творы заезджыя сцэнарысты хуценька перакладуць, прыбраўшы непатрэбныя ім «моменты». Як гэта ў іх называецца – «перепёр на язык родных осин»? А мастацкі тэкст «перепереть» не так проста, ён заўсёды ўтрымлівае безліч нюансаў, пераўтварыць якія на другой мове бывае надзвычай складана. З-за чаго той жа Быкаў часта бракаваў маскоўскія пераклады. Пра тыя пераклады анекдоты складаліся. Як фразу «ў канюшыне стракаталі конікі» адзін «знаўца» беларускай мовы пераклаў (дакладней – перепёр): «в конюшне ржали лошадки». І гэткіх «лошадок» цэлыя табуны збіраліся.

А і праўда, як па-руску перадаць, напрыклад, размову беларусаў у парыльні з апавядання Максіма Гарэцкага «У лазні»? Парацца яны, хвошчуцца венікамі, а потым адзін з іх просіць: «Аджалейце там паўчахірачкі». Ды ніводзін слоўнік, ніякія гуглы не дапамогуць! А класікі літаратурнай без падобнага нацыянальнага каларыту проста не бывае.

Ставіць беларускую класіку па-руску, як тое пачала рабіць у ТэЮГу Вера Палякова, значыць частаваць айчыннага гледача эрзацам без водару і смаку. З такой рэпертуарнай палітыкай беларускія тэатры хутка ператворацца ў дадатковыя фарпосты ваяўнічага «русского мира», якіх і так у Беларусі – хоць гаць гаці і па галовах хадзі.

Зрэшты, Палякова не хавае, што арыентуецца яна найперш на Расію і менавіта перад расійскімі аўтарамі і рэжысёрамі збіраецца запаліць зялёнае святло ў давераным ёй тэатры. Дарэчы, згаданую «Альпійскую баладу» паставіла маскоўская рэжысёрка Таццяна Самбук, яна ж неўзабаве збіраецца паставіць у нас «Яўгенія Анегіна» (вядома ж, па-руску, хоць існуе выдатны пераклад Аркадзя Куляшова). Чакаецца з Масквы і рэжысёр Аляксандр Баркар. Такое супрацоўніцтва, на думку Веры Паляковай, адкрые перад ТэЮГам нябачаныя дагэтуль перспектывы – ад сумеснага фінансавання да гастроляў у Расіі. І ўжо Пскоў і Вялікія Лукі нібыта чакаюць не дачакаюцца, сам віцэ-губернатар Санкт-Пецярбурга зацікавіўся дзіцячым тэатрам з Беларусі.

Вялікія Лукі, можа, і чакаюць, але беларускія падаткаплацельшчыкі ўтрымліваюць ТэЮГ зусім не для гастроляў па Пскоўшчыне. Дзяржаўны беларускі тэатр павінен працаваць найперш на ўмацаванне беларускай дзяржаўнасці, выхоўваць у душах юных гледачоў беларускі патрыятызм. Чым ён яго збіраецца выхоўваць? «Русским Иваном, бежавшим из плена»? Пушкінскім «Яўгеніем Анегіным»? «Мухай-цакатухай», якая таксама прысутнічае ў рэпертуары ТэЮГа і з якой Вера Палякова марыць паехаць на гастролі ў Македонію?

А беларускія па мове і духу творы пачалі паціху знікаць са сцэны тэатра. Так ужо не значыцца ў афішы спектакль «Калі прачнецца Бог» паводле  «Споведзі» Ларысы Геніюш, які быў пастаўлены пры папярэдніку Паляковай Уладзіміры Савіцкім, з якім Мінкультуры не працягнула кантракт. Затое з заезджымі рэжысёрамі дамовы падпісваюцца без праблем. А рэжысёры тыя (з дапамогай таго ж сумеснага фінансавання) і драматургаў сваіх падцягнуць. Зноў жа з лёгкай рукі Веры Паляковай, якая не зміргнуўшы вокам заяўляе: не бачу таленавітых беларускіх аўтараў, не знайшла, на жаль. Маўляў, і драматургаў з Расіі трэба запрасіць. І ператворыцца тады слаўны калісь Тэатр юнага гледача ў пскоўскі ці омскі філіял. А раней ТэЮГ і рэжысёраў айчынных знаходзіў, і драматургаў. Бо яны, бясспрэчна, ёсць, кепска Палякова шукала. А што да заезджых адмыслоўцаў… Нездарма ў народзе кажуць: слаўны бубны за гарамі, а як прыйдуць – роўны з намі.

Шкада, што Вера Палякова ўсяго гэтага не разумее. Не разумее, што нельга так абыходзіцца з Васілём Быкавым. Што нельга знішчаць адзін з нямногіх беларускамоўных тэатраў. Што ТэЮГ пад яе кіраўніцтвам стане безаблічным і бяздушным, бо нацыянальная драматургія на беларускай мове – гэта і ёсць аблічча і душа тэатра.

Перафарматаваны такім чынам тэатр стане для многіх вялікім расчараваннем. Бо надзея ўсё ж да апошняга тулілася ў тэатральным закуліссі. Шмат хто і дагэтуль памятае, як Вера і Уладзімір Макеі (знаная міністэрска-тэатральная сям’я) ладзілі вялікасвецкія прыёмы, чытаючы Янку Купалу і апрануўшы беларускія вышыванкі. Цікава, сёння яны тыя вышыванкі выкінулі ці проста падалей схавалі?

Антон ЗАГОРСКІ.

Публікацыя з № 50 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»