
Нагадаем: палітзняволены журналіст Ігар Лосік быў асуджаны на 15 гадоў зняволення ў снежні мінулага года.
Яго абвінавацілі ў «арганізацыі масавых беспарадкаў», а таксама ў «распальванні сацыяльнай варожасці да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненых групай асоб».
Пакуль не адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі, Ігар Лосік знаходзіўся ў СІЗА Гомеля, але вышэйшая інстанцыя пакінула папярэдні прысуд у сіле, а журналіста перавялі з Гомеля ў іншае месца.
– Да гэтага я спрабавала даведацца, у якую калонію перавядуць Ігара, праз перапіску з упраўленнем Дэпартамента выканання пакаранняў па Мінску, – кажа жонка журналіста Дар’я Лосік. – Спачатку мне паведамлялі, што не валодаюць такой інфармацыя, пакуль не адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі. Але нічога не сказалі і пасля апеляцыі.
На гэтым тыдні прыехала ў Гомель, каб забраць у СІЗА рэчы мужа, але яго там ужо не аказалася. Пасля гэтага асабіста наведалася ва ўпраўленне Дэпартамента выканання пакаранняў па Гомельскай вобласці, там дакладна павінны былі ведаць, у якую калонію накіраваны Ігар. Але размовы не атрымалася. Ім не спадабаўся мой тон, а мне не спадабаліся іх адказы.
Пасля гэтага Дар’я Лосік вырашыла сама шукаць мужа па ўсёй Беларусі.
– Пачынаючы з мінулага аўторка пачала тэлефанаваць ва ўсе калоніі, – распавядае наша суразмоўца. – Таксама патэлефанавала ў сталічны СІЗА на Валадарскага і ў Жодзінскі ізалятар – думала, што муж мог і там знаходзіцца.
У выніку ў Наваполацкай калоніі мне пацвердзілі, што Ігар у іх. Пакуль, відаць, будзе ў каранціне, але 24 чэрвеня я асабіста наведаюся ў гэтую калонію, каб высветліць усе дэталі.
Сяргей ЗАБЛОЦКІ.
Публікацыя з № 50 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.
Поделиться ссылкой:
Падтрымаць «Народную Волю»
Добавляйте издание «Народная Воля» в избранное на Яндекс-Новости!