Изображение носит иллюстративный характер

Чэхія не будзе выдаваць візы і ВНЖ беларусам да канца сакавіка 2023 года.

«Гэты крок закліканы абараніць знешнепалітычныя інтарэсы Чэхіі ў сувязі з узброеным канфліктам ва Украіне. Мэта прынятага рашэння – аказаць ціск на Расію і Беларусь, каб яны спынілі агрэсію і забяспечылі бяспеку Чэхіі», – тлумачаць чэшкія ўлады.

Выключэнні зробяць для паездак з гуманітарнай мэтай. Таксама рашэнне не распаўсюджваецца на тых, хто ўжо мае від на жыхарства – яго можна будзе працягваць. А вось новыя заяўкі на атрыманне ВНЖ разглядацца не будуць.

Можна атрымаць візу, калі заяўнік з’яўляецца членам сям’і грамадзяніна Чэхіі або грамадзяніна Еўрапейскага Саюза.

Паводле звестак Міністэрства статыстыкі Чэхіі, сёння ў краіне легальна пражываюць 8 тысяч грамадзян Беларусі.

Нагадаем, што пасля пачатку вайны ва Украіне ўрад Чэхіі спыніў выдачу віз беларусам, за выключэннем выпадкаў гуманітарнага характару. Падчас нядаўняга візіту ў Прагу Святлана Ціханоўская гучна заявіла, што нібыта дабілася выключэння Беларусі з гэтага законапраекта, а кіраўнік МЗС Чэхіі сказаў, што, маўляў, пасольства ў Мінску хутка зноў будзе выдаваць беларусам візы. Аднак беларусы ўсё ж засталіся практычна без віз.

Увогуле, сёння атрымаць звычайную шэнгенскую візу беларусам праблематычна не толькі праз амбасаду Чэхіі. Запісацца на падачу дакументаў у тыя амбасады, што выдаюць шэнген, даволі складана. Можна сказать, амаль немагчыма. На сайтах пасольстваў вольныя месцы на падачу дакументаў рэгулярна з’яўляюцца, але ж і знікаюць яны з касмічнай хуткасцю. Толькі пачынаеш запаўняць неабходныя палі анкеты, як сістэма імгненна выдае памылку – і месца ўжо няма. Пры такім раскладзе шанцы атрымаць час на наведванне амбасады ёсць толькі ў ботаў. Пры гэтым, відаць, проста квітнее бізнес турыстычных фірм, якія прапануюць падрыхтаваць неабходны пакет дакументаў і гарантуюць атрыманне візы. Хаця, напрыклад, на сайце амбасады Грэцыі адразу папярэджваюць, што пасрэднікі нічога не могуць гарантаваць: «Няма неабходнасці падаваць заяву на візу праз пасрэдніка. Выкарыстанне пасрэднікаў не прыводзіць да прэферэнцыйнага рэжыму, толькі консульства нясе адказнасць за прыняцце рашэння па вашай візе. Аплачваюцца толькі візавы збор і сэрвісны збор».

Цікава, што ў амбасадах ведаюць пра існуючыя праблемы, але дыпламаты проста разводзяць рукамі: маўляў, што вы хочаце, сітуацыя такая, якая ёсць.

Беларусы, якія засталіся ў краіне і па розных прычынах маюць патрэбу выехаць за яе межы, з гэтай нагоды ўжо не першы месяц абураюцца на розных форумах у інтэрнэце: маўляў, куды бегчы, калі раптам тэрмінова трэба пакінуць краіну? Можа, проста сігаць праз плот амбасады, як гэта зрабілі Кузнечыкі?

Даша ПАЎЛОЎСКАЯ.

Публікацыя з № 50 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»