Калі памятаеце, увосень 2020 я пісаў, што не падзяляю аптымістычны прыгноз кшталту “Лукашэнку засталося год-паўтара”. Сёньня я раіў бы тым, хто зьехаў і плануе жыцьцё ў эміграцыі (альбо хоча зьехаць) – разьлічваць, пры аптымістычным рэальным варыянце, на 8-10 гадоў, — піша экс-дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Навумчык. — З гэтых лічбаў раю сыходзіць, калі вы ўладкоўваецеся на працу ці хочаце зьмяніць прафэсію, калі выбіраеце школу для дзяцей, калі вырашаеце лёс нерухомасьці, што засталася на радзіме.

Магу толькі сказаць, што гэта невялікі тэрмін: у маім выпадку – менш чым палова ўласнай эміграцыі і толькі траціна часу, які быў пакладзены на супрацьстаяньне рэжыму, калі адлічваць ад 1994 году. Яшчэ адна асаблівасьць: час ад 40 да 60 пралятае як адзін дзень. З 20 да 40 жыцьцё ішло значна павольней, хаця ў маім выпадку яно было вельмі насычаным: так, палітычную парляменцкую кар’еру я скончыў у 34 гады. Ня ведаю, чым патлумачыць такую розьніцу.

Але становішча ў Беларусі можа быць кепскім і значна больш, чым дзесяць гадоў. Для сябе я вызначыў, што Беларусь я ўжо не пабачу ніколі. З гэтага і сыходжу. (Калісьці Пазьняк папракаў мяне, што я пераняў у Быкава ягоны бязьмерны песымізм — гэта праўда, і ў гэтым сэнсе прыклад вялікага чалавека выкарыстоўваю як самаапраўданьне).

Канешне, кажу пра разьвіцьцё сітуацыі бяз “цудаў”, але ў маім ўзросьце ў цуды ня надта верыцца. Яшчэ менш хочацца абнадзейваць – і сябе, і іншых. Прабачце.

Ад рэдакцыі:  арфаграфія аўтара захавана.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»