З нагоды рашэння пра выключэнне твораў Васіля Быкава з украінскай школьнай праграмы Уладзімір Някляеў напісаў адкрыты ліст міністру адукацыі і навукі Украіны Сяргею Шкарлету.

«Міністэрства адукацыі і навукі Ўкраіны скрэсліла са спісу школьнай праграмы па літаратуры «Альпійскую баладу» Васіля Быкава. Фармулёўка: «Масове вторгнення збройних сил російської федерації в Україну».

Беларускі пісьменнік Васіль Быкаў уварваўся ва Ўкраіну ў складзе расійскага войска?..

Падчас Другой сусветнай вайны Васіль Быкаў ваяваў ва Ўкраіне супраць нямецкага фашызму. Ён нават быў пахаваны ва ўкраінскай зямлі ў братняй магіле. На Кіраваградчыне пад вёскай Вялікая Севярынка.

Цікава, што ў сваёй пастанове пра выдаленне «Альпійскай балады» са школьнай праграмы чыноўнікі міністэрства называюць змест гэтай сусветна вядомай аповесці Быкава гуманістычным: «Протиставлення сили дружби й кохання світу насильства — гуманістичний зміст повісті». Дык а сёння Ўкраіна хіба не свету насілля супрацьстаіць? І ў гэтым супрацьстаянні людзі гэткага мужнага лёсу, пісьменнікі такога таленту, як Васіль Быкаў, — нашы паплечнікі. З імі мы мацней. Як з Янкам Купалам і Тарасам Шаўчэнкам.

Васіль Быкаў — найвыбітная асоба не толькі ў сучаснай беларускай літаратуры, але і ў нашым сённяшнім жыцці. Ён пісьменнік, які ў сваёй творчасці заўсёды адстойваў праўду. Ён змагаўся за нашу мову, за нацыянальную культуру і гісторыю. За тое, каб Беларусь была Беларуссю, як і Ўкраіна — Украінай. Таму спадзяюся, што чыноўнікі, якія ў запале абыйшліся з ім, з памяццю пра яго, мякка кажучы, непаважліва, выправяць памылку. Такія постаці, як Васіль Быкаў, не мусяць забывацца новымі пакаленнямі, сыходзіць з шэрагу барацьбітоў за нашу будучыню».

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»