Надзея Мялешка

Жонка былога хакеіста зборнай Беларусі Дзмітрыя Мялешкі арганізавала дабрачынны фонд для людзей, хворых на рак.

На пачатку 2020 года Надзея Мялешка распавяла, што ўрачы знайшлі ў яе рак грудзей.

«30 снежня 2019 года я намацала ўшчыльненне ў грудзях, паведаміла яна ў «Інстаграме». Панікаваць не стала, бо за тры месяцы да таго была на абследаванні і ўсё было добра. Але зноў пабегла правярацца.

8 студзеня я даведалася, што ў мяне рак грудзей. Трэцяя стадыя. Чаму раней гэта не выявілі? Таму што гэты від пухліны хутка развіваецца і мае агрэсіўны характар. Ён паспеў пракрасціся ў лімфавузлы».

Пасля гэтага Надзея стала паведамляць падпісчыкам яе старонкі ў «Інстаграме» навіны пра свой стан і лячэнне. У Германіі ёй зрабілі аперацыю, туды адправілася ўся сям’я.

«Мне выдалілі абедзве малочныя залозы, прыбралі 26 лімфавузлоў і ўстанавілі імплантаты, – распавядала яна. Калі мы з’язджалі ў Германію на лячэнне, не ведалі, колькі гэта зойме часу. Таму дзяцей вырашылі ўзяць з сабой. Душа на месцы, калі яны побач.

Пасля апраменьвання не абышлося без пабочных з’яў. У мяне абпалена скура, з’яўляюцца пухіры ў вобласці апраменьвання, мне балюча глытаць. За спінай – 8 месяцаў бесперапыннага цяжкага лячэння. 16 «хімій». 15 магутных апраменьванняў. Літры слёз за кадрам. Гігабайты страху, такога жывёльнага, за сваё жыццё.

Увесь гэты час я старалася ставіцца да раку як, скажам, да прастуды: трэба – лечым. Я не дапускала ў галаве думак, што наогул гэта гісторыя пра тое, што ці ты яго, ці ён цябе…

Я зноў усміхаюся простым рэчам: цёпламу сонцу, празрыстаму паветру, магчымасці любіць і марыць. Я апрану прыгожую сукенку, таму што я цудоўная і я – жывая!»

Затым хвароба перайшла ў стадыю рэмісіі, але праз нейкі час Надзея паведаміла, што анкалогія вярнулася – урачы знайшлі ў яе 28 метастазаў у печані і адзін у лімфавузле.

Зараз Надзея Мялешка не толькі працягвае змагацца з хваробай, але і стварыла дабрачынны фонд для людзей, хворых на рак.

«Гэты дзень на самай справе надышоў, – паведаміла яна. – Я доўга і старанна ішла да гэтага, адпраўляла мары і малітвы ў неба.

І вось зараз распачаў работу дабрачынны праект – «Фонд Надзеі».

Я ведаю, што пачуць дыягназ «рак» – гэта вельмі страшна, я была на гэтым месцы і працягваю сваю барацьбу да гэтага часу. Страшна, але я іду наперад і веру, што ўсё будзе добра.

Памятаю, калі доктар ўпершыню сказаў, што са мной, я білася ў істэрыцы, плакала, была не ў стане нешта вырашаць і шукаць. Дзіма ўзяў усё на сябе, і ой як няпроста яму даводзілася!

Сапраўдны дэфіцыт пісьменнай інфармацыі, супярэчлівыя меркаванні, поўная разгубленасць і страх. Я ўсё гэта ведаю…

Ужо сёння вы можаце звярнуцца ў фонд за інфармацыйнай падтрымкай: пачуць меркаванні еўрапейскіх урачоў, атрымаць інфармацыю пра харчаванне падчас хваробы і парады псіхолага, даведацца пра найноўшыя адкрыцці ў вобласці анкалогіі і пра тое, як падтрымліваць сябе і блізкіх, якія сутыкнуліся з дыягназам.

Безумоўна, фонд будзе дапамагаць аплачваць рахункі за лячэнне і дзеткам, і дарослым з дыягназам «рак», як толькі я закончу афармленне дакументаў, якія дадуць дазвол гэта рабіць. Мы ідзём да гэтага моманту ўпартымі крокамі і хутка абавязкова пачнём.

Я не хачу больш нічога адкладваць! Так, можна было сядзець і чакаць афармлення ўсіх дакументаў, але я вырашыла запусціць фонд пакуль у такім фармаце, таму што ўпэўнена: чым больш людзей даведаецца пра праблему, атрымае падтрымку, тым больш мы зможам выратаваць. Я хачу і магу дапамагаць! І буду гэта рабіць. Мой буйны блог – мне ў дапамогу.

Падпісвайцеся на старонку майго фонду: @fond.nadezhdy. Там будзе шмат карыснага. І спікеры, і прамыя эфіры з урачамі з Германіі і Ізраіля, і натхняльныя гісторыі людзей, якія перамаглі рак.

Дзякуй, што вы падзяляеце са мной гэты шчаслівы момант! Спадзяюся, гэты дзень зменіць не толькі маё жыццё, але і жыццё тысяч людзей».

Публікацыя з № 49 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»