Ніл Гілевіч. Фота: БелТА

(Працяг. Пачатак у №№77–84, 86–100 за 2021 год, №№1–48.)

Ніл Сымонавіч Гілевіч (30 верасня 1931 г. – 29 сакавіка 2016 г.)

Ніл Гілевіч – паэт, перакладчык, драматург, літаратуразнаўца, фалькларыст, народны паэт Беларусі (1991).

Н.Гілевіч нарадзіўся у вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці. У 1956 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Друкавацца пачаў з 1946 года. Шмат гадоў жыцця аддаў выкладчыцкай працы, займаючы пасаду прафесара кафедры беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Заўсёды быў актыўны ў творчай дзейнасці: 35 зборнікаў паэзіі, больш за паўтара дзясятка кніг перакладаў, 13 – у галіне літаратуразнаўства і фалькларыстыкі, каля дзесяці – эсэістыкі і публіцыстыкі. Творчасць Н.Гілевіча моцна звязана з беларускім народам, яго жыццём і бытам, традыцыйнай культурай. Пранікнёная любоў да радзімы, вернасць маральным запаветам продкаў, патрыятычнае заступніцтва за ўсё, што складае гонар нацыі, найперш за беларускую мову, – скразны матыў творчай дзейнасці Н.Гілевіча.

Паэзія Н.Гілевіча багатая па жанравым дыяпазоне – лірыка, балады, паэмы, гумар і сатыра, раман у вершах («Родныя дзеці», 1985). Вершы меладычныя, многія пакладзены на музыку, вызначаюцца высокай грамадзянскасцю. У паэзіі Ніла Гілевіча сумяшчаюцца грамадскія і інтымныя, светлыя і журботныя, сур’ёзныя і гумарыстычныя пачуцці, бо паэт успрымаў жыццё ў яго разнастайнасці і гарманічнасці. У апошнія дзесяцігоддзі жыцця ў творчасці Н.Гілевіча ўзмацніліся драматычныя, трывожныя адчуванні, сатырычна рэзкія ацэнкі.

Вядомы вучоны-беларусазнаўца, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, Н.Гілевіч напісаў шэраг кніг пра народную творчасць і быт беларусаў, выявіўшы тонкае адчуванне свету свайго народа. Ён шмат зрабіў для сістэматызацыі і выдання беларускіх народных песень, для іх шырокай папулярызацыі. «Песню бярыце з сабою» – так назваў ён свой першы зборнік вершаў. За гэтымі словамі чуецца: шануйце душу свайго народа, услухоўвайцеся ў яе.

Паэтычны дар Н.Гілевіча добра праявіўся ў галіне мастацкага перакладу. Ён даследавай і перакладаў балгарскую паэзію, склаў некалькі яе анталогій, перакладаў са славенскай, рускай, украінскай, польскай, сербска-харвацкай, лужыцкай і іншых славянскіх моў. За гэту плённую працу быў адзначаны балгарскім ордэнам Кірыла і Мяфодзія I ступені (1966), Міжнароднай прэміяй імя Хрыста Боцева (Балгарыя), ордэнам «Югаслаўскай зоркі» са стужкай (1986), ордэнам князя Яраслава Мудрага III ступені (2006). З’яўляўся Ганаровым грамадзянінам балгарскага горада Враца.

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1984), Дружбы народаў (1981), медалём Францыска Скарыны (1990). Быў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980) за кнігу паэзіі «У добрай згодзе» і перакладчыцкую дзейнасць.

Памёр у Мінску і пахаваны на Кальварыйскіх могілках побач з жонкай Нінай Іванаўнай.

Напрыканцы 2013 года выйшла апошняя кніга з 23-томнага збору твораў Ніла Гілевіча.

(Працяг будзе.)

Публікацыя з № 49 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»