Ігар Барысаў

(Заканчэнне. Пачатак у №№46–48.)

Вызваленне

Раніца 5 красавіка. Сняданак з апошнімі выратаванымі прыпасамі. Чарговая прагулка як неспадзяванка. Гук «камазіка», які піхае «баланда», і чаканне абеду.

Мігрэнь праз хваляванне. Выпусцяць ці зноўку «прымуць» на выхадзе?

Адчыняюцца дзверы, называюць маё прозвішча і кажуць ісці з рэчамі на выхад. Збіраю свой «кешар», развітваюся з хлопцамі, якія за гэты час прызналі, што камера №5 стала філіяй Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Абдымаемся.

Выходжу ў спадзяванні, што ўсё, але мяне вяртаюць у рэчаіснасць. Крыкам нагадваюць, што я мушы стаяць са сваімі рэчамі тварам да сцяны, а свабодная рука павінна быць за спінай.

Адводзяць у гаспадарчы пакой, які аказваецца амаль насупраць маёй камеры, дзе вяртаюць іншыя рэчы: ключы, рэмень, залаты пярсцёнак, гадзіннік і іншую драбязу. Спрабую надзець гадзіннік і іншыя рэчы, на што чую крык у свой бок, што мне не было загаду разбіраць рэчы – іх можна проста забраць. Трымаю іх у капюшоне сваёй курткі, які быў ад яе адшпілены і знаходзіўся ў камеры захоўвання.

Краем вока заўважаю кнігі, якія забралі ў арыштантаў. Недзе сярод гэтых кніг і мае, аднак што мне цяпер да іх… Да свабоды адзін крок. Не трэба затрымлівацца, шукаючы іх!

Пачынаюць даглядаць мае асабістыя рэчы. Запытваюцца, ці ёсць «малявы». Ківаю, што няма.

Аднак знаходзяць дзве. Па нявопытнасці дрэнна прыхаваў, не ведаючы фінальнай працэдуры. Пачынаюць на мяне крычаць. Міша-балаклава злуецца. Другі ахоўнік злуецца яшчэ больш.

Верагодна, рэакцыя на крык адбіваецца ў мяне грымасай на твары.

Міша-балаклава крыкам пытаецца, ці мне нешта не падабаецца.

Цераз сілу выціскаю, што не, усё ў парадку, але ў думках пасылаю гэтае месца з яго паслугачамі ў самае пекла.

Знаходзяць асадку. Асадка выклікае агрэсію, бо папярэдні загад здаць усе пісьмовыя прылады ў выглядзе асадак і паперы быў не да канца выкананы. Неяк няўцямна апраўдваюся.

Са мной заканчваюць, і на дагляд ідзе Ціхановіч. З гэтым хлопцам мне давялося правесці суткі на Акрэсціна. Пазней дазнаюся, што да яго ставіліся адмыслова, бо яго прозвішча было сугучным з прозвішчам Ціханоўскага. За гэта яму даставалася больш за іншых.

Мігрэнь накатвае ўсё мацней. Разумею, што кульмінацыя блізка. Да свабоды засталося ўжо паўкроку.

Выходзіць Міша-балаклава і загадвае развярнуцца і рухацца наперад. Ідзе за намі двума. Я іду першы. Віляем рознымі калідорамі, праходамі, падваламі, спускамі, уздымамі. Міша-балаклава ідзе з кальцом, на якім не менш за два дзясяткі ключоў, і кожны раз перад адкрыццём чарговых дзвярэй загадвае нам спыніцца, каб іх адчыніць. Часам прыкрыквае, каб трымаліся правага боку пры хадзе і адной рукой неслі рэчы, а другую адвялі назад за спіну.

Сканчваюцца два дзясяткі адчыненых і зачыненых перад і за намі дзвярэй, і мы апынаемся на свежым паветры. Гэта яшчэ не канец, бо мы на тэрыторыі турмы.

Неверагоднае адчуванне – бачыць сонечную адкрытую прастору пасля замшэлай малой камеры і вузкіх калідораў! Пры першым асэнсаванні гэтага пачынае круціцца галава. Рука сама сабой разнявольваецца. Міша-балаклава крыкам нагадвае пра тое, як трэба трымаць адну руку. Яго ўжо амаль не заўважаю. Сонца. Лёгкі вецер. Подых свабоды.

Прамяні б’юць у твар, адчуваецца вясна. Вясна без доўгачаканых змен. Як мігрэнь, якая ўсё чапляецца за здаровае цела і не дае жыць.

Радасць напаўняе ўсё цела.

Міша-балаклава ўжо наперадзе нас. Абагнаў і паказвае, куды трэба рухацца. Заходзім на КПП. Запытваюць прозвішча. Робяць адзнаку ў журнале. Выпускаюць на 30 хвілін раней часу.

Нарэшце Міша-балаклава здаецца. Гаворыць разняволіць другую руку. Дзверы адчыняюцца, і на развітанне ён папярэджвае, каб не тапталіся каля варот і не палілі тут.

Нічога не адказваю і ніяк не рэагую на гэтае папярэджанне.

Ступаю некалькі крокаў і бачу тых, хто мяне сустракае.

Бяжыць Алена, абдымаемся. Падыходзяць Аляксей Сігаеў, Яўген Шэлепень, Зміцер Кучук, Аляксей Чахольскі, Зміцер Салошкін. Вітаемся. Напэўна, з кімсьці абдымаемся.

Знаёмае «Вольва». Як жа прыемна сесці ўнутр роднага аўто!

Аднекуль з’яўляецца тэрмас, у якім плаваюць зробленыя ўручную Міхайлаўнай і звараныя Аленай пельмені. Пасля з’яўляюцца адбіўныя і гарачая гарбата. Свята страўніка!

Мігрэнь. Аляксей вядзе маё аўто. Разбіраемся з даведкамі на аплату хостэла, дзе правёў апошнія 15 дзён. П’ю таблетку і спрабую раскінуцца на заднім сядзенні машыны. Паралельна з гэтым мне распавядаюць апошнія навіны.

За 15 сутак прыйшла толькі вясна. Спадзяюся, што ў адну з наступных вёснаў змены будуць больш істотнымі і апошняя еўрапейская дыктатура сыдзе з апошнім веснавым снегам.

Кароткі турэмны слоўнік

Баланда – развозчык ежы.

Кармушка – акенца ў металічнай дзверы камеры.

Камазік – цялежка з ежай.

Кешар – асабістыя рэчы.

Клоп – кнопка для выкліку дзяжурных.

Малява – цыдулка на волю.

Пасажыр – асуджаны ў чаканні этапу.

Пальма – нары на другім ярусе.

Пражарка – тэрмаапрацоўка, дэзінфекцыя.

Прадол – сцяна, перпендыкулярная камеры.

Шмон – ранішні агляд памяшкання і рэчаў арыштантаў.

Публікацыя з № 49 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»