Мэр Кіева Віталь Клічко днямі абвясціў urbi et orbi, што ўкраінская сталіца і Мінск больш не гарады-пабрацімы. Брацкага, усталяванага яшчэ за савецкім часам статусу сталіца Беларусі была пазбаўлена за патуранне Крамлю і дапамогу расійскаму агрэсару ў яго вайне з Украінай. Крок, што і казаць, прыкры, але, як мне падаецца, не варты ўсенароднай жалобы. Бо пабрацімства гарадоў, як і прапагандаванае ў СССР братэрства народаў, – з’ява, трэба прызнаць, малаўцямная. Асобна ўзятыя мінчанін з кіяўлянінам могуць і пасябраваць, і пасваячыцца, але каб два мільёны з трыма мільёнамі незнаёмых міжсобку людзей пабрацімамі па чыімсьці жаданні пачуваліся – такога ў жыцці не бывае.

Заява Клічко не проста з моста ўзялася. У Кіеве вось ужо другі месяц працягваецца кампанія па дэкамунізацыі і дэрусіфікацыі горада. У спіс для перайменавання трапілі ажно 467 вуліц, плошчаў, сквераў і станцый метро. Ініцыятыву кіеўскіх уладаў падхапілі і другія дзяржаўныя інстытуцыі, і вось ужо з той жа мэтай пераглядаюцца школьныя праграмы па літаратуры – гэць і адтуль русіфікатараў-імперцаў!

Паспрабуем больш падрабязна разабрацца ў дэкамунізацыі і дэрусіфікацыі па-ўкраінску. Пачатак гэтай кампаніі мне давялося назіраць на ўласныя вочы яшчэ ў 2014-м, падчас Шаўчэнкаўскіх дзён у Чаркаскай вобласці. Разам з украінскімі пісьменнікамі мы ездзілі па Чаркашчыне і паўсюль бачылі пустыя пастаменты. Пазней гэты працэс быў названы ленінападам. Ад помнікаў камуністычным правадырам Украіна тады пазбавілася хутка і без ваганняў – дапамагла распачатая Расіяй вайна. Эскалацыя вайны сёлета прывяла і да эскалацыі дэрусіфікацыі.

Прачытаўшы падрыхтаваны для перайменаванняў спіс, змешчаны на сайце Кіеўскай гарадской рады, я вельмі здзівіўся. Чым кіраваліся яго аўтары – мне незразумела. Бо і мне, беларусу, будзе балюча, калі з карты Кіева знікнуць імёны паэтаў Паўла Тычыны і Міколы Бажана (так, савецкіх, але найперш украінскіх!). Тычына шмат перакладаў з беларускай паэзіі, сябраваў з Янкам Купалам; Бажан, стваральнік украінскай энцыклапедыі, ахвотна дапамагаў Петрусю Броўку ў стварэнні Беларускай савецкай энцыклапедыі, кінуўшы сваім кіеўскім калегам кліч: «Всэ за БелСЭ!». Чалавек упершыню ў гісторыі Украіны стварыў шматтомную энцыклапедыю (зразумела, украінамоўную), а ў яго вуліцу сабраліся адабраць.

Вуліцы можа пазбавіцца і Муса Джаліль – аўтар славутага «Маабіцкага сшытка». А ён за што трапіў у няласку? Джаліль – татарскі паэт, які загінуў у фашысцкім засценку. Татары самі ад русіфікацыі не менш за ўкраінцаў пацярпелі.

Фігуруе ў спісе і Уладзімір Маякоўскі. А ён жа так голасна – на ўвесь Савецкі Саюз – захапляўся прыгажосцю і мілагучнасцю ўкраінскай мовы, у лоб асаджаў савецка-расійскіх імперцаў: «Говорю тебе: товарищ москаль, / на Украину зубы не скаль. / Разучите эту мову на знамёнах – лексиконах алых, – / эта мова величава и проста: /  «Чуешь, сурмы заграли, / час расплаты настав»

Дзіўна выглядае ў спісе і Леў Талстой, які да канца сваіх дзён заставаўся ў Расіі іншадумцам, крытыкаваў і царскі ўрад, і Расійскую праваслаўную царкву (за што атрымаў ад яе анафему). Ну які Леў Мікалаевіч імперац? Пачытайце, панове кіеўскія дэпутаты, хоць бы яго аповесць «Казакі».

Але найбольшую маю нязгоду выклікала наяўнасць у тым спісе Якуба Коласа. І ён, атрымліваецца, адкажа за вайну. І ў яго вуліцу камусьці адабраць закарцела. Ужо і пераемнік падшуканы – украінскі дысідэнт-шасцідзясятнік Іван Дзюба. Той самы Дзюба, які для «Энцыклапедыі сучаснай Украіны» напісаў грунтоўны і хвалебны артыкул пра… Якуба Коласа. Натуральна, у тым артыкуле Колас – вялікі сябра Украіны, які, седзячы ў мінскай царскай турме, перакладаў творы Тараса Шаўчэнкі, а ў савецкі час, займаючы высокія пасады, як мог папулярызаваў украінскую літаратуру ў Беларусі. І вось – адным махам з сяброў трапіў у ворагі. Ды бедны Дзюба недзе ў труне варочаецца, дачуўшыся, чыю вуліцу хочуць пераназваць яго імем.

І ўжо абсалютна незразумелым чынам праштрафіўся перад Украінай Васіль Быкаў, чыю творчасць да гэтай пары трошкі вывучалі ўкраінскія школьнікі. Чаму пісьменнік павінен несці адказнасць за антыўкраінскія дзеянні палітыка, супраць якога выступаў паслядоўна і бясстрашна, з рызыкай для жыцця?

Да таго ж Быкаў ваяваў за Украіну. І нават там… загінуў. Так-так, менавіта з Украіны ягоным бацькам прыйшла ў 1944 годзе «пахаронка», і дагэтуль на Кіраваградчыне стаіць помнік, на якім выбіта імя пісьменніка. За спінай лейтэнанта Быкава быў украінскі стэп, была вёска Вялікая Севярынка, якую штурмавалі нямецкія танкі. І абараняў ён канкрэтны лапік украінскай зямлі, а не прасторы і хімеры савецкай імперыі. Варта згадаць і тое, што ўкраінка Ларыса Шапіцька зняла вядомы на ўвесь свет фільм паводле Быкава – «Узыходжанне». Восем з шаснаццаці быкаўскіх аповесцяў перакладзены на ўкраінскую мову, то які ён русіфікатар?

У чужой царкве свечак папраўляць не варта – скажаце вы. Украінцы ў сваім доме маюць права рабіць усё, што палічаць патрэбным. А я думаю: варта. Бо да чаго могуць прывесці непрадуманыя, падагрэтыя вайной рашэнні? Да гэткіх жа паспешлівых рашэнняў у адказ. Знікнуць з кіеўскай карты Брэсцкая, Гродзенская, Гомельская і Мінская вуліцы (яны таксама значацца ў спісе) – у Мінску могуць знікнуць бульвар Шаўчэнкі, вуліца Лесі Украінкі, кінатэатр «Кіеў», а які-небудзь «пакрыўджаны за Коласа» БРСМ запатрабуе знесці помнікі Шаўчэнку і Піліпу Орліку. На радасць, дарэчы, Маскве, якая робіць усё магчымае, каб пасварыць украінцаў і беларусаў, сутыкнуць нас ілбамі.

А чубіцца нам ні ў якім разе нельга. Добра, што гэта разумеюць і ў тым жа Кіеве. І вось яскравы прыклад такога разумення: акурат гэтымі днямі кіяўляне праз электроннае галасаванне вырашаюць, ці не надаць адной з вуліц імя беларускага класіка Уладзіміра Караткевіча. Хочацца верыць – нададуць. А яшчэ больш хочацца верыць, што і Якуба Коласа пакінуць у спакоі. Бо, зняважыўшы аднаго вялікага беларуса, справы не паправіш ушанаваннем другога.

Публікацыя з № 48 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»