На гэтым тыдні нацыянальная зборная Беларусі па футболе яскрава паказала і даказала, што дэградавала канчаткова.

Пасля дамашняй нулявой нічыі з камандай Азербайджана ў Лізе нацый галоўны трэнер беларускай зборнай Георгій Кандрацьеў апраўдваўся, што, на жаль, футбалісты не могуць пацэліць у вароты.

А перад паўторнай гульнёй з Азербайджанам, калі ў Кандрацьева запыталіся, ці крытыкуюць яго на радзіме, настаўнік беларускай каманды нават крыху пакрыўдзіўся: «Крытыкуюць, ды яшчэ так, што ў мяне часам складваецца ўражанне, быццам я трэнірую зборную Бразіліі».

Так, беларуская каманда – не зборная Бразіліі, але ўжо праз дзень пасля таго, як Георгій Пятровіч сказаў гэтыя словы, яго падначаленыя з трэскам прайгралі 0:2 не бразільцам, а камандзе Азербайджана, якая ў сусветным рэйтынгу займае ўсяго 129-е месца.

І пасля матча трэнер ізноў зрабіў круглыя вочы: «У нас было шмат момантаў, але не можам пацэліць у вароты ні з трох метраў, ні з паўтара метра. Я ўжо не кажу пра далёкія ўдары. Без галоў няма перамог, а мы не можам наогул…

У верасні яшчэ два матчы ў групе згуляем (у гасцях – са зборнымі Славакіі і Казахстана. – Аўт.). Не ведаю, што там будзе…»

Па вялікім рахунку ні балельшчыкам, ні футбалістам, ні трэнерскаму штабу не так ужо і важна, «што там будзе» ў верасні. Пасля паражэння ад азербайджанцаў зборная Беларусі згубіла ў Лізе нацый нават тэарэтычныя шанцы заняць першае месца ў групе С і выйсці ў мацнейшую групу.

Больш за тое! Пры горшым раскладзе беларусы наогул могуць заняць апошняе месца і вылецець у групу D, дзе паміж сабой змагаюцца не на жыццё, а на смерць сем самых слабых каманд Еўропы. То бок, можам апусціцца на самае-самае дно.

Пад кіраўніцтвам Кандрацьева зборная правяла 11 афіцыйных матчаў, і вынік проста ўражвае: дзве нічыі і дзевяць паражэнняў! А за чатыры матчы, што сёлета правяла каманда ў Лізе нацый, беларусы забілі ўсяго адзін гол. Таму незразумела, чаму Георгій Кандрацьеў здзіўляецца, калі яго крытыкуюць. Нават бразільскі трэнер атрымаў бы па карку, калі б яго падначаленыя так гулялі.

«Шанца выйсці з групы няма, выкананне пастаўленай задачы ў чарговы раз з трэскам правалілася, – ацаніў выступленне зборнай вядомы беларускі футбольны агент Валерый Ісаеў. – Спецыяльна перачытаў навагодняе віншаванне Кандрацьева. Гэта ж ён пра нашу каманду казаў, што «яна павінна прагрэсіраваць, развівацца і добра гуляць і гэты год павінны стаць пераломным». Нічога там не было напісана пра Бразілію і пра тое, што беларускія футбалісты не могуць пацэліць у вароты з трох метраў.

Атрымліваецца так, што пры падпісанні кантракта ўсё цудоўна. А як толькі ўсе бачаць правал па віне трэнерскага штаба (а зараз менавіта гэта і адбываецца), то адразу «беларусы – не бразільцы» і «не ўмеюць біць па варотах».

Дык навучы іх біць па мячы, ты ж дзеля гэтага там працуеш! Ці кантракт галоўнага трэнера падпісваецца толькі дзеля заробку і пансіёну? Калі не ведаеш, як рыхтаваць каманду, не ўмееш гэтага рабіць і не ўпэўнены ў тым, што выканаеш задачу, якую агучыў кіраўнік федэрацыі, дык не ідзі на гэтую пасаду. Калі не можаш дамовіцца з лепшымі футбалістамі краіны, не можаш урэгуляваць пытанні з лідарамі, то не бярыся за справу!

Так, мы – не лідары сусветнага футбола, але і не настолькі слабыя, каб так бязвольна, баязліва гуляць. Ніхто не тлумачыць, дзе зараз таленавітая моладзь і чаму ў кожным матчы па пяць новых ігракоў».

Дарэчы, яшчэ ў сакавіку мінулага года Беларуская федэрацыя футбола прадставіла «Канцэпцыю развіцця беларускага футбола да 2028 года», у якой патлумачыла, чаму нацыянальная зборная праваліла кваліфікацыю да чэмпіянату Еўропы-2020, а таксама няўдала выступіла ў 2020 годзе ў Лізе нацый. Адзін з пунктаў гучаў так: «адсутнасць адзінага патрыятычнага духу каманды, што выявілася ў нежаданні выконваць гімн Рэспублікі Беларусь і іншых пратэстных настроях».

Зрэшты, у той жа канцэпцыі аптымістычна адзначалася, што ўжо «створана кіруемая каманда з высокім узроўнем матывацыі і добрым маральна-псіхалагічным кліматам маладых таленавітых футбалістаў» і «сфарміраваны трэнерскі штаб як калектыў аднадумцаў і спецылістаў высокай кваліфікацыі».

Фантазіі футбольных чыноўнікаў білі фантанам, што і было афіцыйна задакументавана. Напрыклад, ставілася задача, што зборная Беларусі падчас кваліфікацыі да чэмпіянату свету – 2022 выйдзе ў плэй-оф (на самай справе заняла апошняе месца ў групе. Аўт.), а ў групе С Лігі нацый у гэтым годзе зойме першае месца (пасля чатырох матчаў знаходзіцца на апошнім.Аўт.).

Наперадзе, згодна з планамі федэрацыі, нас яшчэ чакае ў наступным годзе выхад нацыянальнай каманды ў плэй-оф кваліфікацыі да чэмпіянату Еўропы – 2024, у 2025-м – выхад у плэй-оф кваліфікацыі да чэмпіянату свету – 2026 і, як вішанька на торціку, выхад у 2027-м у фінальную частку Еўра-2028.

Шлях да гэтага, безумоўна, няпросты, і галоўнае, каб быў «адзіны патрыятычны дух каманды». Далей застаецца зусім нічога – навучыць футбалістаў трапляць з паўметра у вароты.

Публікацыя з № 48 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»