Васіль Быкаў

(Працяг. Пачатак у №№77–84, 86–100 за 2021 год, №№1–47.)

Васіль Уладзіміравіч Быкаў (19 чэрвеня 1924 г. – 22 чэрвеня 2003 г.)

Васіль Быкаў – пісьменнік, народны пісьменнік Беларусі (1980), Герой Сацыялістычнай Працы (1984), лаўрэат Ленінскай прэміі (1986).

Адна з самых буйных постацяў у беларускай літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя. Строгі, нават жорсткі рэаліст-трагік. Схіляўся і да мадэрнізму. Майстар ваеннай аповесці, у якой на лакальным матэрыяле глыбока раскрываў сутнасць чалавека. Пачынальнік гэтак званай акопнай праўды пра Вялікую Айчынную вайну. Аднак заставаўся непахісным у сваіх гуманістычных і дэмакратычных прынцыпах. Прайшоў усю сваю творчую дарогу мужна, не паддаючыся ідэалагічнаму ціску савецкай сістэмы, вырасшы ў сімвал сумлення нацыі, яе найвышэйшы аўтарытэт.

Дарога жыцця В.Быкава пачыналася ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці ў беднай сялянскай сям’і. У 1939 годзе паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча, але быў вымушаны пакінуць гэтую навучальную ўстанову і стаў вучыцца ў школе будаўнікоў. Затым – вайна, праца на абарончых земляных аб’ектах, адступленне, прызыў у войска, вучоба ў Саратаўскім ваенным вучылішчы (1942–1943). Пасля – фронт. Ваяваў у пяхоце, артылерыі, пераважна на перадавой. Двойчы быў паранены. Зведаў у поўнай меры цану чалавечага жыцця ва ўмовах тагачаснай франтавой рэчаіснасці.

Дэмабілізаваўся ў 1947 годзе і прыехаў у Гродна, дзе працаваў мастаком, а пасля журналістам рэдакцыі газеты «Гродзенская праўда». У 1949–1955 гадах служыў у войску. Жывучы ў Гродне, В.Быкаў шмат друкаваўся. Кожная яго аповесць станавілася падзеяй, пашырала кола яго чытачоў, прыцягвала ўвагу кінематографа і сцэны. У кожным са сваіх твораў пісьменнік ставіў героя перад тварам смерці і прымушаў рабіць свой выбар, правяраў яго на чалавечую годнасць. Раскрываліся ў творах і агульначалавечыя думкі пра жыццё і яго страшны фінал, пра маладосць, каханне, адвечную красу прыроды, пра магчымасць духоўнага патэнцыялу чалавека, пра дабрату і жорсткасць, высакародства і шкурніцтва. Гэта ў аповесцях «Жураўліны крык» (1960), «Здрада» (1961), «Трэцяя ракаета (1962), «Пастка» (1962), «Альпійская балада» (1964), «Мёртвым не баліць» (1965), «Праклятая вышыня» (1968), «Круглянскі мост» (1969), «Сотнікаў» (1970), «Абеліск» (1971), «Дажыць да світанку» (1973), «Воўчая зграя» (1974), «Яго батальён» (1975), «Пайсці і не вярнуцца» (1978). Кожны з твораў непаўторны і зместам, і стылёвымі адценнямі. Але ў кожным герой праходзіць праз пакутна-трагічныя нягоды і страты, выяўляючы такім чынам свой унутраны воблік.

Жывучы ў Гродне, пісьменнік шмат ездзіў па СССР, краінах Захаду. Пашыралася кола яго аднадумцаў і прыхільнікаў сярод калег і чытачоў. У Гродне Быкаў узначаліў абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1978 годзе пераехаў у Мінск, дзе выйшлі аповесці «Знак бяды» (1984) «Кар’ер» (1986), «У тумане» (1987), «Аблава» (1989), у 1990-я гады – «Сцюжа», «Воўчая яма», «Балота», «Пакахай мяне, салдацік», якія замацавалі сусветны аўтарытэт мастака-гуманіста.

Напрыканцы 1990-х гадоў ён пакінуў радзіму і выехаў на Захад. Жыў у Фінляндыі, Германіі, Чэхіі.

Кнігі апошняга перыяду жыцця пісьменніка: зборнік «Сьцяна» (1997), «Пахаджэньне. Прыпавесьці» (1999) – вызначаюцца глыбокім трагізмам успрымання жыцця. Апошняя прыжыццёвая кніга В.Быкава «Доўгая дарога дадому» (2002) – мемуары. Яны цікавыя не толькі фактамі, але і іх асэнсаваннем, ацэнкамі, зробленымі з вышыні пражытых гадоў. Перад намі – эпапея чалавечага лёсу на крутых паваротах ХХ стагоддзя. В.Быкаў даў сваімі ўспамінамі вельмі важныя ўрокі жыцця. У канцы кнігі – нават своеасаблівы маральна-патрыятычны запавет, звернуты да сучаснікаў і нашчадкаў. Гэта нібы завяршэнне яго багатай публіцыстыкі.

Цяжка захварэўшы, В.Быкаў пакінуў Чэхію і прыехаў у Мінск, каб апошні раз дакрануцца да роднай зямлі.

Спадчына выдатнага беларускага пісьменніка выдадзена ў 1980–1982 гадах у 4 тамах, і ў 1992–1994 гадах – у 6 тамах. Яго творы перакладзены на 35 моў свету.

Памёр і пахаваны ў Мінску.

(Працяг будзе.)

Публікацыя з № 48 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»