(Працяг. Пачатак у №№77–84, 86–100 за 2021 год, №№1–46.)

Максім Танк (4 (17) верасня 1912 г. – 7 жніўня 1995 г.)

Максім Танк (сапраўднае імя Яўген Іванавіч Скурко) – народны паэт Беларусі (1968), акадэмік АН Беларусі (1972), Герой Сацыялістычнай Працы (1974), сакратар Саюза пісьменнікаў СССР (1966–1986), лаўрэат Ленінскай прэміі, Дзяржаўнай прэміі імя Я.Купалы, Літаратурнай прэміі імя А.Фадзеева.

Максім Танк прайшоў няпросты творчы шлях і вырас у буйнога, самабытнага майстра слова. Гістарычныя катаклізмы часу падзялілі яго літаратурны лёс на дзве часткі.

Першы этап – 1930-я гады, калі яго родныя мясціны (нарадзіўся ў вёсцы Пількаўшчына Мядзельскага раёна Мінскай вобласці) уваходзілі ў склад Польшчы. Яго неаднаразова арыштоўвалі як удзельніка рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі. Другі этап – з 1939 года, калі пісаў і друкаваўся ва ўмовах савецкай улады.

Максім Танк не атрымаў вышэйшай адукацыі, скончыў толькі гімназію ў Вільні. Але шмат чытаў, быў патрабавальны да сябе. І паэтычная культура яго вершаў ужо ў 1930-я гады была высокай.

Першыя творы апублікаваў у 1931 годзе. Яго першыя зборнікі «На этапах», «Журавінавы цвет» былі напісаны пад уздзеяннем вызваленчай барацьбы народа Заходняй Беларусі і спалучалі ў сабе рэалістычна-бытавое і рамантычнае бачанне жыцця. Лірычны герой Максіма Танка – звычайны сялянскі хлопец і разам з тым бунтар, турэмны вязень, які не скараецца няволі і цвёрда трымаецца ідэі барацьбы за сацыяльную і нацыянальную справядлівасць. У творах паэта пульсавала магутная стыхія ўсяго жывога, прыгожага, асабліва прыродных сіл, што ўвасабляюцца ў метафарычнай яркай вобразнасці.

У пасляваенныя дзесяцігоддзі ўсё больш мацнее зямны пачатак паэзіі Максіма Танка, які валодае здольнасцю адкрываць прыгожае ў самым будзённым і простым. Дарога, закалыханая жытам, капанне бульбы ў дождж, смаленне кабана, глыток калодзежнай вады, каравай хлеба, сосны, калыска, ганчар, які цярпліва размешвае гліну, матчыны рукі – вось апорныя вобразатворчыя аб’екты, праз якія аўтар ідзе ў вялікі свет народа, у глыбіню яго духоўнага жыцця. У працэсе творчага развіцця Максім Танк усё часцей адмаўляецца ад традыцыйнай вершаванай формы з яе лёгкім рытмам і рыфмоўкай. Пэўна, такая структура здавалася лёгкадумнай і абмяжоўвала магчымасці глыбокага спасціжэння жыцця. Паэт усё больш карыстаецца свабоднай формай вершаванага выказвання, гэтак званым верлібрам, блізкім да празаічнага маўлення, затое зручным для перадачы думкі, філасофскай развагі пра спрадвечныя ісціны быцця беларуса, пра яго маральныя каштоўнасці. Ды і па натуры ён быў удумлівым, непаспешлівым ва ўчынках і рашэннях, дасціпна мудрым і вясёла-жыццелюбным чалавекам, цаніў усё натуральнае і здаровае. Быў прывязаны душою да свайго возера Нарач, якое праходзіць праз усю яго творчасць.

Максім Танк перакладаў творы А.Пушкіна, А.Міцкевіча, Ю.Славацкага, У.Маякоўскага, У.Бранеўскага. Яго творы перакладаліся на многія мовы.

Яго імем названы Дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт у Мінску.

Збор твораў Максіма Танка ў 6 тамах выдадзены ў 1978–1981 гадах.

Памёр у Мінску. Пахаваны, згодна з яго воляй, у роднай вёсцы Пількаўшчына побач з блізкімі.

(Працяг будзе.)

Публікацыя з № 47 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»