Эдуард Бабарыка

Каля двух гадоў знаходзіцца ў СІЗА сын прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі.

Нагадаем, што Эдуард Бабарыка займаўся бізнесам, быў заснавальнікам краўдфандынгавай пляцоўкі «Улей» і сузаснавальнікам пляцоўкі «MolaMola». Кіраваў перадвыбарным штабам Віктара Бабарыкі на прэзідэнцкіх выбарах.

Эдуард бесперапынна ўтрымліваецца пад вартай без суда ўжо больш за 23 месяцы (?!). Яго затрымалі разам з бацькам 18 чэрвеня 2020 года.

20 мая ў судзе Партызанскага раёна Мінска суддзя Міхаіл Макарэвіч разгледзеў скаргу на чарговае падаўжэнне Эдуарду Бабарыку тэрміну ўтрымання пад вартай…

– Першая інстанцыя пакінула скаргу без задавальнення, пададзена скарга ў другую інстанцыю, – кажа адвакат Уладзімір Пыльчанка.

Ці варта чакаць станоўчага выніку для Эдуарда?

– Станоўчага выніку, мяркую, у бліжэйшы час мы не дачакаемся. Эдуард таксама не мае ілюзій. Тым не менш гэта яго прынцыповая пазіцыя – абскарджваць кожнае рашэнне аб утрыманні пад вартай, паколькі такія рашэнні, ён лічыць, беспадстаўныя і незаконныя.

– Няўжо такая сітуацыя адпавядае заканадаўству?

– Па-першае, адзначу, што ўтрыманне пад вартай павінна прымяняцца толькі ў выключных выпадках, бо ўмовы знаходжання там адпавядаюць турэмнаму рэжыму – то бок найбольш строгаму пакаранню. Таму адзін дзень утрымання чалавека ў СІЗА залічваецца за паўтара і нават за два дні адбывання пакарання ў папраўчай калоніі (за некаторымі выключэннямі).

Па-другое, утрыманне чалавека пад вартай павінна быць выклікана неабходнасцю бесперашкоднага збору доказаў для расследавання. Гэта значыць, што чалавека ізалююць толькі з мэтай, каб ён не фальсіфікаваў доказы, не аказваў незаконнага ўздзеяння на сведак, не здзейсніў злачынства на волі і гэтак далей. Як толькі доказы сабраны – а значыць, адпалі падставы для ўтрымання пад вартай, – чалавека павінны адпусціць на волю, замяніўшы меру стрымання ці цалкам адмяніўшы яе.

Па-трэцяе, у выпадку з Эдуардам максімальны тэрмін знаходжання пад вартай на стадыі следства не можа перавышаць 18 месяцаў, пасля чаго мера стрымання змяняецца.

І якім чынам атрымалася, што Эдуард Бабарыка ўжо амаль два гады знаходзіцца ў СІЗА?

– Вядома, што першапачаткова крымінальную справу ў дачыненні да яго вёў КДБ, у следчым ізалятары якога Эдуард знаходзіўся каля 17 месяцаў, а ў лістападзе 2021 года быў пераведзены ў СІЗА МУС на вуліцы Валадарскага. Эдуарду рэгулярна, амаль кожныя два месяцы, падаўжаўся тэрмін утрымання пад вартай. Але калі 18-месячны тэрмін утрымання падыходзіў да завяршэння, па дзівосным супадзенні іншы орган крымінальнага пераследу – Следчы камітэт – прыйшоў да высновы, што Эдуард здзейсніў іншыя злачынствы па іншых артыкулах. Адпаведна яго зноў змясцілі пад варту (фізічна з-пад варты ён і не вызваляўся), але гэта зрабіў іншы орган па іншай справе.

Цяпер у выніку такога «элегантнага» манеўра цалкам верагодна, што Эдуард можа заставацца ў СІЗА яшчэ 18 месяцаў цягам расследавання, якое вядзе ўжо Следчы камітэт.

Як Эдуард псіхалагічна і фізічна спраўляецца з такімі выпрабаваннямі? У якім ён стане сёння, чым займаецца?

– Ён у парадку – спакойны і разважлівы. Не сумняваецца, што ў перспектыве ўсё будзе добра. У яго цяпер шчыльны графік, час не марнуе, выкарыстоўвае ўсе магчымасці для самаўдасканалення.

Шмат чытае – і кнігі, і перыёдыку. Мае магчымасць атрымліваць актуальныя навіны.

З сакамернікамі дзеліцца ведамі па ядзернай фізіцы і іншых навуковых галінах. Займаецца фізічнымі практыкаваннямі, ёгай. Амаль садзіцца на шпагат, што, дарэчы, карыснае ўменне. Неяк ён нават выказаўся, што ўспрымае сваю камеру хутчэй як акадэмію, дзе развіваюцца розум, дух і цела.

Праблем з ліставаннем няма?

Лісты ад сяброў і незнаёмых даходзяць вельмі рэдка, але Эдуард заўсёды адказвае ўсім.

Колькі яшчэ тэарэтычна ён можа заставацца за кратамі да прысуду?

– Каля паўгода таму можна было меркаваць пра хуткае вызваленне, але атрымалася так, што Эдуард можа правесці чарговыя паўтара года ў СІЗА без прад’яўлення канчатковага абвінавачання і разгляду справы.

З гэтай прычыны мне цяжка прагназаваць нейкія тэрміны. Тым не менш я ўпэўнены, што рана ці позна ўсе абвінавачанні з Эдуарда будуць зняты.

Публікацыя з № 42 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»