Сафія Сапега

Прысуд Гродзенскага абласнога суда ад 6 мая 2022 года ў дачыненні да яе ўступіў у законную сілу.

Нагадаем: 23 мая 2021 года Раман Пратасевіч і Сафія Сапега ляцелі рэйсам авіякампаніі Ryanair па маршруце Афіны–Вільнюс. Да Літвы Сапега і Пратасевіч не даляцелі – самалёт прызямліўся ў Мінску з-за паведамлення пра бомбу на борце. Маладых людзей знялі з рэйса і затрымалі.

14 чэрвеня на брыфінгу беларускіх улад аб пасадцы самалёта, у якім удзельнічаў і сам Раман Пратасевіч, упершыню былі афіцыйна названы артыкулы, па якіх падазраюць Сапегу. Кіраўнік Следчага камітэта Дзмітрый Гара распавёў, што першапачаткова дзяўчыну затрымалі ў аэрапорце па падазрэнні ў грубым парушэнні парадку, але «практычна адразу яна была прыцягнута ў якасці абвінавачанай па іншай крымінальнай справе» – за распальванне сацыяльнай варожасці.

Праз некалькі дзён пасля брыфінгу Сапегу і Пратасевіча перавялі пад дамашні арышт. У снежні Сафіі выставілі абвінавачванне па сямі артыкулах Крымінальнага кодэкса.

У выніку расіянка Сафія Сапега была асуджана на шэсць гадоў калоніі агульнага рэжыму.

«Прысуд Гродзенскага абласнога суда ад 6 мая 2022 года ў дачыненні да Сафіі Сапегі не абскарджаны і ўступіў у законную сілу», – гаворыцца ў паведамленні суда.

«Практыка паказвае, што ў абскарджванні няма сэнсу, – распавяла «Народнай Волі» крыніца, якая знаёма з гэтай справай. – Тым больш што Сафія Сапега ўсё-такі спадзяецца на памілаванне».

Вядома таксама, што зараз абвешчаны збор сродкаў для Сафіі на пагашэнне іскаў ад супрацоўнікаў праваахоўных органаў, паколькі пагашэнне іскаў з’яўляецца абавязковай умовай для падачы хадайніцтва аб памілаванні.

Збор сродкаў для пагашэння іскаў для Сафіі Сапегі абвясціла расійская журналістка і грамадскі дзеяч, член Савета па развіцці грамадзянскай супольнасці і правах чалавека пры прэзідэнце Расіі Кацярына Вінакурава.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»