Адвакаты падсудных

У Гродзенскай турме №1 працягваецца суд па так званай «справе Аўтуховіча» – той самай, пра якую Аляксандр Лукашэнка казаў: «Везлі тонамі зброю праз Украіну… Рыхтавалі тэракты па ўсёй краіне, на тым і пагарэлі».

Яшчэ год таму, да суда, Камітэт дзяржаўнай бяспекі ўнёс шэраг фігурантаў гэтай справы ў спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці. Ёсць у гэтым спісе, напрыклад, і Вольга Маёрава, якая пазней у лісце сыну паведаміла, што абвінавачанне ў тэрарызме з яе знята.

Калі інфармацыя са спісу КДБ адпавядае рэчаіснасці, то паводле артыкула 289 Крымінальнага кодэкса абвінавачваюцца дзевяць чалавек: Мікалай Аўтуховіч, Павел Сава, Артур Папок (знаходзіцца ў вышуку), сям’я РазановічаўЛюбоў, Сяргей і Павел, Ірына Мельхер, Галіна Дзербыш, Віктар Снегур. Нагадаем, што частка 3 гэтага артыкула – дзеянні ў складзе арганізаванай групы – прадугледжвае і пажыццёвае, і нават смяротнае пакаранне. Хаця па беларускім законе да жанчын яно прыменена быць не можа.

Першапачаткова быў у «спісе тэрарыстаў» і баранавіцкі актывіст Уладзімір Гундар, былы афганец, у якога няма нагі. Але ў абноўленым спісе яго прозвішча няма. Гундару абвінавачанне ў тэрарызме ў выніку не было прад’яўлена.

Ці спраўдзяцца на судзе словы Лукашэнкі пра «тоны зброі», якія нібыта ўвозіліся групай Аўтуховіча, пакуль цяжка сказаць. Працэс хоць і адкрыты, але трапіць на яго не здолелі нават родныя абвінавачаных. Так, Алена Гундар, жонка Уладзіміра Гундара, увесь дзень прастаяла пад сценамі гродзенскай турмы і праз адваката змагла перадаць мужу толькі бутэльку вады. Ад удзельнікаў судовага пасяджэння яна даведалася пра тое, што муж на судзе вельмі хваляваўся.

Дарэчы, Уладзіміра Гундара і Мікалая Аўтуховіча за «дрэнныя паводзіны» ў першы дзень выдалілі з залы судовага пасяджэння з фармулёўкай «да заканчэння працэсу». На наступны дзень, праўда, пасля хадайніцтва дзяржаўнага абвінавачання суд перадумаў і вырашыў абодвух вярнуць.

Столькі «тэрарыстаў» у Беларусі яшчэ не было!
Мікалай Аўтуховіч

Яшчэ да выдалення з залы суда Аўтуховіч паспеў выступіць з хадайніцтвам аб змене меры стрымання Любові Разановіч. Мікалай Аўтуховіч пераконваў, што следчыя памыліліся, жанчына не мае ніякага дачынення да справы, да таго ж яна хворая. Суд хадайніцтва не задаволіў, спаслаўшыся на тое, што абвінавачанні вельмі цяжкія.

Нагадаем: Сяргей Разановіч – былы святар царквы ў вёсцы Сцепанкі Жабінкаўскага раёна, які даўно быў знаёмы з Мікалаем Аўтуховічам. Зараз на лаве падсудных і ён, і жонка, і сын. Спадарыні Любові падчас пасяджэння зрабілася дрэнна, але ў медсанчасці турмы здолелі купіраваць гіпертанічны крыз, і яна зноў узяла ўдзел у пасяджэнні.

На лаве падсудных па гэтай справе яшчэ адна сям’я – Ірына Мельхер і яе сын Антон, знаёмыя Разановічаў. Антон Мельхер, дарэчы, адмовіўся ад адваката, заявіўшы, што бараніць сябе будзе сам.

Паводле меркавання экспертаў, суд не хутка вынесе вердыкт. Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, справа налічвае больш за 65 тамоў. На лаве падсудных (больш правільна сказаць – у клетках) 12 чалавек. Справу разглядае суддзя Гродзенскага абласнога суда Максім Філатаў.

Столькі «тэрарыстаў» у Беларусі яшчэ не было!
Суддзя Максім Філатаў

Публікацыя з № 40 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»