Мастачка каля сваіх «забароненых» карцін

З 12 мая па 12 чэрвеня ў Мінску праходзіць традыцыйны фестываль мастацтва «Арт-Мінск». На жаль, яго адкрыццё ў сталічным Палацы мастацтва сёлета было азмрочана неспадзяванай навіной: на выставу не трапілі заяўленыя творы некалькіх дзясяткаў мастакоў. Адразу папаўзлі чуткі пра цэнзуру з боку Міністэрства культуры, пра створаныя ў нетрах гэтага ведамства «чорныя спісы» для мастакоў. Сярод недапушчаных аказалася і мастачка Марта Шматава, якая пагадзілася патлумачыць, што адбылося насамрэч.

Марта ШМАТАВА: «Чорныя спісы немінуча прыводзяць да стагнацыі ў мастацтве»
Марта Шматава

– Марта, на «Арт-Мінск» не трапіў ваш дыпціх – «Пчаляр» і «Арнітолаг». Я доўга прыглядаўся да гэтых твораў і не заўважыў нічога крамольнага. Дык чаму ўсё ж яны не трапілі на выставу?

– Выстава «Арт-Мінск» праходзіць ўжо пяты раз. Склаўся пэўны механізм адбору: мастак, не абавязкова сябра Саюза мастакоў, падае анлайн-заяўку, камісія на чале з куратарам разглядае і робіць адбор. Выстава з самага пачатку існавала пры падтрымцы «Белгазпрамбанка». Першыя гады куратары з добрым бэкграўндам запрашаліся з іншых краін, напрыклад з Італіі, з Расіі. Апошнім часам выставы праводзяцца сваімі сіламі. Ідэя выставы ўзнікла з мэтай фарміравання арт-рынку ў Беларусі, таму ўсе творы там могуць прадавацца. Асноўным крытэрыем адбору заўсёды была мастацкая якасць твораў. Аднак сёлета мастакоў і арганізатараў чакаў сюрпрыз. Калі экспазіцыя была ўжо створана, раптоўна быў спушчаны зверху гэтак званы чорны спіс. У выніку з гатовай экспазіцыі знялі творы каля сарака (!) мастакоў. Іх змест і якасць не мелі значэння.

– А хто і калі склаў той спіс? Хто з творцаў туды трапіў?

– Тут можна толькі здагадвацца. Але складальнікі спісу дакладна не з мастацкага асяроддзя. Раней падобны спіс быў складзены для музыкаў. Відаць, дайшла чарга і да мастакоў. Паўтаруся: у нашым выпадку мастацкі крытэрый адсутнічае цалкам.

– Гэта значыць, у чыноўнікаў выклікае падазрэнне само імя мастака?

– Відаць, бо ў спіс трапіла шмат творцаў. І калі гэта стане тэндэнцыяй, то будзе мець сумныя наступствы для развіцця беларускага мастацтва. Бо прыстасаванне – не для мастацтва. Свабоднае мастацтва – гэта не проста ўстойлівы выраз, творца павінен развівацца на глебе свабоднага мыслення. Таму любыя «чорныя спісы» немінуча прыводзяць да стагнацыі ў мастацтве.

– Калі я правільна вас разумею, на рэпрэсіі, якія ніяк не скончацца ў Беларусі, вы адказалі сваёй мастацкай серыяй «Птушкі Бацькаўшчыны». На палотнах – зняволеныя птушкі: сава, голуб, грак… І вось дзіўна: птушка ў хатняй клетцы – звыклая справа, а за кратамі – усіх узрушвае. Названая серыя – ваша мастакоўскае «не магу маўчаць»?

– Так, «Птушкі Бацькаўшчыны» – мая непазбежная рэфлексія на грамадскую трагедыю, поруч з якой ідзе звычайнае жыццё. Ідэя прыйшла, як стрэл, – імгненна. Яна пабудавана на вельмі простым, амаль плакатным па форме, але нясцерпным эмацыйна супярэччы і адлюстроўвае тое «немагчымае», у якім мы жывём, нагадвае пра найважнейшую каштоўнасць – свабоду.  Праўда, сёй-той крытыкаваў мяне, што занадта змрочна, што трэба даць чыстае неба, вярнуць надзею…

Марта ШМАТАВА: «Чорныя спісы немінуча прыводзяць да стагнацыі ў мастацтве»
Марта Шматава. З серыі «Птушкі Бацькаўшчыны».

– У адным з інтэрв’ю вы прызналіся, што ў вашых творах адсутнічаюць любыя формы агрэсіі. А якім чынам мастак павінен адказваць на выклікі агрэсіўнага зла? Ці блізкі вам хрысціянскі прынцып – падставіць пад удар правую шчаку, атрымаўшы па левай?

– Не, гэта не мой прынцып. Я лічу, што маральна пакутаваць ад «удару па шчацэ» павінен агрэсар, які губляе чалавечую годнасць. Тут вельмі цяжка абагульняць, бо шмат што залежыць ад абставін: мастак такі ж чалавек і грамадзянін, як і іншыя. Але калі магчымасці для мастацтва застаюцца, мастак на ўсё рэагуе праз творчасць. Нават калі ён усё жыцце пісаў кветкі, то гэта будуць іншыя кветкі. Калі ж спектр яго творчасці дазваляе, то ён піша сваю «Герніку». Я недзе чула трапны выраз, што сучаснае мастацтва – гэта люстэрка, дзе свет бачыць сябе без усякіх упрыгожванняў. Зло – дык зло. Ну а стварае тое люстэрка, вядома ж, мастак.

– Многія беларускія творцы пасля 2020 года з’ехалі з радзімы. Што можа прымусіць з’ехаць вас?

– Я болей люблю падарожнічаць у марах і развагах. Пакуль я нават у думках не з’язджала з Беларусі. Новага не баюся, бо гэта прыток энергіі, але я люблю Беларусь і свой дом. У самых цяжкіх абставінах я, напэўна, абрала б унутраную эміграцыю. Аднак часы непрадказальныя, і адзін шанец са ста я ўсё ж дапускаю. У выпадку, калі б пачала страчваць сябе, то задумалася б… Ну і, зразумела, людзі заўсёды бягуць у выпадку вайны.

– Вашы карціны пераважна фантасмагарычныя, іх насяляюць нейкія сімвалічныя рэчы. А што павінна было здарыцца, каб вы ўзялі і напісалі партрэт рэальнай гістарычнай асобы – Палуты Бадуновай?

– У 2019 годзе быў праект жанчын-мастачак, прысвечаны вядомым жанчынам Беларусі. Ствараўся на энтузіязме. Форма – графічная ілюстрацыя. Такія праекты рэалізуюцца шмат дзе, а ў нас раней не было. Мэта – прыцягнуць увагу да недаацэненай грамадствам ролі жанчын у былой і сучаснай гісторыі Беларусі. Кожная мастачка абірала сваю гераіню на ўласны густ. Я спынілася на Палуце Бадуновай – адзінай жанчыне, чый подпіс стаіць на Устаўных граматах БНР. Дарэчы, Палута не беларуска па паходжанні, яна вывучыла беларускую мову самастойна і прысвяціла жыццё змаганню за незалежнасць Беларусі. У 1938 годзе яе расстраляў НКВД, у 1989-м яна была рэабілітавана. Такіх людзей мы забываць не павінны.

– Язэп Драздовіч, якога я называю першым беларускім касманаўтам, пісаў у сваім дзённіку: «З пятніцы на суботу я меў шчасце зрабіць гадзінную вандровачку на Месяц. Бачыў шмат крутагорых вадападаў, цяснін, астравоў. Пралятаў скрозь залацістабазальтавы грот. Учора гадзіне а 12-й ночы бачыў на маладзіковым акрайцы Месяца пры ўзыходзячым сонцы вялікі і пекны горад… А хто гэтаму не верыць, хай праверыць праз тэлескопы». Вы таксама любіце падарожнічаць па Сусвеце? Я маю на ўвазе ваша палатно «Засяленне Марса».

– Ну, да Язэпа Драздовіча, які быў не толькі мастаком, але і пісьменнікам і астраномам-тэарэтыкам, мне далёка (усміхаецца). Я ў сваёй серыі, якая называецца «Метафары святла», больш абапіраюся на фантазіі і мары. Спрабую дакрануцца да прыгажосці Сусвету. Ну і дадаю трошкі роздуму пра ўнутраны свет чалавека.

– Я з настальгіяй прыгадваю той час, калі вы аздаблялі кнігі. Усе аўтары, чые кнігі аздобіла Марта Шматава (у іх ліку пашчасціла быць і мне), удзячны вам. Бярэш у рукі, напрыклад, кнігу паэтаў Анатоля і Васіля Дэбішаў «Калядная вячэра. Белыя птахі» (1992) – ад адной вокладкі на душы святлее. Чаму вы перасталі займацца кніжнай графікай?

– Дзякуй за добрыя словы! Чаму перастала? Тут некалькі прычын. Калі ў 1980-я пачалася перабудова, з’явілася шмат новай інфармацыі пра сусветнае мастацтва. Ладзіліся выставы, сацрэалізм страчваў свае пазіцыі. І я пачала спрабаваць сябе ў жывапісе. А да гэтага часу менавіта кніжная графіка дазваляла больш свабоды: там можна было абыходзіцца без прапаганды. Жывапіс заставаўся значна больш кансерватыўным. А тут – усё змянілася. Цікавасць да колераў як сродку ўвасаблення ідэй у мяне была і ў графіцы. Мой дыплом – каляровыя лінарыты паводле паганскіх вершаў Максіма Багдановіча. Таму неяк усё супала. Дадалася і больш празаічная прычына: па сканчэнні БДТМІ ў мяне нарадзіўся сын, і прасцей было пісаць на кухні карціны, чым бегаць у графічную майстэрню, каб працаваць над афортамі ці лінарытамі. Але з часопісам «Маладосць» як ілюстратар я яшчэ пэўны час супрацоўнічала. Што будзе далей? Хто ведае. Можа, яшчэ вярнуся да графікі, якую вельмі люблю.

– Неяк вы ўдзельнічалі ў адной дыскусіі, падчас якой было выказана шкадаванне, што ў кіраўніцтве Саюза мастакоў мала жанчын. А вам ніколі не хацелася пакіраваць СМ? У вас ёсць жыццёвая пазіцыя, жаночая абаяльнасць. Па-мойму, у вас атрымалася б.

– Мастацтва любіць цішыню. Таму кіраўніцтва – зусім не маё. У мяне няма належных амбіцый і запалу, які патрэбны, каб прысвяціць жыццё ідэі перамен. Я падтрымліваю ідэю «жанчыны пры штурвале», бо пераканана, што жанчына заўсёды ўвасабленне гуманізму, яна працуе ў інтарэсах найшырэйшага кола людзей. Але мастацтва патрабуе чалавека цалкам, таму сама я планую змяняць свет да лепшага спосабам, які мне добра знаёмы.

– Нядаўна я паглядзеў выдатны аргенціна-іспанскі фільм рэжысёра Гастона Дзюпрэ «Шэдэўр» – пра аднаго мастака, чые творы ніхто не купляў. І тады яго сябра-галерэйшчык прыдумаў, як паправіць справу. Ён схаваў мастака на закінутым хутары, а ўсім абвесціў, што ён памёр. Імгненна былі скуплены ўсе карціны… Вы можаце растлумачыць, чаму так адбываецца з мастакамі?

– У свеце нямала мастакоў, творы якіх прадаюцца за годныя грошы пры жыцці. Калі ж абагульніць, то кошты на творы жывога мастака могуць змяняцца ў залежнасці ад жыццёвых абставін, а гэта не падабаецца калекцыянерам. А вось пасля смерці мастака яго творчасць можна ацаніць з большай пэўнасцю. Усё гэта – так званы арт-рынак (у Беларусі ён у зародкавым стане), дзе дзейнічаюць своеасаблівыя законы. Разумееце, дзе рынак, там і тэхналогіі па прасоўванні. І ў названым вамі фільме проста паказаны ўдалы маркетынгавы ход.

– Вашы карціны можна набыць у сталічнай галерэі «БелАрт». Сайт галерэі сведчыць: яны знаходзяць сваіх пакупнікоў. У матэрыяльным плане вы незалежны чалавек?

– Мая сістэма матэрыяльных каштоўнасцяў не ўключае імкненне да раскошы, а вось унутраная свабода для мяне каштоўнасць. Карціны час ад часу сапраўды набываюць. Таму мне ўдаецца захоўваць матэрыяльную незалежнасць, хоць, прызнацца, не надта ўстойлівую. Пакуль трымаемся.

– Ваш бацька – знакаміты мастак і доктар мастацтвазнаўства Віктар Шматаў. Ці хацелі б вы працягнуць мастакоўскую дынастыю? Скажам, каб ваша ўнучка Мія таксама стала мастачкай?

– Я за свабоду выбару. Дарэчы, і бацька мяне не агітаваў, але ўзрадаваўся, калі я прыняла рашэнне стаць мастаком. Калі загадзя падключыць дзіця да «сістэмы», то маляваць яно за гады навучыцца, але не факт, што гэта будзе ягоным пакліканнем. А гэта, на мой погляд, галоўнае. Унучка вельмі любіць маляваць, аднак яна яшчэ маленькая, і пакуль зарана будаваць планы. Пакуль галоўнае выхаванне – вучыць думаць. Хоць ідэя пра дынастыю выглядае прыгожа.

– Вы – аптымістычны мастак, гэта скажа кожны, хто пабачыць вашы жыццялюбныя карціны. А які рэцэпт аптымізму вы можаце параіць усім беларусам? Бо для песімізму ў нас падстаў, на жаль, хапае.

– Ці не занадта гэта грандыёзна – прапанаваць рэцэпт, які падышоў бы ўсім беларусам? Жыццё няспынна цячэ. Таму не сумняваюся: хутка яно зменіцца. Таму і ўсім прапаную не сумнявацца. І – радавацца нават драбязе: велічнаму небу, расквітнелым дрэвам, добрым людзям вакол. Хто ўмее трымаць смутак пад кантролем, той мае прагу да жыцця і здольнасць крочыць наперад. Асабістыя дасягненні розных людзей зліваюцца ў агульнае дасягненне, і тады яно і працуе, а не дрэйфуе па цячэнні.

Публікацыя з № 40 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»