Эліза Ажэшка

(Працяг. Пачатак у №№77–84, 86–100 за 2021 год, №№1–39.)

Эліза Ажэшка (6 чэрвеня 1841 г. – 18 мая 1910 г.)

Эліза Ажэшка – пісьменніца.

Нарадзілася ў маёнтку Мількаўшчына (цяпер Гродзенскі раён). Вучылася ў прыватным пансіёне ў Варшаве. Выйшаўшы замуж у 16 гадоў, пераехала ў мужаў маёнтак Людвінава на Брэстчыне. Там займалася асветніцкімі справамі, перажыла паўстанне 1863 года, у якім брала чынны ўдзел. Муж-паўстанец быў сасланы ў Сібір. Яна ж вярнулася ў Мількаўшчыну, а ў 1869 годзе перабралася ў Гродна, дзе пражыла да апошніх сваіх дзён. Летні час звычайна праводзіла ў сельскай мясцовасці непадалёк ад Гродна – жыла ў шляхецкіх маёнтках, запісвала беларускія народныя песні, загадкі, прыказкі, якія арганічна ўвайшлі ў яе мастацкія творы. Надрукавала разгорнуты нарыс «Людзі і кветкі на берагах Нёмана», дзе з любоўю апісала свет адораных ад прыроды вясковых жанчын, паказала хараство беларускіх народных звычаяў, багацце жывой беларускай мовы. Вяла шырокую перапіску з польскімі, рускімі, беларускімі, украінскімі літаратарамі, прымала ў сваім доме ў Гродне вядомых людзей культуры, якія заязджалі сустрэцца, і была такім чынам у курсе ўсіх вялікіх спраў і падзей. Лічыла, што інтэлігент павінен даражыць бацькаўшчынай, шанаваць яе, служыць ёй. Гэта быў адзін з пастулатаў яе дэмакратычнага светабачання.

Творчасць Э.Ажэшка прасякнута ідэямі дэмакратызму і гуманізму, прагай свабоды для роднага краю. Яна выступала за раўнапраўе жанчын у грамадстве (раман «Апошняе каханне» (1868), аповесць «Марта» (1873)). З глыбокай сімпатыяй малявала жыццё яўрэйскай гарадской беднаты (раман «Меір Эзафовіч» (1879)). Рэзка асуджала арыстакратычную шляхту за яе адрыў ад народа, касмапалітызм, маральную дэградацыю (раман «Пампалінскія» (1876)). Услаўляла гераізм паўстанцаў 1863-га і традыцыі нацыянальна-вызваленчай барацьбы супраць Расійскай імперыі (зборнік апавяданняў «Gloria victis» (1910)). З асаблівай сардэчнасцю паказвала Э.Ажэшка вясковыя тыпы, падгледжаныя ў ваколіцах Гродна (у аповесцях «Хам» (1888), «Дзюрдзі» (1885)).

Самы значны твор Элізы Ажэшка – раман «Над Нёманам» (1888), дзе паэтычна апісана вялікая рака Беларусі, на беразе якой, у лесе, – магіла палеглых у паўстанні 1863 года.

Дэмакратычна-вызваленчыя тэндэнцыі творчасці Э.Ажэшка развіваліся не без уздзеяння на яе беларускага культурна-патрыятычнага асяроддзя. Лепшым сябрам і ліратурным паплечнікам Э.Ажэшка быў беларускі паэт, пачынальнік беларускага нацыянальнага адраджэння Фрацішак Багушэвіч. Ён шмат разоў наведваў пісьменніцу ў яе гродзенскім доме, атэстоўваў яе як «каралеву жывога слова і прыгнечанай праўды», цаніў яе за глыбокую ўвагу да жыцця беларускага народа. А польская пісьменніца папулярызавала яго беларускую паэзію, лічыла аўтара «адным з самых высакародных людзей, якія служылі нашай зямлі». Творы Э.Ажэшка «Хам» і «У зімовы вечар», інсцэніраваныя і перакладзеныя на беларускую мову на пачатку ХХ стагоддзя, сталі вельмі папулярнымі на беларускіх сцэнічных падмостках і ўвогуле спрычыніліся да стварэння беларускага нацыянальнага прафесійнага тэатра.

Э.Ажэшка своеасабліва завяршала асветніцкі рух польскай літаратурнай школы Беларусі ў XIX стагоддзі і стала звяном, якое злучала краёвыя ідэі польскай літаратуры Беларусі з нацыянальна-адраджэнцкімі ідэямі беларускіх пісьменнікаў пачатку ХХ стагоддзя.

Памерла ў Гродне, дзе і пахавана на каталіцкіх могілках.

(Працяг будзе.)

Публікацыя з № 40 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»