
У гаспадарцы «Гавяды-агра» Шклоўскага раёна па ініцыятыве дырэктара нованароджаным цялятам штодня даюць па сто грамаў кока-колы, каб пазбегнуць расстройства стрававання. Дапамагае!
Непрадказальны орган – страўнік:
Парою меле ўсё, як млын,
А часам – як матор няспраўны,
Якому неўспадоб бензін.
Ды прыме ён любую ежу,
Як папярэдне «ўзяць сто грам»!
Я да такіх людзей належу,
Не давяраю дактарам.
Датычыць тое і худобы –
Яна не хоча піць ваду,
Ёй кока-кола даспадобы.
Пра гэта вам распавяду.
На ферме гінулі цяляты,
Як толькі ежу бралі ў рот,
І гаспадарка несла страты.
Дзяжурыў ночы навылёт
Ветэрынар, а ўсе даяркі
Гурмой выходжвалі цялят.
Аднак было для гаспадаркі
Карысці з гэтага няшмат:
Цяляты дохнуць быццам мухі,
Нібыта косіць іх чума.
Дырэктар учарнеў ад скрухі,
Бо выйсця нейкага няма.
Была яго надзея кволай,
Калі пачуў адну з парад,
Што ўранку трэба кока-колай –
Не малаком! – паіць цялят:
Маўляў, у страўніку цялячым
Сто грам заб’юць хваробы ўсе.
Дырэктар вырашыў: «Пабачым,
Што кола-кола прынясе…»
І скрыню гэтага напою
Купіў у краме ён, хаця
Ветэрынар, само сабою,
Казаў:
– Дырэктар – як дзіця…
Але ж куды яму падзецца?
Патрэбна выканаць загад.
Па ферме носячы вядзерца,
«Лякарствам» стаў паіць цялят.
Калі на ўсё глядзець цвяроза,
Дык доза дробнаю была,
Але якраз такая доза
Дапамагае з «пахмяла».
Ветэрынар не верыў яве,
Здзівіўся вельмі ён, калі
Усе цяляты неўзабаве
На ногі ўсталі, ажылі!
Сказаў дырэктару, што лекаў
Не трэба больш
(Ім грош цана!),
Хай кока-колу купіць лепей,
Пакуль у крамах ёсць яна.
Настрой дырэктара вясёлы,
Хоць і бядуе спадцішка:
Каштуе пляшка кока-колы
Больш, чым даёнка малака…
***
Дапамагае ім, цяляткам,
Пітва заморскага сто грам.
Што ж з хваравітым дойным статкам
Цяпер рабіць патрэбна нам?
Каб дойны статак стаў здаровым,
Я думку выкажу сваю:
Даваць сто грам віна каровам,
Сто грам гарэлкі – бугаю.
Зімой і вясной
Як зіма на вуліцы бушуе,
На жанчын, якія носяць футры,
Вока зацікаўлена кашу я
(Асабліва, калі футра з нутрый).
А вясной становішча другое:
Лепш глядзіцца
Тая маладзіца,
У якой не футра дарагое,
А ў якой кароткая спадніца…
Як дасягнуць жалобы
Каб ў жалобе пасядзелкі
Праходзілі, каб від пануры
Быў у прысутных, без гарэлкі
Патрэбна ладзіць нам хаўтуры.
Позна і рана
У мужчын здараецца ў жыцці
Парадокс: як раптам, нечакана
Не жаніўся ты да дваццаці,
Дык затым табе жаніцца рана.
Аберагае Бог
Хлапец рашыў падбіць кліны:
– Красуня! Выгляд незямны!
Чаму раней сустрэць не змог?
– Цябе аберагае Бог…
Публікацыя з № 40 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.
Поделиться ссылкой:
Падтрымаць «Народную Волю»
Добавляйте издание «Народная Воля» в избранное на Яндекс-Новости!