Юрый Пунтус

Юрый Пунтус, экс-настаўнік нацыянальнай каманды, барысаўскага БАТЭ, «МТЗ-РІПО» і жодзінскага «Тарпеда-БелАЗ», з якімі ён заваёўваў медалі і чэмпіёнства ў першынстве краіны, адкрыў сваю футбольную школу.

«Зараз, на пачатковай стадыі, не абысціся без бацькоўскага ўдзелу, – распавёў Юрый Іосіфавіч. – Трэба арандаваць палі, плаціць трэнеру… Таму пакуль што трэніроўкі платныя.

Наогул я хачу, каб было раздзяленне на дзяцей, якія трапяць у школу па адборы і па наборы. За апошнімі мы будзем сачыць і ў выпадку прагрэсу пераводзіць у «адборную» групу. Пакуль «адборныя» дзеці плацяць грошы, але ў далейшым такога быць не павінна.

Мая мара – давесці дзяцей да дарослага футбола. Але зрабіць гэта не так, як у большасці прыватных школ, калі ў 13–14 гадоў паўстае пытанне: а што з імі рабіць далей?

Калі я буду мець свой твар і побач з’явяцца людзі, якія дапамогуць развівацца, павінна быць каманда, якая гуляе ў адной з рэспубліканскіх ліг, каб у хлопцаў быў стымул займацца. Я разумею, што будзе складана, але ж, калі пачаў, адступаць нельга. Буду рухацца наперад, шукаць аднадумцаў, сяброў, людзей, якія мяне разумеюць. Калі ж убачу, што не атрымліваецца, то сваю справу спыню. Трэба быць чэсным перад сабой».

Раней Юрый Пунтус казаў, што ўзровень беларускага футбола трэба ўзнімаць праз працу з дзецьмі і падлеткамі.

«Мы пахавалі дзіцяча-юнацкі футбол, – шчыра прызнаваўся трэнер. – Мы павінны вучыць дзяцей і юнакоў, а не прыдумляць для 4–13-гадовых платныя групы і спаборніцтвы. І калі мне дзіцячы трэнер кажа, што яго каманда сямігадовых хлопчыкаў заняла першае месца ў нейкім турніры, і лічыць, што гэта неверагодны поспех, то гэта няправільна.

Не трэба ніякіх спаборніцтваў. Калі яны і патрэбны, дык толькі для эмоцый, але не для таго, каб хваліцца. На першым месцы павінна быць вучоба і на выхадзе – гатовы «тавар». І вось тут ужо мы павінны ўспомніць, хто і які ўнёсак зрабіў у падрыхтоўку таго ці іншага футбаліста. І кожны павінен атрымаць сваё».

Публікацыя з № 40 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»