Адно з апошніх даручэнняў Аляксандра Лукашэнкі Мінюсту – распрацоўка закона аб грамадзянскай супольнасці.

«Абавязкова трэба людзям і грамадству выразна даць сігнал, што такое грамадзянская супольнасць, з чаго яна ў нас складаецца, і гэта адлюстраваць у законах. Заканадаўства дакладна павінна гэта вызначаць», – падкрэсліў Лукашэнка.

Людзі людзьмі… Ці мала што ўлада беларусам тлумачыла. Але паводле новай Канстытуцыі Усебеларускі народны сход будзе фарміравацца ў тым ліку з прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. І няцяжка здагадацца, што менавіта гэты аспект асабліва важны для Лукашэнкі.

Хаця меркаванні наконт неабходнасці прыняцця закона аб грамадзянскай суполнасці прама супрацьлеглыя.

Катэгарычна «за»

– Закон аб грамадзянскай супольнасці – гэта вельмі важны закон, – гаворыць дэпутат Палаты прадстаўнікоў, кіраўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч. – Я непасрэдна як дэпутат парламента таксама бяру ўдзел у яго распрацоўцы. Аднак мы павінны не толькі прыняць закон аб грамадзянскай супольнасці, але ў далейшым павінны прыняць закон аб палітычных партыях. Таму што палітычныя партыі і грамадзянская супольнасць – гэта спосаб і формы выказвання і палітычнай актыўнасці грамадзян (законная форма выказвання), і грамадскіх ініцыятыў. І мы павінны дакладна разумець, што без моцнай грамадзянскай супольнасці, без моцных палітычных партый сістэма дзяржавы і кіраванне не могуць быць моцнымі. Таму што не бывае краіны, дзе ёсць ва ўсіх адзін пункт гледжання і адно меркаванне. Гэта вельмі дрэнна. Калі ў людзей няма магчымасці легальна, законна выказваць свой пункт гледжання, тады яны сыходзяць у іншыя формы выказвання, у тым ліку і незаконную.

Можа падацца, што Гайдукевіч раптам стаў дэмакратам. Не!

– Мы зачысцілі НДА і працягваем іх зараз зачышчаць у Беларусі, што з’яўляецца абсалютна правільным, – заявіў ён у каментарыі «Палітрынгу». – Аднак пустэчу, якая ўтварылася, мы павінны абавязкова запоўніць здаровымі патрыятычнымі ініцыятывамі, якія паміж сабой канкурыравалі б. Таму што без здаровай канкурэнцыі няма развіцця грамадства. Пры гэтым ва ўсіх гэтых законах мы павінны цвёрда паставіць заслон з’яўленню ў Беларусі любых НДА, што фінансуюцца з-за мяжы, асабліва звязаных з палітыкай. Бо мы павінны разумець, што калі Захад нешта фінансуе на тэрыторыі Беларусі, то ён адстойвае свае каштоўнасці. Ніхто ў ЗША ці ў Варшаве не перажывае за нацыянальныя інтарэсы Беларусі і народа Беларусі, яны перажываюць выключна за свае нацыянальныя інтарэсы.

Катэгарычна «супраць»

Паняцце «грамадзянская супольнасць» даўно вызначана ў сусветнай практыцы грамадска-палітычнага жыцця, таму зусім не мае патрэбы ў дадатковым вызначэнні беларускага Мінюста, лічыць сябра Цэнтральнага камітэта Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», грамадскі актывіст са стажам Сяргей Вазняк.

– Відавочна, што мы маем спробу загнаць грамадзянскую супольнасць у рамкі «дзяржаўна-грамадскіх» арганізацый, дзе значным фактарам будзе не самадзейнасць грамадзян, а адміністрацыйны кантроль. Зразумела, што Мінюстам гэта будзе зроблена, і гэта падмена паняццяў, – лічыць палітык.

Вазняк настойвае на тым, што грамадзяне павінны мець права і магчымасць на стварэнне і дзейнасць па ўласным жаданні любых сваіх арганізацый і ініцыятыў, калі толькі яны не правакуюць у грамадстве нацыянальную ці рэлігійную вайну.

– Дзяржава павінна кантраляваць толькі гэты аспект. Усё астатняе ў функцыянаванні інстытутаў грамадзянскай супольнасці – не яе справа, – упэўнены Сяргей Вазняк.

З ім салідарна намесніца старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Вольга Беляўцова. На яе думку, усе законы ў Беларусі, якія рэгулююць пытанні актыўнасці беларускага грамадства, накіраваны на блакіраванне «няправільных» ініцыятыў. Яна нагадала, што, згодна са змененым артыкулам 4 Канстытуцыі Беларусі, «дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове ідэалогіі беларускай дзяржавы».

– Хто фарміруе гэтую ідэалогію – не ясна. Але яе рамкі ў цэлым акрэслены на практыцы, і ў ёй цяпер практычна не засталося «шэрых» зон: ты альбо падтрымліваеш дзеючую ўладу, альбо не. Проста любіць жывёл і афіцыйна прасоўваць сваю любоў да іх без умовы лаяльнасці да ўлады не атрымаецца. Магу выказаць здагадку, што менавіта такія рамкі і будуць акрэслены ў новым праекце закона аб грамадзянскай супольнасці, – адзначыла Вольга Беляўцова. – Падзяліць грамадзянскі актывізм на «дрэнны» і «добры» – іншых сэнсаў у ініцыятыве я не бачу.

Аляксандр Лукашэнка абяцаў публічнае абмеркаванне

Звяртаючыся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу ў студзені гэтага года і адказваючы на пытанні прысутных, Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Калі народ падтрымае на рэферэндуме змены ў Канстытуцыю, адзін з першых законапраектаў, які будзе распрацаваны і прыняты, – закон аб грамадзянскай супольнасці. Што такое грамадзянская супольнасць? З чаго яна складаецца? Яна будзе складацца з тых людзей, якія сябе праявілі, якія з’яўляюцца сапраўднымі слупамі гэтага грамадства».

У ліку такіх люзей ён назваў прадстаўнікоў маладзёжных і ветэранскіх арганізацый, прафсаюзаў, Саюза жанчын.

Тады ён заявіў, што чакае размовы з дэпутатамі і спецыялістамі, паводле якіх крытэрыяў ад грамадзянскай супольнасці будуць фарміраваць склад дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу – па колькасці, тэрытарыяльным прынцыпе. «Гэта пытанне адкрытае. Партыі ў нас ёсць. Абмяркуем, пагаворым. Разам, як праект Канстытуцыі абмяркоўвалі, і прымем рашэнне», –  абяцаў Лукашэнка.

З «абмеркаваннем» праекта Канстытуцыі параўнанне, як падаецца, зусім недарэчнае. Бо, як вядома, апанентаў да яго не дапусцілі. Так будзе і зараз?

***

Да ведама

Паводле звестак Мінюста, колькасць палітычных партый і прафесійных саюзаў у Беларусі за апошні час не змянілася – 15 і 25 адпаведна. А вось колькасць грамадскіх аб’яднанняў стала менш за 3000, што звязана з так званай «інвентарызацыяй», як кажуць у Мінюсце, ці «зачысткай», як кажуць у народзе. Толькі за мінулыя паўгода, паводле афіцыйных дадзеных, ліквідавана каля 120 грамадскіх аб’яднанняў. Хаця кампанія ліквідацыі НГА пачалася раней.

Публікацыя з № 39 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»