Мікалай Аўтуховіч

Пасяджэнне па справе Мікалая Аўтуховіча будзе праходзіць не ў будынку абласнога суда, як паведамлялася раней, а ў памяшканні для суда ў турме, а сам суд перанеслі з 16 на 18 мая.

Мікалая Аўтуховіча затрымалі ў снежні 2020 года. Яго абвінавацілі па дзесяці артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку – у стварэнні «тэрарыстычнай групоўкі», якая нібыта дзейнічала на тэрыторыі Гродзенскай вобласці: падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі. Аўтуховіча будуць судзіць за:

– стварэнне злачыннай арганізацыі і ўдзел у ёй (чч.1−3 арт.285 КК),

– замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч.1 арт.14 і ч.2 арт.357 КК),

– здрада дзяржаве (ч.1 арт.356 КК; інкрымінавана толькі Аўтуховічу),

– распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варожасці (ч.3 арт.130 КК),

– заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч.3 арт.361 КК),

– замах на ўцягванне ў тэрарыстычную дзейнасць (ч.1 арт.14 і ч.1 арт.290-2 КК),

– акт тэрарызму і падрыхтоўка да яго (ч.3 арт.289, а таксама ч.1 арт.13 і ч.3 арт.289 КК),

– незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, у тым ліку падрыхтоўка да такіх дзеянняў (ч.3 і ч.4 арт.295, а таксама ч.1 арт.13 і ч.4 арт.295 КК),

– незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕАЭС і дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі, камплектаў боепрыпасаў да яе, выбуховых рэчываў, выбуховых прылад (ч.3 арт.333-1 КК),

– незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў (ч.1 арт.295-3 КК);

– арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт.342),

– укрывальніцтва цяжкага злачынства (ч.1 арт.405 КК).

Па некаторых з гэтых артыкулаў прадугледжана смяротнае пакаранне.

Суддзёй на працэсе прызначаны Максім Філатаў. Раней ён працаваў намеснікам старшыні і суддзёй суда Лідскага раёна, і менавіта ён разглядаў справу актывіста Вітольда Ашурка, які пазней загінуў у калоніі.

Пакуль няма яснасці, ці будзе працэс праходзіць толькі над Аўтуховічам або разам з ім будуць судзіць усю «тэрарыстычную групоўку». Нагадаем, што разам з Аўтуховічам былі арыштаваны Вольга Маёрава, Галіна Дзербыш, Уладзімір Гундар, сям’я Разановічаў, Ірына і Антон Мельхеры, Ірына Гарачкіна, Павел Сава, Віктар Снегур.

Ад сям’і Уладзіміра Гундара вядома, што суд над ім распачнецца таксама 18 мая. «Сёння з татам сустракалася адвакат. Кажа, што адчувае ён сябе нармальна, на здароўе не скардзіцца. Праўда, зламалася адна мыліца (яму далі нейкую на замену, але яны зусім розныя і нязручна хадзіць), таму, спадзяёмся, што яго заяву на тое, каб яму перадалі новыя мыліцы, не будуць хаваць дзесьці ў кабінетах па месяцах (як гэта звычайна бывае) і ў бліжэйшыя дні мы іх прывязём яму.

Паводле інфармацыі ад адваката і суддзі (яна сёння з ёй размаўляла), СУД ПЛАНУЕЦЦА АДКРЫТЫМ. Як сказала адвакат, працэс працягнецца як мінімум да канца мая, калі не больш. Судовыя пасяджэнні будуць праходзіць практычна кожны будны дзень, але больш канкрэтна будзе вядома пазней.

На жаль, у нас (у мяне і ў жонкі татавай) няма магчымасці наведваць усе пасяджэнні, таму будзем удзячны, калі журналісты, сябры, знаёмыя ці проста звычайныя людзі, якім не ўсё роўна, будуць прыходзіць і падтрымліваць іх усіх. Паверце, ім як ніколі патрэбна падтрымка ўсіх неабыякавых», – напісала на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» дачка Уладзіміра Гундара Інга Стромская.

Калі Інга агаварылася, сказаўшы пра суддзю па справе бацькі як пра жанчыну, то падобна на тое, што судзіць Уладзіміра Гундара будуць разам з Аўтуховічам. Што ж тычыцца адкрытасці пасяджэння, то суд можа адбывацца дыстанцыйна, калі абвінавачаныя знаходзяцца ў СІЗА.

Публікацыя з № 39 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»