Фота: sb.by

Станіслава Станіслававіча Шушкевіча пахавалі на Паўночных могілках сталіцы побач з маці. Калі сапраўды чалавечае існаванне на гэтым свеце не заканчваецца і на тым свеце нешта ёсць, то, думаю, Алена Людвікаўна зараз шчаслівая: сын пражыў доўгае цікавае жыццё і цяпер зноў побач з ёй.

Помста на магіле

Для яе ён быў проста любы сын – без чыноў і рэгалій. Але для Беларусі Станіслаў Шушкевіч асоба не простая, не шараговая, каб разглядаць яго пахаванне з побытавага, штодзённага пункту гледжання. Для Беларусі ён – асоба значная, адметная, выбітная. Гэта чалавек, пры якім Беларусь стала незалежнай, ён першы кіраўнік суверэннай беларускай дзяржавы, доктар навук, член-карэспандэнт Акадэміі… Чаму яму не знайшлося месца на Усходніх могілках у цэнтры Мінска, дзе з савецкіх часоў знаходзяць спачын беларускія дзяржаўныя дзеячы?

Самае прыкрае, што адказ на гэта пытанне ведае ўся краіна: Шушкевіч не любіў Лукашэнку, Лукашэнка не любіў Шушкевіча. Яны былі палітычнымі сапернікамі, апошнія 30 гадоў жорстка крытыкавалі адзін аднаго, не знаходзілі паразумення, не мірыліся. Але ці можна ладзіць палітычную помсту на магіле? Ці па-людску гэта?

Калі Аляксандру Лукашэнку не сорамна, калі не сорамна тым, хто побач з ім, то дакладна ведаю, што значнай частцы беларусаў за тое, што адбылося, сапраўды і сорамна, і балюча.

Слава зямлі беларускай?

…Як напісана ва ўсіх даведніках па беларускай сталіцы, Усходнія (Маскоўскія) могілкі ўяўляюць сабой мясцовы аналаг нацыянальнага некропаля; такія ёсць у значнай колькасці краін свету. Гэтыя клады былі адкрыты ў 1952 годзе, тут пахаваны партыйныя і дзяржаўныя дзеячы часоў Савецкага Саюза, вядомыя беларускія навукоўцы, літаратары, музыканты.

Як мінімум цэнтральная частка могілак – гэта пантэон выбітных беларусаў, славы нашай зямлі. Цяпер пахаванне тут магчыма толькі па рашэнні Мінгарвыканкама (хаця, відаць, рашэнні прымаюцца яшчэ вышэй). Гэтая частка могілак так і называецца – «участак ганаровых пахаванняў».

Самы цэнтр, перад магілай Пятра Машэрава, вольны, яго нібы зарэзервавалі на будучыню. А пахаванні зараз праводзяць у першых радах злева ад цэнтральнага ўваходу. Некаторыя – зусім нядаўнія.

Капой з жалобных вянкоў выглядае магіла Анатоля Малафеева (памёр 19 студзеня 2022 года) – у 1990–1991 гадах першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі, у 1996–2000-м – старшыні Нацыянальнага сходу.

Побач ужо нават не капой, а гарой узвышаюцца вянкі на магіле Яфрэма Сакалова (памёр 4 красавіка гэтага года) – перадапошняга кіраўніка КПБ і БССР. Наперадзе, каб бачылі наведвальнікі, выстаўлены вянок, які быў зроблены з жывых кветак, – ад Аляксандра Лукашэнкі. Не выкідаюць, хаця ён ужо зусім ссохлы.

Тут жа, у першых радах, пахаваны Аляксандр Абрамовіч, старшыня Цэнтрвыбаркама, пры якім Аляксандр Лукашэнка быў абраны на пасаду прэзідэнта, былыя кіраўнікі Мінгарвыканкама Аляксандр Герасіменка і Міхаіл Паўлаў; былы старшыня Савета міністраў Вячаслаў Кебіч (дарэчы, адна з самых сціплых магіл); Мікалай Дземянцей, які ўзначальваў беларускі Вярхоўны Савет да Шушкевіча…

Калі гаварыць пра дзяржаўных дзеячаў, то звяртае на сябе ўвагу і яшчэ адно пахаванне. У самым канцы першага рада высіцца прыгожы дарагі помнік Уладзіміру Замяталіну – таму самаму «чорнаму палкоўніку», як называлі яго журналісты, першаму беларускаму ідэолагу, які ў свой час «развёў» у Беларусі «Славянскія саборы», «Славянскія саюзы» і разам з імі праз дзяржаўныя СМІ яшчэ напрыканцы 1990-х пачаў «галасіць» па «русскому миру». Ці любіў ён хоць што-небудзь беларускае, цяжка сказаць. Але Замяталіну месца ў «беларускім пантэоне» знайшлося. Шушкевічу – не.

Хто гэтыя людзі?

Хто і як вызначае, хто варты быць пахаваны на Усходніх могілках, якім чынам вымяраюцца заслугі перад Беларуссю – вялікае пытанне.

Слава беларускай музыкі: Ігар Лучанок, Эдуард Зарыцкі, Міхаіл Фінберг, Дзмітрый Смольскі… Акадэмік, доктар Уладзімр Улашчык, народныя мастакі Беларусі Васіль Шаранговіч і Георгій Паплаўскі… І тут жа – Аляксандр Ціхановіч. Так, мы ўсе любілі «Верасы» і Аляксандра Ціхановіча, але ці ж гэта асобы адной велічыні для беларускай культуры?

Альбо хакеіст Уладзімір Цыплакоў. Кажуць, быў цудоўным чалавекам, адным з лепшых беларускіх хакеістаў. Але няўжо гэтага досыць, каб атрымаць месца апошняга супакаення на ўчастку ганаровых пахаванняў галоўных могілак краіны? Ён што, алімпійскі чэмпіён, слава беларускага спорту?

Добра, пра Ціхановіча і Цыплакова можна спрачацца. А ці ведаеце вы, чым адзначылася перад Беларуссю Святлана Кісель? Ды так, каб спачываць у нацыянальным пантэоне.

Адказ просты: гэта жонка былога кіраўніка тэлеканала АНТ Рыгора Кісяля, які, дарэчы, даўно пакінуў пасаду, але жывы. Можна весці доўгую дыскусію пра заслугі перад беларускай дзяржавай самога Рыгора Кісяля і пра тое, ці павінен ён, калі надыдзе час, быць пахаваны на Усходніх могілках. А ўжо пра жонку і гаварыць няма чаго. Нават калі яна была светлым, цудоўным, найлепшым чалавекам. Але павінна ж быць нейкае сумленне. Усё ж такі мы гаворым пра галоўныя могілкі краіны.

Выбачайце, але ці не ператвараецца наш пантэон у нейкі міжсабойчык, у нейкую карупцыйную схему праводзін на той свет?

Скрозь слёзы

Кожная частка гэтых разважанняў магла б у загалоўку мець слова «сорам», але гэтая частка асабліва прыкрая.

На участку ганаровых пахаванняў ёсць магілы, якія на фоне суседніх велічных помнікаў выглядаюць нават не сіроцкімі, а жабрацкімі: драўляны крыж, старыя выцвілыя букецікі штучных кветак. Ці бывае тут хто?.. Хаця, як вы разумееце, пакояцца тут не простыя людзі.

…У многіх гарадах Беларусі ёсць вуліцы імя Змітрака Бядулі, класіка беларускай літаратуры, паэта, празаіка, публіцыста. Змітрок Бядуля (сапраўднае імя Самуіл Іосіфавіч Плаўнік) памёр у 1941 годзе у Казахстане падчас эвакуацыі. Але ў лютым 2020 года адбылася эксгумацыя яго парэшткаў з гарадскіх могілак Уральска, і прах самалётам даставілі ў Беларусь. Праз жаданне сваякоў парэшткі некаторы час захоўваліся ў Ільінскай царкве ў Бабруйску, а 3 лістапада 2020 года, у 79-ю гадавіну смерці пісьменніка, іх даставілі ў Мінск і ўрачыста перапахавалі на Усходніх могілках.

Да арганізацыі цырымоніі два гады таму спрычыніліся Міністэрства інфармацыі, Міністэрства культуры, Мінгарвыканкам, Фонд імя Марыі Магдалены Радзівіл, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. Але ці ведаюць усе гэтыя ўстановы, што той самы крыж, які часова ўсталявалі на магіле ў 2020 годзе, стаіць на ёй і зараз? Помніка няма. Няўжо ўшанаванне Змітрака Бядулі павінна было скончыцца ўсяго толькі ўрачыстай цырымоніяй? Няўжо на помнік сіл і сродкаў у шматлікіх дзяржаўных устаноў ужо не хапіла? Няўжо на вырашэнне пытання аб помніку усё яшчэ не знайшлося часу?..

Няма нават сціплага помніка і на магіле народнага артыста БССР Генадзя Гарбука – выбітнага купалаўца, Андрэя з «Белых Рос» і Петрака са «Знака бяды». Хаця з дня смерці прайшло ўжо больш за чатыры гады…

Толькі драўляны крыж стаіць на магіле вядомага кампазітара Валерыя Іванова…

І гэта я толькі адзін рад захаванняў апісваю – самы першы!

Якімі б ні былі прычыны, але гэтыя людзі пахаваны на галоўнах могілках краіны, на «ўчастку ганаровых і пачэсных пахаванняў», таму тут ужо не толькі сваякам, а і дзяржаве павінна быць сорамна. Бо лёгка крычаць пра памяць. Лёгка абвясціць Год памяці. Але сапраўды шанаваць і помніць тых, хто нямала зрабіў для сваёй зямлі, – гэта якасць зусім іншая. Якая патрабуе не ўмення выкрыкваць прыгожыя словы, а рэальнай справы.

Інтэрнат «Вечны спачын»

Жыццё беларуса зарэгулявана дзяржавай ад нараджэння да самай смерці. І толькі з адным мы не можам вызначыцца – менавіта з памяццю. Ідэя стварэння нацыянальнага беларускага пантэона для ўшанавання выбітных сыноў і дачок беларускай зямлі агучваецца ўжо шмат гадоў, але нават грамадская дыскусія на гэтую тэму не была распачата. Хто, як, паводле якога прынцыпу можа туды трапіць? Па чыім рашэнні? За якія заслугі?

Як вынік – галоўныя, Усходнія, могілкі сталіцы з месца ўшанавання памяці выбітных землякоў ператварыліся ў нейкі інтэрнат «Вечны спачын». Цяпер проста трэба мець доступ у пэўныя кабінеты, каб атрымаць сюды допуск. Гэта няправільна. Гэта сорам! Я б нават сказала, што гэта прыніжэнне дзяржавы. І зневажанне тых, хто сапраўды заслужыў быць пахаваны з пашанай, з павагай, з дзяржаўным ушанаваннем. У рэшце рэшт, заслужыў права мець вечны супакой не абы-дзе, а побач з асобамі, роўнымі сабе.

Публікацыя з № 39 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»