Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

Апошнім часам адбываецца масавае перасяленне беларускіх айцішнікаў у іншыя краіны.

У чалавека кожнага-любога
Ніякіх лішніх органаў няма,
Таму вянцом, найлепшым творам Бога
Ён лічыцца, канешне, нездарма.
Наш арганізм чакае небяспека,
Як нейкі орган захварэў ці знік.
Узяць, напрыклад, сэрца чалавека.
Яно – амаль што вечны рухавік!
Бесперапынна, як насос, па жылах
Ганяе сэрца кроў і дзень, і ноч
(Не менш чым век камусьці паслужыла!).
Але насоса гэтага апроч,
Не абысціся нам і без пячонкі.
Я пра яе, бадай, сказаў бы так:
Пячонка – быццам фільтр для самагонкі:
Сівуху прэч, няхай жыве пяршак!
Вялі б мы лад жыцця зусім убогі,
Каб не было вачэй або вушэй.
І, безумоўна, трэба рукі-ногі.
Ды ў гэтым спісе мозг – за ўсіх вышэй!
Шчыруе мозг, так мовіць бы, да поту,
Адпачывае толькі ў небыцці,
А пры жыцці дае рукам работу,
Загадвае, куды нагам пайсці.
І гэткі ж арганізм – уся краіна:
Ёсць рукі, ногі, сэрца і мазгі.
І ўсё як след функцыяваць павінна,
Інакш у арганізма стан благі.
І варта нам прызнаць: апошнім часам
Той арганізм аж стогне, ледзь жыве.
Ёсць рукі, што завуць рабочым класам,
Але нядобра вельмі ў галаве.
Наш розум найгалоўны – праграмісты
(Пра творчы люд наогул не кажу)
У гэты неспакойны час імглісты
Гурмою падаліся за мяжу.
І не таму, што ўсе – не патрыёты,
Што стаў чужым, абрыдлым родны край.

Ім мала тут любімае работы,
Ім перш за ўсё свабоду падавай.
Я не магу пазбавіцца трывогі
І адчування блізкае бяды:
Навошта мець, скажыце, рукі-ногі,
Калі ў цябе «паехалі глузды»?

***

Народ наш падказаў мне эпілог,
Якім і завяршаю гэты верш:
Як хоча пакараць кагосьці Бог,
Дык пазбаўляе розуму найперш.

Баран і чарада

Байка

Баран найболей дужы і рагаты
Наперадзе авечай чарады
Кіруецца на пашу ці дахаты –
Такі малюнак бачым мы заўжды.
Каб след у след ішлі за ім Авечкі,
На шыі ёсць званок у Барана.
Сярод Авечак не ўзнікаюць спрэчкі,
Не рвецца збочыць нават і адна,
Бо вераць, што Баран разумны самы,
Ён куды трэба, правільна вядзе,
Не можа быць інакшае праграмы,
І лепшага, чым ён, няма нідзе.
Баран сябе й не лічыць за дурнога,
Але другім забіта галава:
Наперадзе няпыльная дарога
І свежая, смачнейшая трава.

***

Так і ў грамадстве.
Выставіўшы грудзі,
Наперад правадыр людзей вядзе.
І паслухмяна, як авечкі, людзі
Услед за ім ідуць у чарадзе…

Ёсць выбар

А на дварэ ўжо звонкі месяц май.
– Нарэшце ёлку вынес бы, гультай! –
З дакорам жонка мужа атакуе.
– Ну, вынесу… Ды пакажы – якую!

Лепшы падарунак

Сябар трапнай фразай агарошыў:

– Лепшы падарунак – гэта грошы,
Бо ніхто папрок табе не кіне,
Што ў яго ўжо маюцца такія…

Ранішнія лужы

Хто грамадскую дзейнасць вядзе,
Хто працуе да сёмага поту…
Лужы раніцай – слёзы людзей,
Што не хочуць ісці на работу.

Публікацыя з № 39 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»