Эдуард Зарэмба

Дзесяць гадоў таму не стала выдатнага беларускага футбаліста, якога называлі «каралём падкату».

Гэта інтэрв’ю з Эдуардам Дзмітрыевічам Зарэмбам было запісана на дыктафон прыкладна за паўгода да яго смерці. Гутарылі доўга, не ўсё ўвайшло тады ў надрукаваны варыянт.

Зрэшты, пра цудоўнага футбаліста і чалавека не грэх успомніць і праз дзесяць гадоў…

– Па характары я такi чалавек, што калi адзiн раз палюбiў штосьцi цi кагосьцi, то гэта на ўсё жыццё, – распавядаў Эдуард Зарэмба. – Маю на ўвазе і футбол, і розныя матчы. Заўсёды ўспамінаў i добрыя гульнi, i дрэнныя…

Наўрад цi, напрыклад, змагу забыць фiнал Кубка Саюза 1965 года з маскоўскiм «Спартаком». Як зараз, перад вачыма стаяць тыя два драматычныя паядынкi. Лужнiкi. Першы матч – нiчыя. У другiм выйграём за 20 хвiлiн да заканчэння гульнi, i тут спартакавец Хусаiнаў з яўнага становiшча па-за гульнёй зраўноўвае лiк. Дадатковы час. I зноў масквiчы забiваюць нам гол з такога ж становiшча, а лiтоўскi суддзя Андзюлiс, нават не пачырванеўшы ад сораму, залiчвае i гэты мяч. Карацей кажучы, засудзiлi нас. Ды i як было не засудзiць, калi перад сталiчным аўтарытэтам – «Спартаком» – тады шмат якiя суддзi, што называецца, прагiналiся.

Памятаю, пасля гульнi зайшоў я ў распранальню, зафундырыў у кут буцы i заплакаў. А спадар Андзюлiс пасля таго матча яшчэ гадоў пяць не паказваўся ў Мiнску – нашы балельшчыкi на поўным сур’ёзе паабяцалi яму «каралеўскi прыём». А вось нас у Мiнску сустракалi як герояў. Пётр Мiронавiч Машэраў да сябе ўсю каманду ў кабiнет выклiкаў, кажа нам: «Мужыкi, я ўсё разумею. Тым не менш пераможцы – вы. Вялiкi вам дзякуй!» I я пасля гэтага адразу ж атрымаў кватэру i машыну.

– А тытул «караля падкату» як атрымалі?

– О, да гэтага кiм я толькi не быў! У дзяцiнстве два гады стаяў на варотах, затым «камандзiравалi» ў нападзенне, пасля вызначылi месца паўабаронцы, i толькi ў 1959 годзе трэнер мiнскага «Спартака» Мiхаiл Георгiевiч Базiненка на зборах у Мукачава паставiў мяне ў абарону. Не ведаю, можа, гэта ад прыроды, але многiя сапернiкi на самай справе думалi, што я нейкi былы гiмнаст альбо акрабат. Быў у мяне свой каронны фiнт: нападаючы ўжо лiчыць, што ўцёк ад мяне, а я раблю шпагат, выкiдваю нагу ўперад i акуратненька выбiваю мяч. Супрацьяддзе ад такога фiнта доўга не маглi знайсцi.

– Эдуард Дзмiтрыевiч, а, скажам так, «сяброўскiя адносiны» памiж камандамi ў тыя часы мелi месца?

– Вы маеце на ўвазе дамоўленыя гульнi? Раскажу адну такую гiсторыю. Прыязджае ў Мiнск на матч чарговага тура бакiнскi «Нефтчы». Мы традыцыйна трэнiруемся ў Стайках, адпрацавалi на полi, блукаем па базе, што называецца, гармонiю ўдыхаем.

Бачым – таксi падрульвае, i з яго выходзяць iгракi «Нефтчы» Толiк Банiшэўскi i капiтан каманды Эдзiк Маркалаў. Падклiкаюць да сябе мяне i нашага «кэпа» Эдзiка Малафеева i адразу ж «быка за рогi». «Хлопцы, давайце толькi без крыўды. Вы зараз дрэнна гуляеце, мы – цьфу i расцерцi, – самакрытычна заяўляе Маркалаў. – Нiчыю раскатаем? А мы вам такiм жа чынам адплацiм у Баку. I вам, i нам два ачкi лiшнiмi не будуць».

Малафееў збiрае каманду, тлумачыць сiтуацыю: так, маўляў, i так – «Нефтчы» «парламенцёраў» прыслаў… I хiтравата пацiрае рукi: «Прызналiся недалёкiя, што яны зараз анiякiя. «Кiданём» нашых паўднёвых сяброў?» Усе ў адзiн голас: «Кiданём, кiданём!..» Карацей, гiсторыя закончылася тым, што прайгралi мы «Нефтчы» i дома – 0:2, i ў Баку 0:5. Затое сумленне засталося чыстым.

Ведаю, што паўднёвыя каманды былi вельмi гасцiнныя. Як жартавалi раней: «Каньяк-маньяк, шашлык-башлык – традыцыйны атрыбут кожнага мерапрыемства».

– Не без гэтага, але без анiякага намёку на тое, што за пачастункi трэба здаваць гульню. Пасля матча маглi па-сяброўску пасядзець, мяне, напрыклад, амаль заўсёды запрашаў да сябе дадому мой сябар Аванес Саркiсян. Гэта падчас паездак за мяжу любiлi для савецкiх каманд банкет закацiць. Так бы мовiць, паказаць, як у iх «капiталiзм загнiвае».

– Нармальна «загнiваў»?

– До-о-обра! Хоць самi разумееце, якiя тады былi ў нас часы: кантроль за футбалiстамi, розныя «кiраўнiкi каманд» ад КДБ…

Да мiнскай каманды такi кiраўнiк таксама быў прыкамандзiраваны?

– А што мы – выключэнне? З намi пастаянна ездзiў пад выглядам спартыўнага чыноўнiка камiтэтчык, якога мы называлi «Агент 007» альбо проста «дзядзька Вася». Дабрадушны чалавек, як у песнi: «Правда, толку с него было как с козла молока, но вреда, однако, тоже никакого».

Аднойчы прыязджаем у Грэцыю, а наш аўтобус не ў гасцiнiцу рулiць, а ў савецкае пасольства – ага, «дзядзька Вася» ў чарговы раз пакет каму трэба перадае.

А то сабралiся мы неяк на таварыскiя гульнi ў Фiнляндыю. Напярэдаднi выклiкаюць усiх на Лубянку – i адразу ж у абарот: «Таварышы, вы згуляеце з фiнскiмi прафесiянальнымi камандамi пяць гульняў i павiнны разумець, што на сённяшнi момант Фiнляндыя не вельмi сяброўская краiна ў адносiнах да нас. Нiякiя пройгрышы тут не прымаюцца – зарубiце сабе гэта самi ведаеце на чым».

Мiнскi «Спартак» тады нi разу i не прайграў.

– Так, толькi адзiн раз унiчыю згулялi, але слухайце, што было… Прыязджаем у Фiнляндыю, трэнiруемся так, быццам на фiнал Кубка Саюза збiраемся выйсцi, – поўная баявая гатоўнасць. Выходзiм на поле, застаецца некалькi хвiлiн да пачатку матча – нашых фiнскiх прафесiяналаў нi сном, нi духам. Што за д’ябальшчына такая?!

I тут пачынаецца самае смешнае. На нейкай суседняй са стадыёнам лесапiлцы гучыць гудок, i лiтаральна праз некалькi хвiлiн на поле выбягаюць рабацягi з гэтай самай лесапiлкi. «Дзе тут русскiя, з якiмi трэба гуляць?»

Хто мяне асабiста ўразiў, дык гэта адзiн фiнскi аднарукi iгрок – такога, шчыра скажу, я яшчэ нiколi не бачыў. Выйгралi мы тады – 15:1, на банкеце фiны пытаюцца ў нас: «Вы што, ненармальныя так па полi бегаць?» I прапаноўваюць нам выпiць, пакурыць. А мы ж як спартсмены, маральна падкаваныя на Лубянцы, толькi адмахваемся: «Не, не, якi алкаголь, якiя цыгарэты!..» Тут фiны зусiм вочы акруглiлi: «Вы наогул нармальныя цi гуляць прыехалi?»

– Нашы футбалiсты i на самай справе былi тады такiя «рэжымiстыя»?

– Маглi сабе, канешне, дазволiць, але асабiста я гарэлку ўпершыню пакаштаваў толькi ў 33 гады. «Кефiрам» у камандзе нават называлi.

– Эдуард Дзмiтрыевiч, тады ў вас, напэўна, было шмат прыхiльнiц?

– Прыхiльнiцы, безумоўна, былi, але я, скажу шчыра, лiчу сябе шчаслiвым чалавекам, бо ажанiўся рана – у 21 год. У мяне аказалася цудоўная жонка, а таму пытанне прыхiльнiц пасля жанiцьбы неяк адпала само сабой.

– Зафутболiў Эдуард мяч куды падалей, i знайшла яго…

– Можаце смяяцца, але гiсторыя не менш рамантычная. Па натуры я такi чалавек, што нiколi не любiў нейкiя танцулькi цi шумныя вечарынкi. I вось, памятаю, студзень, студэнцкiя канiкулы. У адзiн прыгожы дзень заходзiць да мяне сябра i кажа: «Эдзiк, ну што ты сядзiш тут, як той рак-пустэльнiк? Сёння ў Оперным тэатры студэнцкi бал, пайшлi сходзiм. Можа, пасля мне яшчэ i дзякаваць будзеш». Угаварыў.

Прыйшлi, забралiся на балкон i, бы тыя горныя арлы, назiраем зверху, як народ весялiцца. Сябра зноў чапляецца: «Эдзiк, ву-унь дзяўчына. Iдзi патанцуй з ёй! Во, малайчына! А ты мне таксама пакажы якую-небудзь…»

Што б вы думалi?! Я ажанiўся з той, якую паказаў мне сябра, а сябра – на «маёй» кандыдатуры. Мы са Святланай ажанiлiся пасля трэцяга нашага спаткання. А навошта гуму цягнуць? Сустрэлiся, я i кажу будучай жонцы: «Ведаеш, у футбалiстаў такое жыццё, якое звычайна называюць «на чамаданах». Так што даруй, любая, але абходжваць цябе мне няма калi. Я цябе кахаю, i, думаю, гэтага дастаткова, каб нам ажанiцца ўжо зараз». Згадзiлася, i вяселле мы адсвяткавалi ў дзень Святланiнага 20-годдзя.

– Вы ж затым са сваёй жонкай i ў школе разам працавалi.

– Нi многа нi мала, а 10 гадоў яна за мяне i за сябе зарплату атрымлiвала.

– Эдуард Дзмiтрыевiч, пасля футбола вы ж не адразу падалiся ў педагогi…

– Усё куды больш празаiчна. Пасля таго як я павесiў буцы на цвiк, пайшоў працаваць у дзiцячую спартыўную школу трэнерам. Жонка, натуральна, «у нажы»: «Гуляў у футбол – дома не было, закончыў гуляць – iзноў у раз’ездах. Што за жыццё такое?!» Давялося пагадзiцца са сваёй палавiнай i пайсцi працаваць да яе ў школу.

– Але ж я дакладна ведаю, што ў вас быў i больш спакойны варыянт. Пасля таго як вы развiталiся з футболам, вам паступіла прапанова ад генерал-лейтэнанта Мiкалая Чаргiнца…

– Была справа. Коля таксама гуляў у футбол, пасля пайшоў па мiлiцэйскай лесвiцы i на самай справе прапаноўваў працаваць у iх структуры начальнiкам спартыўнай падрыхтоўкi. Ды не мог я наступiць на горла ўласнай песнi. Нiколi не змог бы насiць мiлiцэйскую форму.

– Вам не падабалася толькi форма цi сам змест працы?

– У мяне свае асацыяцыi i са зместам, i з формай, а апошнюю я ненавiдзеў са страшнай сiлай.

– Цiкава! Каманда «Дынама», за якую вы гулялi, таксама ж адносiлася не да нейкага гандлёвага ведамства…

– Там я гуляў у футбол, а не хадзiў патрулём. А маё стаўленне да мiлiцыi склалася яшчэ ў дзяцiнстве. Я жыў у Мiнску ў раёне, якi называўся Сельгаспасёлак. Пасляваенны час, вулiчная дзятва, пастаянныя групавыя пабоiшчы з iншымi раёнамi, разборкi з мiлiцыяй – усё гэта я прайшоў. I, ведаеце, амаль усе мае тагачасныя сябры, з якiмi я вырас, перасядзелi ў розных турмах. Я не скажу, што i сам быў хлопчыкам-«кветачкай» – мяне вучылi, як трэба «скубаць» кiшэнi i торбы, але футбол дапамог мне знайсцi сваё месца ў жыццi. Аднак жа тое, што было, з памяцi не выкiнеш.

Публікацыя з № 39 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»