Іх гістарычны след. Аляксандр Рыпінскі і Вінцэсь Каратынскі

Аляксандр Рыпінскі

(каля 1810 г. – 1900 г.)

Аляксандр Рыпінскі – паэт, вучоны-фалькларыст, першы гісторык беларускай літаратуры.

Іх гістарычны след. Аляксандр Рыпінскі і Вінцэсь Каратынскі
Аляксандр Рыпінскі

Нарадзіўся ў фальварку Кукавячына Віцебскага павета (цяпер Віцебскі раён). Вучыўся ў Віцебскай гімназіі, дзе добра авалодаў рускай і польскай мовамі, таму ўжо там змог перакласці на польскую мову «Русалку» А.Пушкіна. У 1829–1830 гадах працягваў вучобу ў Дынабургу (цяпер Даўгаўпілс, Латвія) у школе прапаршчыкаў.

Адной з самых значных падзей гэтага часу А.Рыпінскі лічыў знаёмства з В.Кюхельбекерам, які адбываў тады пакаранне ў Дынабургскай крэпасці. Разам з сябрамі па школе Рыпінскі патаемна наведваў зняволенага дзекабрыста, дапамагаў яму перапісваць творы, прыносіў літаратуру. Беларускі шляхціц захапляўся нязломнасцю духу рускага пісьменніка. У каментарыях да сваёй асноўнай кнігі «Беларусь», выдадзенай на польскай мове ў Парыжы ў 1840 годзе, А.Рыпінскі пісаў пра В.Кюхельбекера: «Моцнае і загартаванае сэрца, трэба думаць, білася ў яго грудзях, калі вусны, гэты непасрэдны выразнік нашых пачуццяў, ніколі ні перад кім не вымавілі слова скаргі на такую суровую долю».

Сам А.Рыпінскі загартаванасць сваёй волі выявіў падчас паўстання 1831 года. Калі будучыя прапаршчыкі атрымалі загад выступіць супраць інсургентаў, ён не раздумваючы перайшоў на бок патрыётаў, удзельнічаў у баях з царскімі войскамі. Пасля правалу рамантычных паўстанцкіх планаў, ратуючыся ад катаргі, А.Рыпінскі разам са сваім атрадам перайшоў мяжу з Прусіяй. На новы 1832 год напісаў там верш «Да Польшчы на апошняй мяжы княства Пазнанскага каля Мальбурга (па дарозе ў Францыю)».

У Парыжы А.Рыпінскі жыў з 1832-га па 1846 год; у суполцы з Ф.Ходзькам адкрыў там мастацкі магазін, чытаў на пасяджэнні Польскага літаратурнага таварыства лекцыі па беларускай этнаграфіі і фальклоры (1839) – першы ў Заходняй Еўропе курс па беларусазнаўстве. Быў абраны членам Французскай акадэміі прамысловасці, сельскай гаспадаркі, рамёстваў і гандлю. Да гэтага часу адносіцца сяброўства яго з А.Міцкевічам, заснаванае на блізкасці грамадскіх і эстэтычных поглядаў. Несумненна, аўтар «Пана Тадэвуша» паўплываў на рашэнне А.Рыпінскага сабраць свае лекцыі і выдаць кнігу «Беларусь», першую такога тыпу ў Заходняй Еўропе. Тут ахарактарызаваны фальклор, музыка, песні і танцы «простага люду» (праўда, аўтар памылкова лічыць, што насяляе ён «польскую правінцыю», хоць польскай мовы і не ведае). Вусная народная творчасць упершыню сістэматызавана паводле жанраў і тэматыкі. Побач з фальклорнымі творамі, запісанымі па памяці, змешчаны беларускія вершы яўна літаратурнага паходжання. Такім чынам, «Беларусь» выконвала ў пэўным сэнсе ролю першай беларускай хрэстаматыі.

З Парыжа А.Рыпінскі ў 1846 годзе пераехаў у Лондан, дзе паказаў сябе як добры педагог і прадпрымальнік: выкладаў мовы, матэматыку, маляванне (творы і дыпломы яго вучняў і цяпер захоўваюцца ў музеі прыгараднага Тотнэма), стаў піянерам фотамастацтва. Заснаваў у 1852 годзе ў Тотнэме вольную славянскую друкарню, у якой выдаў і свае кнігі на польскай і беларускай мовах (беларуская рамантычная балада «Нячысцік», польскія зборнікі вершаў «Паэтычныя творы», «Сяржант-філосаф»). Там жа друкавалася польская эмігранцкая газета «Demokrata Polski» («Польскі дэмакрат»). У друкарні А.Рыпінскаму даводзілася адразу быць, як ён потым успамінаў, «аўтарам, наборшчыкам, карэктарам, рэдактарам, друкаром, брашуроўшчыкам, нават кнігаром, апрача абавязкаў прафесара».

У 1859 годзе А.Рыпінскі вярнуўся на радзіму, дзе адразу трапіў пад пільны нагляд паліцыі. У вершаваным запісе ў рукапісным альбоме віцебскага паэта Арцёма Вярыгі-Дарэўскага выказаў любоў да «нашай» – беларускай – мовы. Дапамагаў маладым пісьменнікам і мастакам. У лісце да Адама Плуга, польскага пісьменніка і выдаўца, народжанага ў Беларусі, прызнаў, што раней памыляўся, калі лічыў Падзвінне польскім краем. Пачаў пісаць гісторыю беларускай літаратуры, куды ўключаў і польскамоўных пісьменнікаў. Сабраў біяграфіі 55 аўтараў, запісваў іх творы (сшытак з імі яшчэ ў 1930-я гады захоўваўся ў прафесара БДУ Міколы Піятуховіча). Такім чынам, можна лічыць А.Рыпінскага не толькі паэтам рамантычнага кірунку і вучоным-фалькларыстам, але і першым гісторыкам беларускай літаратуры.

Дзе памёр і пахаваны – не вядома.

Вінцэсь Каратынскі

(15 жніўня 1831 г. – 7 лютага 1891 г.)

Вінцэсь Каратынскі – паэт.

Іх гістарычны след. Аляксандр Рыпінскі і Вінцэсь Каратынскі
Вінцэсь Каратынскі

Нарадзіўся ў вёсцы Селішча Навагрудскага павета (цяпер Карэліцкі раён) у беднай сялянскай сям’і. Нейкі час працаваў хатнім настаўнікам, потым дапамагаў У.Сыракомлі перапісваць творы. З сярэдзіны 1850-х гадоў на старонках віленскіх газет і часопісаў пачынаюць з’яўляцца яго польскія вершы, публіцыстычныя і крытычныя артыкулы, а таксама пераклады з французскай, рускай і чэшскай моў (перакладчык перапісваўся з чэшскім грамадскім дзеячам Вацлавам Ганкам). Сумесна з У.Сыракомлем перакладаў песні П.Ж.Беранжэ, якія ў 1859 годзе выйшлі ў Вільні асобнай кніжкай.

Арыгінальная творчасць В.Каратынскага дзеліцца на беларускую і польскую часткі. З беларускай да нас дайшлі толькі тры вершы: «Уставайма, братцы, да дзела, да дзела!», прыкладзены да віленскага «Альбома» ў гонар Аляксандра II ад імя «літоўска-рускай мужыцкай грамады», лірычная «Туга на чужой старане», выкліканая, відаць, ад’ездам з Вільні ў Варшаву, і вершаваны запіс у «Альбоме» А.Вярыгі-Дарэўскага, зроблены ў Вільні ў кастрычніку 1858 года. Першы з гэтых твораў доўга лічыўся «згодніцкім», вернападданніцкім у адносінах да царскага самаўладдзя. Аднак пры больш уважлівым аналізе аказваецца, што аўтар хацеў выказаць найяснейшай асобе сялянскую крыўду на цяжкае жыццё ў «цёмнай святліцы», звярнуць грамадскую ўвагу на набалелыя праблемы.

Польская частка творчасці В.Каратынскага больш багатая і разнастайная. У яе ўваходзяць вершаваны зборнік «Чым хата багата, тым рада» (1857) з прадмовай У.Сыракомлі, паэма «Таміла» (1858), дыдактычная гутарка «Выпіў Куба да Якуба» (1859), скіраваная супраць злоўжывання алкаголем у вёсках (тады паўсюдна ў Беларусі і Літве закладваліся гурткі цвярозасці, якія пераследаваліся ўладамі). У іх сялянскае жыццё паказана з пункту гледжання сялян.

Аднак у гэтых зборніках асаблівую каштоўнасць маюць не самі вершаваныя тэксты (у майстэрстве Каратынскі саступаў Сыракомлю), а празаічныя каментарыі да іх. У падрабязных тлумачэннях выказаны сур’ёзныя думкі аб прызначэнні літаратуры і мастацтва ў грамадстве. Да прыкладу, у каментарыях да паэмы «Таміла» аўтар патрабуе дзейсных, актыўных узаемаадносін паміж мастацтвам і жыццём. Сына селяніна з Селішчаў можна лічыць пачынальнікам новай, дэмакратычнай і рэалістычнай, эстэтычнай думкі ў гісторыі літаратуры Беларусі.

Ратуючыся ад магчымых рэпрэсій пасля паражэння паўстання 1863 года, В.Каратынскі пераехаў з Вільні ў Варшаву, дзе амаль 30 гадоў плённа працаваў у самых папулярных газетах і часопісах. Большасць яго артыкулаў, натуральна, прысвечана родным мясцінам, інтэлектуальнаму жыццю ў Вільні і Навагрудку.

У гэты час ён напісаў і надрукаваў некалькі кніг па гісторыі культуры, выдаў дзесяцітомны збор твораў свайго настаўніка У.Сыракомлі. У журналістыцы плённа працавалі яго сыны і ўнукі.

Памёр і пахаваны ў Варшаве.

(Працяг будзе.)

Публікацыя з № 38 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»