Бег на месцы

Сёння, 13 мая, у Фінляндыі стартуе чэмпіянат свету па хакеі, а для нацыянальнай каманды Беларусі ён скончыўся, нават не пачаўшыся. Як вядома, Міжнародная федэрацыя хакея з-за падзей ва Украіне адхіліла зборныя і клубы Беларусі і Расіі ад удзелу ў турнірах пад яе эгідай, таму нашы «майстры канькоў і клюшкі» чужыя на гэтым свяце і будуць назіраць за баталіямі на фінскіх лядовых арэнах па тэлевізары ці ў тэлефоне.

Хаця, каб не было так крыўдна за грошы, выплачаныя трэнерам за працу на працягу года, некалькі матчаў зборныя Беларусі і Расіі ўсё-такі згулялі. Пры гэтым з пяці гульняў у Туле і Санкт-Пецярбургу беларусы выйгралі толькі адзін – у расійскай «маладзёжкі». Аднак у выніку на турніры ў Піцеры, у якім удзельнічалі тры каманды, узялі ганаровае «серабро». Так што ва ўсім можна знайсці нешта станоўчае. Хіба на чэмпіянаце свету беларуская зборная магла марыць пра 2-і радок турнірнай табліцы?!

Ды і галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі Крэйг Вудкрафт, мяркуючы па ўсім, задаволены тым, як развіваюцца падзеі.

«Ганаруся гульнёй сваёй каманды, – выказаўся ён пасля паражэння сваіх падначаленых у фінале турніру ў Санкт-Пецярбургу. – Хлопцы паказалі волю да перамогі, дзейнічалі на добрых хуткасцях. Мы на роўных гулялі са зборнай Расіі, але, на жаль, не рэалізавалі свае моманты. Мы правялі цудоўныя дзесяць дзён у Расіі! Для нашых маладых ігракоў – гэта добрая магчымасць праверыць сябе з моцным сапернікам. А для трэнераў – ацаніць, на што здольныя нашы хакеісты. Яны зрабілі выдатную работу».

Трэба адзначыць, што «воля да перамогі» ва ўяўленні Вудкрафта – гэта калі твая каманда выйграе па ходзе матча 2:0, а ў выніку саступае з лікам 2:3.

Многія балельшчыкі на спартыўных форумах адразу ж ацанілі рыторыку канадскага спецыяліста, які, відаць, ужо добра прыстасаваўся да беларускіх рэалій.

«Зараз замест удзелу ў буйных міжнародных турнірах, толькі так і будзеш праводзіць «цудоўныя дні».

«Дзе б знайсці такую працу?»

«Добра так на дзяржаўным забеспячэнні жыць…»

«Навошта ім чэмпіянат свету? З’ездзілі ў Расію, занялі другое месца на турніры з трох каманд, атрымалі кантрактныя грошы – і ўсе задаволены».

«Пасля такога выніку канадцу, магчыма, яшчэ і заробак павысяць, каб па тэлебачанні паказваць. А вы кажаце, што ўсе замежнікі разбегліся. Глядзіце, Крэйг з намі!»

Старшыня Федэрацыі хакея Аляксандр Багдановіч, больш вядомы нам як алімпійскі чэмпіён па веславанні, таксама знаходзіць у такой міжнароднай ізаляцыі свае плюсы. На яго думку, у нас зараз «самы час магчымасцяў, каб перабудавацца» і амаладзіць зборную.

Не даходзіць, напэўна, да яго, што лепш за ўсё зборнай праяўляць свае здольнасці на спаборніцтвах самага высокага ўзроўню разам са шведамі, канадцамі, чэхамі, а не з другім ці трэцім складам зборнай Расіі, калі даводзіцца хуценька «сцяміць на траіх».

Але не кажа пра гэта ні кіраўнік федэрацыі, ні галоўны трэнер нацыянальнай зборнай, бо наверсе песімізм могуць не так зразумець. У нас жа зараз інтэграцыя «са старэйшым братам» у самым разгары.

Вось і даводзіцца замест Фінляндыі ехаць у Тулу, а затым рапартаваць пра «волю да перамогі» і «выдатную работа».

Пэўная работа, дзеля справядлівасці, насамрэч праводзіцца, грошы на картку паступаюць спраўна, і таму ўсе задаволены. І самае галоўнае, што зараз і трэнер, і кіраўніцтва федэрацыі ўжо дакладна застрахаваны ад таго, каб атрымаць па вушах пасля магчымага правалу зборнай на першынстве свету. Няма чэмпіянату – няма праблемы! А на спаборніцтвах трох каманд на прыступку п’едэсталу гонару трапіш па-любому.

Публікацыя з № 38 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»