Віктар Бабарыка

Роўна два гады таму экс-кіраўнік «Белгазпрамбанка» зрабіў заяву пра тое, што збіраецца пазмагацца за прэзідэнцкую пасаду. Сёння ён – у калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Нагадаем: у маі 2020 года Віктар Бабарыка пакінуў пасаду кіраўніка «Белгазпрамбанка» ў сувязі з рашэннем удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах.

12 мая таго ж года ён выступіў з наступнай заявай: «Паважанае спадарства! Ніколі не думаў, што буду пісаць такі тэкст, і спадзяваўся, што заставацца на пазіцыях эканамічнага аналітыка і не займацца палітыкай мне ўдасца да надыходу новых часоў у нашай краіне. Але «ніколі не кажы «ніколі». Адным словам, я буду вылучаць сваю кандыдатуру на выбарах 9 жніўня.

Я не наіўны чалавек і цудоўна разумею тыя ўмовы і правілы гульні, якія сфарміраваны на гэтым полі ў Беларусі, а самае галоўнае – фінальную частку гэтага «дзеяння», якая была сфармулявана яшчэ ў эпоху Сталіна: не важна, як галасуюць, важна, як лічым.

Аднак, ведаючы ўсё гэта, я веру ў абмежаванасць любой неэфектыўнай сістэмы, у магчымасці, якія прадастаўляюць новыя інструменты на базе сучасных тэхналогій, а самае галоўнае – я вельмі баюся, што гэта апошні шанц хоць нейкіх выбараў у незалежнай Беларусі. І я палічыў, што нельга і нават сорамна шкадаваць пра тое, што не паспрабаваў нешта змяніць, апраўдваючыся тым, што змяніць нічога нельга».

18 мая 2020 года Віктар Бабарыка быў затрыманы і арыштаваны, у ліпені Цэнтрвыбаркам адмовіў яму ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты.

6 ліпеня 2021-га экс-банкір быў асуджаны да 14 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і зараз адбывае пакаранне ў ПК №1 г.Наваполацка.

Днямі блізкія Віктара Бабарыкі паведамілі, што ціск на былога прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду працягваецца.

«Адвакат некалькі разоў хацеў сустрэцца ў калоніі з Віктарам Дзмітрыевічам, але сустрэчу не дазволілі, заявіўшы, што ён у ШІЗА, – распавялі тыя, хто ведаюць пра сітуацыю. – Калі змясцілі ў штрафны ізалятар і калі выйдзе адтуль – не вядома, хаця, паводле некаторай інфармацыі, у ШІЗА Віктара Бабарыку змясцілі на 20 сутак.

Абарона падала заяву на наведванне Віктара Бабарыкі для аказання юрыдычнай дапамогі і аб азнаямленні з матэрыяламі дысцыплінарнай справы. У адміністрацыі прапанавалі прыехаць на прыём да начальніка калоніі 16 мая.

Неправамерныя дзеянні адміністрацыі калоніі па забароне аказання прававой дапамогі адвакаты збіраюцца абскарджваць».

Нагадаем: раней Віктара Бабарыку ўжо прыцягвалі да дысцыплінарнай адказнасці. Зараз ён стаіць на прафілактычным уліку як асоба, «схільная да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і хуліганскіх праяўленняў».

Сяргей ЗАБЛОЦКІ.

Публікацыя з № 38 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»