Фота: onliner.by

Крыху больш за паўтара месяца таму, 28 сакавіка, у Баку адбылося пахаванне першага кіраўніка незалежнага Азербайджана Аяза Муталібава. Яго палітычны лёс склаўся няпроста: яшчэ ў 1992 годзе ён страціў сваю пасаду, пазней знаходзіўся ў апазіцыі да палітычных рэжымаў Гейдара і Ільхама Аліевых.

На радзіме супраць Муталібава нават распачалі крымінальную справу, у сувязі з чым яму амаль 20 гадоў давялося жыць у эміграцыі. Аднак у 2012 годзе дазволілі вярнуцца ў Азербайджан, дзе ён спакойна жыў, атрымліваючы, дарэчы, высокую пенсію.

Калі ж Аяз Муталібаў памёр, арганізацыяй яго пахавання занялася дзяржава ў асобе першага віцэ-прэзідэнта Мехрыбан Аліевай, цырымонія развітання транслявалася ўжывую па бакінскім тэлебачанні, а яго цела знайшло апошні прытулак у Першай Алеі ганаровых пахаванняў на галоўных сталічных могілках.

З якой нагоды я ўзгадаў пра Аяза Муталібава? Па значнасці для нацыі яго ў нейкай ступені можна параўнаць з нашым Станіславам Шушкевічам, сэрца якога перастала біцца 3 мая. Як развіталася Беларусь з чалавекам, які быў першай вышэйшай службовай асобай нашай незалежнай краіны? Афіцыйныя ўлады нават вянок не прынеслі. Цырымонію паніхіды цалкам арганізавала і правяла Беларуская каталіцкая царква, жалобную імшу адправіў мітрапаліт Мінскі і Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Каля труны былі заўважаны вянкі ад дыпламатычных прадстаўніцтваў краін Еўрасаюза, Украіны, беларусаў з розных краін свету. Амбасадар Рэспублікі Польшча ў Беларусі Артур Міхальскі у суправаджэнні яго папярэдніцы з пачатку 1990-х гадоў прафесара беларусазнаўства, цяпер ужо 90-гадовай Эльжбеты Смулковай прывёз і перадаў сям’і памерлага пісьмовы адрас-спачуванне, падпісанае польскім прэзідэнтам Анджэем Дудам.

На жаль, у тых, хто прысутнічаў на жалобнай цырымоніі ў Мінскім катэдральным касцёле (а напэўна, і ў сям’і Станіслава Шушкевіча) склалася ўражанне, што Беларускай дзяржавы ўжо не існуе: яна ніводным словам спачування не праявіла сябе. Цела Станіслава Шушкевіча было аддадзена зямлі не на Усходніх могілках, дзе спачываюць былыя высокапастаўленыя асобы, а на сціплым участку блізу агароджы мінскіх Паўночных могілак.

Сёння амаль па ўсім Мінску на афішных тумбах развешаны вялікія плакаты (чамусьці карычневага колеру), на якіх абвешчана, што 2022-ы – Год гістарычнай памяці. Наогул, гістарычная памяць выбарачнай быць не можа, таму ў падручніках гісторыі звычайна пішуць пра асоб, якія пакінулі след у гэтай гісторыі, прычым незалежна ад таго, якім чынам можна сёння ацэньваць іх дзейнасць. Фактам з’яўляецца тое, што, напрыклад, у гісторыі незалежнай Беларусі адзіным нобелеўскім лаўрэатам з беларускім грамадзянствам была і застаецца пісьменніца Святлана Алексіевіч. Тут жа заўважу, што, напрыклад, яе дакументальная кніга «У вайны не жаночае аблічча» пра пакуты жанчын у часе ваеннага ліхалецця 1940-х гадоў выходзіла на самых розных мовах ці не ў сотні краін свету. Дзякуючы гэтаму твору (як і творам Васіля Быкава) шырокі свет убачыў беларускі вобраз пакут жахлівай вайны, прычым вачыма найбольш безабаронных яе сведак і ахвяр… Але перад «Годам гістарычнай памяці» згадкі пра Святлану Алексіевіч зніклі не толькі з названага дапаможніка па гісторыі Беларусі, але і нават са школьнага курса літаратуры…

У гэтым кантэксце ўжо не здзіўляешся, што ані ў выпушчаных у Мінску школьных падручніках найноўшага разліву, ані на статусных сталічных могілках цяпер не знайшлося месца і Станіславу Шушкевічу. Здаецца, што стваральнікі нейкай «новай» гістарычнай праўды сабраліся жыць і кіраваць вечна. Толькі Яе Вялікасць Гісторыя вучыць: так яно не бывае!

Лявон Баршчэўскі,

дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання.

Публікацыя з № 38 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»