Леанід Судаленка

Аксана, жонка гомельскага праваабаронцы, распавяла «Народнай Волі» пра тое, як з дзецьмі наведала мужа ў віцебскай калоніі «Віцьба».

Нагадаем, што Леаніда Судаленку асудзілі на тры гады калоніі за «арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», за «падрыхтоўку людзей для ўдзелу ў іх», а таксама за «фінансаванне такіх дзеянняў».

Пасля суда палітвязня этапіравалі ў віцебскую калонію «Віцьба», дзе ён і зараз адбывае пакаранне. Праваабаронца працуе ў 8-м атрадзе калоніі – рознарабочым на дрэваапрацоўцы.

– 15 красавіка мы былі на кароткатэрміновым спатканні з Леанідам, – кажа Аксана, жонка палітвязня. – Але з таго моманту ніводнага пісьма ад яго не атрымлівалі. Як, дарэчы, і да гэтага часу – прыйшло толькі некалькі лістоў.

Муж скардзіўся, што і яму не аддаюць лісты, якія прыходзяць у калонію.

– Як Леанід сябе адчувае?

– Выглядае добра, самаадчуванне нармальнае, хаця маюцца пэўныя праблемы са здароўем. Праўда, усе неабходныя лекі перадаюць.

Па законе муж мае права телефанаваць родным ці то раз на тыдзень, ці то раз на дзесяць дзён, але ніякіх званкоў ад яго няма.

Таксама да мужа ў сакавіку і красавіку чамусьці не пусцілі адваката. Не ведаю, з чым гэта звязана, але, спадзяюся, праблема ў бліжэйшы час вырашыцца.

Адным словам, з сувяззю – праблема. Напрыклад, у мяне 16 красавіка памёр тата, я адправіла Леаніду паведамленне пра гэта тэлеграмай. Яе прынеслі толькі 19 красавіка, патэлефанаваць таксама не дазволілі. Відаць, такім чынам мужа «перавыхоўваюць».

Хто ездзіў на кароткатэрміновае спатканне?

– Я, малодшы і старэйшы сыны. Пры гэтым малодшага, Мікіту, муж убачыў упершыню за ўвесь час зняволення – амаль паўтара года яны не бачыліся. Леанід, натуральна, быў вельмі здзіўлены.

Раней вы самі не хацелі везці Мікіту ў калонію, каб ён не атрымаў псіхалагічную траўму…

– Сын сам папрасіўся на спатканне з бацькам, і я не магла яму адмовіць. Таму іх сустрэча была знамянальная.

– Як яна праходзіла?

– Працягвалася чатыры гадзіны – з 10.00 да 14.00. Мы былі ў невялікім пакоі, у якім адначасова могуць праходзіць шэсць спатканняў. Размаўлялі па тэлефоне праз шкло. Мы добра бачылі адзін аднаго, таму ў гэтым плане ўсё прайшло нармальна.

Натуральна, Мікіта распавёў тату пра ўсё, што адбылося з ім за апошнія пятнаццаць месяцаў, – пра вучобу, заняткі спортам, дзяўчат, захапленні, паездкі.

Калі Леаніда затрымалі, малодшы сын усё-такі быў яшчэ дзіцем – у шостым класе. Гэта такі пераходны перыяд, калі хлопчыкі вельмі моцна вырастаюць. Зараз у Мікіты рост – 1 метр 74 сантыметры, выглядае ўжо як 16-гадовы падлетак. І калі муж зараз убачыў малодшага, ён проста схапіўся за галаву. Глядзеў на Мікіту, усміхаўся і здзіўлена хістаў галавой. Леанід не чакаў, што сын так змяніўся, стаў ужо дарослым.

Ён па-ранейшаму працуе ў калоніі на дрэваапрацоўцы?

– Так, лічыцца рознарабочым. Зграбаюць пілавінне, выносяць яго. Муж пісаў, што працуе фактычна бясплатна.

Таксама ў сакавіку Леанід трапіў у турэмную бальніцу – амаль тыдзень там знаходзіўся. Відаць, падчапіў хваробу на скразняках. Была высокая тэмпература, вельмі дрэнна сябе адчуваў. Але зараз як быццам усё стабілізавалася.

Публікацыя з № 37 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»