Міністэрства аховы здароўя прыняло рашэнне аб прыпыненні з 16 мая ліцэнзій двух медыцынскіх цэнтраў – «ЛАДЭ» і «Клініка А1».

У дзейнасці згаданых медцэнтраў камісія Міністэрства аховы здароўя, паводле афіцыйнага паведамлення, выявіла шмат парушэнняў, якія нібыта і сталі прычынай прынятага рашэння.

Дададзім, што «ЛАДЭ» – буйнейшая сетка медыцынскіх цэнтраў краіны, якая працуе з 1992 года. Агульная колькасць супрацоўнікаў цэнтра перавышае дзве тысячы чалавек.

Вядома таксама, што пакуль што, да 16 мая, цэнтры працуюць у штатным рэжыме…

«У адной сацыяльна арыентаванай дзяржаве можна адным загадам закрыць буйнейшую медыцынскую арганізацыю, якае налічвае ў сваім штаце каля дзвюх тысяч урачоў, – пракаментаваў гэтае рашэнне былы ўрач 3-й Мінскай гарадской клінічнай бальніцы Станіслаў САЛАВЕЙ. – Ні міністэрства, ні праўладныя прафсаюзы не цікавяцца, што будзе з тысячамі людзей, якія працавалі ў тым жа «ЛАДЭ».

Куды пайсці дзясяткам тысяч хворых, якія даўно карыстаюцца паслугамі гэтага цэнтра? Як хутка яны знойдуць сабе, скажам, эндакрынолага ці змогуць зрабіць МРТ?

Гэта той выпадак, калі Міністэрства аховы здароўя не заўважае бервяно ў сваіх вачах, але знайшлі пылінкі ў іншых».

Урач прааналізаваў некаторыя парушэнні, з-за якіх прыпыняюць дзеянне ліцэнзіі медыцынскіх цэнтраў.

«Цэнтры дрэнна выпісваюць лісты непрацаздольнасці? І гэта кажа міністэрства пасля таго, як прымусіла выпісваць гэтыя лісты студэнтаў, у якіх нават дыпломаў няма.

Адсутнічае алгарытм аказання дапамогі ў кабінетах? Паводле іх меркаванняў, калі ў чалавека спынілася сэрца, то ўрач павінен узяць у рукі інструкцыю і чытаць, што яму рабіць. Жарт пра аперацыю з адкрытым падручнікам па анатоміі ўжо не падаецца смешным.

Не выконваюць клінічныя пратаколы? Многія з іх абнаўляліся больш за 10 гадоў таму. Калі ўрач выкарыстоўвае ў сваёй працы еўрапейскія або амерыканскія пратаколы, то ён злачынец!?

Калі праверыць гэтыя моманты, то і ўсе дзяржаўныя шпіталі павінны быць закрыты».

Станіслаў Салавей кажа, што ён не ведае, чаму прыпыняюць дзейнасць медыцынскіх цэнтраў, але выказвае некаторыя здагадкі.

«Магчыма, ўлады жадаюць больш грошай або забраць сабе іх тэхніку, – кажа ён. – Можа быць, хочуць, каб медыкі зноў вярнуліся ў дзяржаўныя ўстановы, каб такім чынам закрыць кадравыя дзіркі.

Але прыпыненне працы «ЛАДЭ» для мяне – гэта яскравы сігнал таго, што медыцыны ў нашай краіне засталося «на тры дні».

Я вельмі хачу, каб «ЛАДЭ» перажыў усё гэта і па-ранейшаму заставаўся вельмі паважаным медыцынскім цэнтрам Беларусі».

Віктар ШПАК.

***

АФІЦЫЙНА

«…не з’яўляецца экстраардынарным фактам»

Прыпыненне дзеяння ліцэнзіі на медыцынскую дзейнасць «ЛАДЭ» не з’яўляецца экстраардынарным фактам, паведаміў журналістам міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.

«Наш асноўны пасыл заключаецца ў наступным: аказанне медыцынскай дапамогі пацыентам павінна праводзіцца перш за ўсё ў бяспечных умовах. Калі гэтыя ўмовы не выконваюцца, у нас ёсць права прыпыняць ліцэнзію або пазбаўляць акрэдытацыі дзяржаўныя ўстановы аховы здароўя», – сказаў Дзмітрый Піневіч.

Адносна «ЛАДЭ» Дзмітрый Піневіч адзначыў, што цэнтр дапусціў сур’ёзныя парушэнні. Яны тычыліся, у прыватнасці, невыканання пратаколаў падчас аказання неадкладнай меддапамогі. Гэта праца на абсталяванні, якое не зарэгістравана або якое не прайшло неабходныя рэгламенты. Выяўлены парушэнні санэпідрэжыму, якія могуць пацягнуць сур’ёзныя ўскладненні або пагрозу жыццю. У прыватнасці, на захоўванні былі імунабіялагічныя прэпараты для правядзення прышчэпачнай кампаніі.

У самім «ЛАДЭ» спадзяюцца хутка выправіць недахопы і аднавіць працу.

Публікацыя з № 37 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»