На сайце Нацыянальнай акадэміі навук нават не ўзгадалі пра смерць Станіслава Шушкевіча.

Нагадаем, што 7 мая развіталіся з першым кіраўніком незалежнай Беларусі Станіславам Шушкевічам, які ў 1991 годзе быў абраны членам-карэспандэнтам Акадэміі навук Беларусі. І да гэтага часу на сайце акадэміі ў спісе членаў-карэспандэнтаў значыцца: «Шушкевіч Станіслаў Станіслававіч, радыёспектраскапія».

Аднак за дзень да развітання са славутым земляком на сайце Акадэміі навук Беларусі ніякай інфармацыі пра яго не было. Узгадвалася пра «XII Міжнародны навукова-практычны семінар для студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, выкладчыкаў і работнікаў спецыяльнасці «Лясная гаспадарка», было «віншаванне старшыні прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова з Днём Перамогі» і інфармацыя пра тое, як «кіраўнікі акадэміі ўсклалі кветкі да Абеліска на 9-м кіламетры Маскоўскага шасэ ва Уруччы», а таксама паведамленне пра смерць акадэміка Аляксандра Васільевіча Сукалы.

Пра тое, што не стала члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук, вучонага і экс-старшыні Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча – ні слова.

«Чаму акадэмія заняла такую пазіцыю?» – з такім пытаннем «Народная Воля» звярнулася да прэс-сакратара НАН Беларусі Наталлі МАРЦАЛЕВАЙ. І вось што пачулі ў адказ:

– Справа ў тым, што ў нас выстаўляецца афіцыйная інфармацыя ў першую чаргу па акадэміках. Па-другое, Станіслаў Шушкевіч ужо даўно не працаваў з Акадэміяй навук.

– Але ж ён да гэтага часу значыцца ў спісе членаў-карэспандэнтаў Нацыянальнай акадэміі навук. Ды і наогул – гэта ж першы кіраўнік незалежнай Беларусі. Няўжо было складана напісаць некалькі радкоў пра знакамітага чалавека, узгадаць яго заслугі?

– Ніякіх даручэнняў з гэта нагоды мне не было дадзена.

…Аказваецца, каб выказаць спачуванні родным і блізкім Станіслава Шушкевіча і напісаць некалькі радкоў пра гэтага чалавека, прэс-сакратару Нацыянальнай акадэміі навук неабходны былі нейкія асаблівыя «даручэнні». Проста чалавечае спачуванне, відаць, трэба ўзгадняць «на самым версе», бо вядома, як Станіслаў Станіслававіч ставіўся да гэтай улады і як улада ставілася да яго апошнім часам.

Публікацыя з № 37 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»