Ян Чачот

(Працяг. Пачатак у №№77–84, 86–100 за 2021 год, №№1–36.)

Ян Чачот (24 чэрвеня 1796 г. – 11(23) жниўня 1847 г.)

Ян Чачот – паэт, бліжэйшы сябра і аднадумца Адама Міцкевіча.

Нарадзіўся ў фальварку Малюшыцы Навагрудскага павета (цяпер Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці) у сям’і дробнага шляхціца, які служыў арандатарам маёнткаў. Дзяцінства будучага паэта прайшло ў Рэпіхаве (каля Баранавічаў).

Пасля заканчэння школы ў Навагрудку ў 1815 годзе ён паступіў адначасова з А.Міцкевічам на аддзяленне маральных і палітычных навук Віленскага ўніверсітэта, але праз год матэрыяльныя нястачы вымусілі паэта спыніць вучобу і ўладкавацца на работу ў Віленскае бюро па ўпарадкаванні архіваў князёў Радзівілаў. Нягледзячы на частыя ад’езды, сяброўскія сувязі з філаматамі і філарэтамі – членамі тайных арганізацый не перапыняліся. На студэнцкіх зборах Я.Чачот быў нязменным зачыншчыкам тэатральных пастановак, пісаў для іх на беларускай мове вершы, «хоры» і драматычныя сцэнкі. Папулярнай у філамацкім асяроддзі была песня на яго словы «Да пакіньце ж горла драць».

Я.Чачот, які быў на некалькі гадоў старэйшы за А.Міцкевіча, крыху раней, чым яго сябра, звярнуўся да скарбаў беларускага фальклору. Першы поспех маладому паэту прынеслі не лібрэта аперэты «Малгажата з Зембаціна» (хоць яго і хваліў Міцкевіч), не вершаваная хроніка Літвы і Беларусі, заснаваная на «Хроніцы» М.Стрыйкоўскага, а балады «Навагрудскі замак», «Калдычэўскі шчупак», «Мышанка», «Узногі», у якіх творча выкарыстаны мясцовыя легенды. Фактычна з іх пачынаецца рамантызм у польскай (і тым самым у беларускай) літаратуры. Разам з заахвочваннямі, якія прагучалі над Свіцяззю з вуснаў Марылі Верашчакі, яны рашуча паўплывалі на пераход А.Міцкевіча ад класіцысцкіх да рамантычных прынцыпаў творчасці. Праўда, геніяльны «вучань» неўзабаве пераўзышоў свайго часовага «настаўніка», таму што не трымаўся дакладна паданняў, а, адштурхоўваючыся ад іх, узнімаўся да мастацкіх абагульненняў. І тым не менш А.Міцкевіч застаўся вельмі ўдзячны Я.Чачоту за тое, што ён указаў яму новыя творчыя арыенціры.

У 1823 годзе Я.Чачот разам з іншымі сябрамі тайных згуртаванняў стаў вязнем турмы ў Базыльянскіх мурах, а пасля рашэння суда быў сасланы спачатку ў Кізіл, а затым у сувязі з пагаршэннем здароўя ва Уфу, дзе служыў у бюро мясцовага губернатара і заваяваў вялікі аўтарытэт. Нарэшце ў 1833 годзе яму дазволілі вярнуцца на беларускую зямлю – у Лепель, дзе ён працаваў у кіраўніцтве Бярэзінскага канала. Там паэт ізноў захапіўся беларускім фальклорам, стаў запісваць (сам і з дапамогай знаёмых) народныя песні. У 1841 годзе пераехаў на родную Навагрудчыну, у Шчорсы, дзе стаў бібліятэкарам у вядомых зборах Храптовічаў.

У 1837–1846 гадах Я.Чачот выдаў у Вільні шэсць кніжак беларускіх «Вясковых песенек», усяго каля тысячы тэкстаў, запісаных у Панямонні, Падзвінні і Падняпроўі. У першых пяці зборніках яны былі выдадзены ў польскім перакладзе, у шостым – ужо ў арыгінальным гучанні. Побач з фальклорнымі запісамі змешчаны і арыгінальныя беларускія вершы паэта. Тым самым Я.Чачот зрабіў важны для беларускай літаратуры крок наперад, даў прыклад іншым паслядоўнікам. Праўда, беларускія вершы аўтара «Вясковых песенек» не вызначаюцца высокім мастацкім узроўнем. Іх псуе дыдактызм, зададзенасць («Да мілых мужычкоў»). Паэт свядома ішоў на прымітывізм, зніжэнне да ўзроўню непісьменных сялян, якім адукаваныя і гуманныя паны будуць, як ён спадзяваўся, чытаць яго вершы і тым самым садзейнічаць маральнаму адраджэнню грамадства. Філамацкія памкненні да рашучага дзеяння змяніліся асветніцкім эвалюцыянізмам.

Вялікае значэнне для беларускай культуры маюць прадмовы і каментарыі Я.Чачота да «Вясковых песенек». У іх ён выказвае свае думкі пра жыццё беларускага народа, яго фальклор і мову. Да прадмовы ў зборніку 1846 года прыкладзены невялікі беларускі слоўнік і каля 100 беларускіх прыказак. Мова і фальклор «славяна-крывіцкіх песенек» разглядаюцца ў шырокім кантэксце, параўноўваюцца з польскімі, рускімі і ўкраінскімі аналагамі. Але найперш падкрэсліваецца іх адметнасць, арыгінальнасць. У запісаных творах, гаворыцца ў прадмове да выдання 1844 года, адчуваюцца «асаблівая прывабнасць, наватарства формы і лаканізм у перадачы пачуццяў», якіх няма «ў салонных пісьменнікаў».

Вясной 1847 года Я.Чачот накіраваўся на лячэнне ў Друскенікі (цяпер Друскінінкай, Літва), дзе і памёр. Пахаваны каля касцёла ў суседняй вёсцы Ротніца. На магіле паэта быў устаноўлены камень з вершаваным надпісам Антона Адынца: «Імя яго злучана будзе навекі ў айчыне з Адамам Міцкевічам і Тамашом Занам».

(Працяг будзе.)

Публікацыя з № 37 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»