Ирина и Станислав Шушкевичи

Пахаванне і развітанне са Станіславам Станіслававічам пройдзе ў суботу, 7 мая, – распавяла «Народнай Волі» Ірына, жонка Станіслава Шушкевіча.

– Мужа не стала мінулай ноччу?

– Калі больш дакладна, то ён памёр 3 мая ў 23.25. Вечарам вельмі моцна знізіўся ціск, і падняць яго не ўдалося.

– Ведаю, што Станіслаў Станіслававіч вельмі засцерагаўся, каб не захварэць на каранавірус, і казаў, што яго не перажыве

– Так, у мінулым годзе, калі было цёпла, увесь час сядзеў на лецішчы. Пасля таго як прыехаў у Мінск, таксама на вуліцу практычна не выходзіў.
А напрыканцы лютага гэтага года ўсё-такі захварэў на кавід. Была тэмпература, прыйшоў урач. Пазней стала горш, выклікалі «хуткую», забралі ў бальніцу.
Затым муж вярнуўся дадому, але зноў стаў дрэнна сябе адчуваць – тэмпература, вялікая слабасць, нічога не еў. Я ў чарговы раз выклікала «хуткую». Адразу паклалі ў рэанімацыю, хаця не падключалі да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. А 27 красавіка выпісалі з бальніцы і адправілі дадому.

– Як ён пасля гэтага сябе адчуваў?

– Усё было добра, я нават падумала, што крызіс мінуў канчаткова, горшае прайшло. Ужо нават дамовіліся з рэабілітолагам, каб прайсці курс рэабілітацыі. Абяцалі дапамагчы, каб справіцца і з некаторымі іншымі праблемамі са здароўем.
Адным словам, усё ішло да лепшага, а затым у адзін момант мужу стала дрэнна. 3 мая недзе ў 18.00 ён паскардзіўся на болі ў жываце, каля сямі вечара выклікалі «хуткую». Урачы прыехалі, зрабілі ўкол но-шпы, а вечарам давялося яшчэ раз тэлефанаваць на «103». На жаль, урачы ўжо нічым не змаглі дапамагчы.

Алесь СІВЫ.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»