Юльян Нямцэвіч

(Працяг. Пачатак у №№77–84, 86–100 за 2021 год, №№1–34.)

Юльян Нямцэвіч (16 лютага 1758 г. – 21 мая 1841 г.)

Юльян Нямцэвіч – ідэолаг Асветніцтва, пісьменнік, гісторык, палітычны дзеяч, падарожнік.

Нарадзіўся ў маёнтку Скокі (цяпер Брэсцкі раён). Гэтую мясціну ён апісаў ва «Успамінах пра мае часы», дзе даў каларытныя малюнкі побыту, нораваў мясцовай шляхты і сялянства.

Пачуццё нацыянальнай справядлівасці прывяло яго пад паўстанцкія сцягі Т.Касцюшкі, таксама ўраджэнца Брэстчыны. Ю.Нямцэвіч стаў яго ад’ютантам, быў паранены ў баі і ўзяты ў палон царскімі войскамі. Разам з Касцюшкам пасаджаны ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Абодва вязні, вызваленыя з няволі імператарам Паўлам I, выехалі ў ЗША, дзе Ю.Нямцэвіч прабыў з 1796-га па 1807 год і зрабіў грунтоўнае апісанне гэтай маладой дзяржавы. Тут ён зблізіўся з лідарамі амерыканскай дэмакратыі Вашынгтонам і Джэферсанам. У розныя часы сустракаўся з Напалеонам Банапартам, з Талейранам і Пальмерстонам, з рускімі імператарамі і каралямі еўрапейскіх краін. Быў ад’ютантам А.Чартарыйскага. Шмат ездзіў па Еўропе, наведаўшы Італію, Аўстрыю, Францыю, Англію, Галандыю, Германію (1783–1788).

На пачатку XIX стагоддзя Ю.Нямцэвіч зрабіў доўгае падарожжа па Беларусі, найбольш па яе заходніх землях (Слонім, Дзярэчын, Ваўкавыск, Гродна, Ліда, Навагрудак). У выніку стварыў вядомыя «Літоўскія пісьмы» (1812), у якіх крытыкаваў унутраную палітыку Расійскай імперыі, раскрыў гістарычнае мінулае радзімы, увасобіўшы карціны бітваў і вобразы легендарных князёў і палкаводцаў. Вытрыманыя ў меладычнай народна-песеннай манеры, паэтычныя творы гэтага цыклу вызначаліся адкрытай эмацыянальнасцю, высокім духам патрыятызму.

Да «Літоўскіх пісьмаў» прымыкае паэтычны зборнік «Гістарычныя песні» (1816), прасякнуты гонарам за гераічныя заваяванні айчыннай мінуўшчыны, якую моладзь павінна шанаваць. У тым жа ідэйна-мастацкім кантэксце напісаны і яго палітычныя байкі, гнеўныя сатырычныя вершы. Класічныя ўзоры яго сатыры – «Форма сапраўды вольнага кіравання», «На таргавіцкіх верхаводаў», «На сейм у Гродне», дзе высмейваецца прадажнасць магнатаў. Асуджэнне дэспатызму і патрыятычнае вальналюбства ў паэзіі Ю.Нямцэвіча высока цаніў К.Рылееў.

Ю.Нямцэвіч быў аўтарам драматычных і паэтычных твораў, раманаў і аповесцяў, падарожжаў, перакладаў з англамоўных пісьменнікаў. У кнізе «Гістарычныя падарожжы» (выд.1858) апісаў беларускія гарады, жыццё беларускіх сялян. Выйшлі яго «Гісторыя панавання Жыгімонта III» (тт.1–3, 1813–1819), «Збор гістарычных мемуараў пра старажытную Польшчу» (тт.1–6, 1822–1833), «Сучасная гісторыя» (выд.1863), «Жыццё значных людзей XVIII стагоддзя» (выд.1904).

Драматургія Ю.Нямцэвіча насычана вострай грамадскай праблематыкай і ўвасабляе актуальныя задачы часу. У камедыі «Вяртанне дэпутата» (1790) чуецца водгук гарачых дыскусій у сейме пра становішча дзяржавы і неабходнасць рэформаў. Моцным патрыятычным пачуццём поўняцца яго гістарычыя п’есы «Збраяносец караля Яна», «Ян Каханоўскі і Чарналессе», «Ядвіга», трылогія «Збігнеў». У камедыях «Сядзіба пры дарозе», «Пан Навіна», «Сябелюбец», «Дыліжанс» выкрываецца касмапалітызм шляхты, яе каставая абмежаванасць, дробязнасць спраў і інтарэсаў.

Пісьменнік стаіць ля вытокаў рамантычнай прозы, гістарычнага рамана ў польскай літаратуры. Яго раманы «Лейба і Сюра» (1811), «Два паны Сяцехі» (1815), «Ян з Тэнчына» (1825) цікавыя кантрасным супастаўленнем гераічнага мінулага Рэчы Паспалітай і сумнай тагачаснай рэчаіснасці. Любоўныя гісторыі гэтых твораў, выпісаны ў духу асветніцкага сентыменталізму, адлюстроўваюцца ў кантэксце вялікіх падзей гістарычнага значэння.

Пасля паўстання 1830–1831 гадоў, у якім Ю.Нямцэвіч брыў актыўны ўдзел, увайшоўшы ў Часовы ўрад, вымушаны быў эмігрыраваць у Францыю.

Памёр у Парыжы, дзе і пахаваны.

(Працяг будзе.)

Публікацыя з № 35 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»