Як вядома, Эманюэль Макрон ізноў абраны прэзідэнтам Францыі. Канкурэнцыя з сяброўкай Пуціна Мары Ле Пэн была жорсткай, але выбары прайшлі так, што іх вынікі ніхто не аспрэчвае.

У Францыі няма Цэнтрвыбаркама. Выбарамі займаецца Міністэрства ўнутраных спраў. На нацыянальным узроўні нагляд за тым, як праходзяць выбары, ажыццяўляе Канстытуцыйны савет Францыі (па-нашаму – Канстытуцыйны суд).

Сама працэдура галасавання таксама адрозніваецца ад беларускай.

Усе, хто ўнесены ў спісы для галасавання, атрымліваюць карту выбаршчыка. У адрозненне ад запрашэнняў узяць удзел у выбарах, якія рассылаюць беларускія выбаркамы, у Францыі гэта важны дакумент, і яго трэба прад’явіць на участку.

Як праходзіць галасаванне ў Францыі?

Таму, хто прад’явіў карту выбаршчыка, выдаюць выбарчыя бюлетэні і канверт (апошнім часам бюллетэні загадзя рассылаюцца выбаршчыкам па пошце). На кожным бюлетэні – прозвішча аднаго кандыдата.

Далей чалавек уваходзіць у кабінку для галасавання і ўкладвае ў канверт лісток з прозвішчам таго палітыка, якому аддае свой голас. Такім чынам, штучна сапсаваць бюлетэнь за таго ці іншага кандыдата няма ніякай магчымасці.

Разабраўшыся з бюлетэнем, выбаршчык падыходзіць да старшыні выбарчай камісіі ці яго намесніка і паказвае пасведчанне асобы. Пасля праверкі таго, ці сапраўды чалавек мае права галасаваць, адчыняецца скрыня для галасавання. Цяпер можна прагаласаваць – укінуць свой канверт. Пры гэтым адна з афіцыйных асоб, адказных за выбары, гучна абвяшчае: «Голас!» З аднаго боку, гэта падкрэслівае, што чалавек скарыстаўся сваім правам абіраць, з другога – дазваляе назіральнікам сачыць за колькасцю тых, хто ўзяў удзел у галасаванні.

Як праходзіць галасаванне ў Францыі?

Але на гэтым працэдура галасавання ў Францыі не заканчваецца. Далей грамадзянін распісваецца ў спісе выбаршчыкаў, а на яго карце выбаршчыка ставяць пячатку. Пры неабходнасці гэта дазволіць пераправерыць колькасць тых, хто ўзяў удзел у галасаванні.

Звярніце ўвагу: скрыні для галасавання ў Францыі празрыстыя, не залеплены пластылінам, іх нельга адчыніць збоку, знізу ці яшчэ нейкім чынам, а ўкідванне кожнага бюлетэня фіксуецца аўтаматычна.

Пасля завяршэння галасавання скрыня адчыняецца ў прысутнасці назіральнікаў ад кандыдатаў і любых выбаршчыкаў, якія маюць жаданне на свае вочы пабачыць падлік галасоў.

Сумна вядомая Лідзія Ярмошына, канешне, не паверыць, але ў Францыі тым, хто падлічвае галасы, назіральнікі чамусьці не замінаюць. Наадварот члены выбаркамаў рады, калі людзі праяўляюць цікавасць да фінальнага этапу выбарчай кампаніі. Чаму ж членам беларускіх выбаркамаў замінаюць і незалежныя назіральнікі, і выбаршчыкі, і прадстаўнікі недзяржаўных СМІ? І калі ў нас выбары будуць выбарамі, а не фікцыяй?

Публікацыя з № 34 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»