У інтэрнэце ўбачыў інфармацыю, што 30 красавіка пройдзе незвычайны шахматны турнір, у якім можа ўзяць удзел абсалютны любы жадаючы. Што гэта за мерапрыемства? Распавядзіце, калі ласка, больш падрабязна пра яго.

Сяргей КАРПОВІЧ, г.Маладзечна.

Так, 30 красавіка адбудзецца міжнародны шахматны турнір Chess Solidarity Cup у падтрымку ўкраінскіх дзяцей. Кожны ўдзельнік пры рэгістрацыі на сайце chesssolidarity.com робіць дабрачынны ўнёсак (10 еўра), а ўсе сабраныя сродкі пойдуць на дапамогу самай вялікай дзіцячай бальніцы Украіны OHMATDYT, дзе лечаць у тым ліку і дзетак, якія пацярпелі падчас вайны.

Турнір абяцае сабраць не толькі вядомых шахматыстаў, але і проста медыйных персон з самых розных сфер. Ён пройдзе на платформе lichess.org (пачатак у 18.00). Пры гэтым удзельнічаць можа кожны, хто ўмее «хадзіць канём» па шахматнай дошцы, бо галоўная місія мерапрыемства – дапамога дзецям.

– Важна было зразумець, якую катэгорыю людзей мы хочам бачыць на турніры, – распавёў галоўны суддзя спаборніцтваў, міжнародны арбітр ФІДЭ Аляксандр Прохараў. – Натуральна, патрэбны некалькі гросмайстраў, таму што яны прыцягваюць увагу да турніру, прыцягваюць астатніх аматараў, якія ў шахматы гуляюць рэдка. Але такіх людзей шмат, і іх трэба запрашаць.

Што датычыцца платформы lichess.org, на якой пройдуць спаборніцтвы, то гэта самая вялікая практычная платформа. Яна дастаткова простая для рэгістрацыі, гульні, зразумелая для абсалютна ўсіх новых карыстальнікаў. Мы распісалі палажэнні турніру, усе нюансы, вырашылі праводзіць мерапрыемства на дзвюх мовах – рускай і англійскай. Аўдыторыя будзе розная, таму важна, каб людзі разумелі адзін аднаго.

Ужо вядома, што ў шахматы будуць гуляць міжнародны гросмайстар, чэмпіён свету па бліцы сярод юнакоў, пераможца і прызёр чэмпіянатаў Беларусі Валерый Казакоўскі, чэмпіён Беларусі па спартыўнай гімнастыцы і артыст Cirque du Soleil Сямён Букін, чэмпіён свету і шматразовы чэмпіён Еўропы па самба Сцяпан Папоў, баскетбалістка Кацярына Сныціна і іншыя.

– Гэта першы шахматны турнір у маім жыцці, – кажа Сцяпан Папоў. – Чаму я ўдзельнічаю? Проста я вельмі хачу дапамагчы ўкраінскім дзецям, якія пакутуюць ад жахаў вайны.

А вось сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў, чэмпіёнка Еўропы і пераможца этапаў Кубка свету па мастацкай гімнастыцы Наталля Лешчык – зорны пасол турніру Chess Solidarity Cup.

– З шахматамі мяне пазнаёміў дзядуля, – распавяла спартсменка. – Аднойчы я запрымеціла шахматную дошку з прыгожымі фігурамі і, вядома, захацела тэрмінова навучыцца гуляць. Дзядуля быў толькі рады. Пазней я ўвесь час гуляла са сваім малодшым братам. Брат часта мяне перамагаў, але мне важней сам працэс.

Гросмайстрам я не стала, дасягнула поспеху ў гімнастыцы. Але да гэтага часу вельмі цаню дзядулевы ўрокі, бо шахматы прымушаюць думаць на некалькі крокаў наперад. Уменне думаць стратэгічна вельмі дапамагае і ў рэальным жыцці.

Вельмі рада, што зноў сяду за шахматную дошку і тым самым дапамагу ўкраінскім дзецям, якія пацярпелі ад вайны. Сябры, нават калі вы ў дзяцінстве прайгравалі свайму малодшаму брату, удзельнічаць у турніры ўсё роўна трэба. Дзеці павінны жыць!

Публікацыя з № 34 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»