«Нацысты», – абвінавачваюць украінцаў расійскія СМІ.

«Фашысты», – гавораць тыя ў адказ.

«Шавіністы», – дадае блытаніны Захад.

А беларускія афіцыйныя медыя яшчэ і пра нацыяналістаў крычаць. Усе здагадваюцца, што гэта пра нешта дрэннае, але што канкрэтна азначаюць гэтыя тэрміны?

Тэрміны адлюстроўваюць пэўныя грамадскія з’явы, і іх трэба адрозніваць. Так, як мы добра адрозніваем снег, дождж, град, туман.

Тэрмін «нацыяналізм» узнік у сувязі з імперскасцю. У імперскай дзяржаве ўлада сілай падпарадкоўвае розныя нацыі, і прадстаўнікі вялікадзяржаўнай нацыі, як правіла, грэбліва ставяцца да заваяваных меншасцяў. Акрамя таго, для існавання імперскай дзяржавы патрэбна ўніфікацыя – агульная (дзяржаўная) мова, нейкая аб’яднальная (інтэрнацыянальная) культура і таму падобнае. Але ў кожнай нацыі ёсць свае традыцыі, свая культура, свая мова як аснова культуры. І людзі той ці іншай нацыі не схільны адракацца ад свайго. Таму ў адказ на ціск з цэнтра на нацыянальных ускрайках знаходзяцца актыўныя дзеячы, якія бяруцца адстойваць інтарэсы сваёй нацыі. Іх і назвалі нацыяналістамі.

Многія даследчыкі лічаць, што нацыяналісты – гэта патрыёты сваёй нацыі. Але ясна, што так не лічылі ў імперыі, бо нацыяналістычныя настроі расколваюць імперыю на кавалкі. З нацыяналізмам змагаліся, яго шальмавалі, таму што ён разбурае імперскую дзяржаву. Беларуская прапаганда, як бачым, далёка ад імперскіх савецкіх (а цяпер расійскіх) падыходаў не адышла. Хаця мы ўжо маем сваю дзяржаву, і здаровы нацыяналізм – гэта тое, што дапамагае гэтую дзяржаву цэментаваць.

У сваю чаргу імперыя таксама мае сваіх абаронцаў. Гэта шавіністы. Добра гэта ці дрэнна, але абаронцы імперыі таксама з’яўляюцца патрыётамі . Толькі сваёй, імперскай, дзяржавы.

Шавінізм – гэта ідэалогія нацыянальнай выключнасці, якая абгрунтоўвае права на дыскрымінацыю і прыгнёт іншых народаў дзеля велічнасці вялікай дзяржавы.

Тэрмін «шавінізм» паўстаў, калі Францыя вяла захопніцкія войны ў Афрыцы. У Францыі ваяўнічым патрыётам быў напалеонаўскі салдат Шавен, ад прозвішча якога і з’явіўся тэрмін.

Так што ў расійскіх і беларускіх медыя мы бачым гэтых самых «салдат імперыі». Чаму яны ёсць у Расіі, чаму яны ў Расіі маюць вялікую аўдыторыю, цалкам зразумела. А вось чаму яны апанавалі беларускія нацыянальныя эфіры, чаму наша ўлада не бачыць у гэтым пагрозы нацыянальнай бяспецы, гэта загадка.

З тэрмінамі «фашызм» і «нацызм» у нас поўная блытаніна. Многія ўвогуле лічаць, што гэта адно і тое, таму нямецкіх салдат Другой сусветнай вайны ўпарта называюць фашыстамі і нацыстамі адначасова.

Слова «фашызм» італьянскага паходжання і фармальна значыць «вязанка галля», а па сутнасці сімвалізуе згуртаванасць людзей пэўнага тыпу. Як ідэалогія фашызм азначае, што нацыяй павінны правіць асаблівыя людзі. Магчыма, яно б і нічога, бо ўсе спрабуюць выбраць ва ўладу асаблівых, самых лепшых асоб. Але бяда ў тым, што фашысты самі сябе лічаць асаблівымі і самі сябе абіраюць. Яны ствараюць арганізацыю ордэнскага тыпу, а гэта прыводзіць да дыктатуры і таталітарызму з усімі негатыўнымі і страшнымі наступствамі.

Палітолагі сцвярджаюць, што фашызм уласцівы любой супольнасці і можа паўстаць у любой краіне. І пайшоў фашызм не з Германіі, як лічаць многія, а з Італіі. У Германіі гэтую ідэалогію «творча развілі». Да нацызму.

Хто ж такія нацысты? Калі фашысты лічаць, што супольнасцю павінны правіць асаблівыя людзі, то нацысты пайшлі значна далей: яны былі перакананы, што светам павінны кіраваць асаблівыя нацыі. Вядома, што для іх такой, выключнай, была іхняя нацыя. Астатнімі яны хацелі альбо кіраваць, альбо знішчыць, пазбавіць іх права на існаванне. Такім чынам, нацызм – гэта форма фашызму.

Любыя крайнасці – гэта зло. Асабліва ў палітыцы. Як бы яны ні называліся і чым бы ні абгрунтоўваліся. А калі ахвярамі той ці іншай ідэалогіі становяцца людзі, калі дзеля нейкіх ідэй трэба забіваць суседа, гэтаму не можа быць ніякага апраўдання.

Публікацыя з № 33 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»