
З’явілася інфармацыя, што арганізатары Уімблдонскага турніру вырашылі адлучыць ад яго не толькі расійскіх, але і беларускіх тэнісістаў.
Пра гэта паведамілі некаторыя амерыканскія СМІ са спасылкай на свае крыніцы. Раней паведамлялася, што пазбаўлены права ўдзельнічаць у Уімблдоне другая ракетка свету расіянін Дзмітрый Мядзведзеў і шэраг іншых расійскіх тэнісістаў.
Расіяне і беларусы змогуць выступаць у турнірах, якія праводзяцца пад эгідай АТП і СТА, але толькі ў нейтральным статусе.
Дарэчы, беларуска Арына Сабаленка з’яўляецца чацвёртай ракеткай свету, а ў 2021 годзе яна дайшла да паўфіналу Уімблдона ў жаночым адзіночным разрадзе.
Вікторыя Азаранка, былая першая ракетка свету, зараз знаходзіцца ў рэйтынгу на 18-м месцы.
Нагадаем, што Уімблдонскі турнір пройдзе з 27 чэрвеня па 10 ліпеня.
Як вядома, зборныя Расіі і Беларусі па тэнісе таксама адлучаны ад камандных турніраў пад эгідай Міжнароднай федэрацыі тэніса. Старшыня беларускай федэрацыі Сяргей Рутэнка ўжо раскрытыкаваў такое рашэнне.
«У нас будзе 6 мая чарговая канферэнцыя, яна будзе тычыцца пытання адлучэння тэнісных федэрацый Расіі і Беларусі.
На спартсменаў ідзе, на жаль, вельмі вялікі ціск з боку прэсы і арганізатараў. На сённяшні дзень размова ідзе пра тое, што нас хочуць адлучыць. Няма ні зразумелага рэгламенту, ні зразумелых тэрмінаў. Такое ўражанне, што яны хочуць нешта зрабіць, але не ведаюць што.
У рэшце рэшт, гэта спрэчна з юрыдычнага боку. Яны, натуральна, могуць парушыць правілы, як ужо рабілі не адзін раз. А мы будзем дзейнічаць па сітуацыі, наколькі гэта магчыма, будзем прымаць меры.
Але, на жаль, не можам спрагназаваць, што яны зробяць. Паўтаруся: калі разглядаць усе гэтыя санкцыі з юрыдычнага боку, то ніякага адлучэння не павінна быць. Хаця верыць ім нельга. Больш правільна – быць падрыхтаванымі да горшага, спадзявацца, працягваць з імі размаўляць, каб гэтага не адбылося».
Паводле слоў Сяргея Рутэнкі, на сённяшні дзень сітуацыя такая, што беларускім камандам не дазваляюць выступаць у Кубку Дэвіса і ў Кубку Білі Джын Кінг.
«Атлетам пакуль дазваляецца ўдзел пад нейтральным сцягам, без дзяржаўнай сімволікі, – дадаў спартыўны функцыянер. – Усё роўна будзем спрабаваць вярнуць гэта. Кіраўніцтва АТП і СТА казала, што яны не будуць гэтага рабіць. Але мы бачым і палітычны ціск, менавіта з боку палітычных партый краін, якія з’яўляюцца арганізатарамі турніраў.
Пакуль няма нагоды, каб спартсменаў не дапусцілі да турніраў. У рэшце рэшт, гэта і для арганізатараў вялікія грошы. Нашы спартсмены топавыя, а там, дзе высокі рэйтынг, – вялікія грошы».
У хуткім часе даведаемся, ці будуць выступаць беларускія спартсмены на Уімблдоне. Але сітуацыя – ворагу не пажадаеш. Каму патрэбны твае былыя дасягненні, калі cёння нідзе не ўдзельнічаеш? Праз некалькі месяцаў пра цябе забудуць.
Публікацыя з № 32 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.
Поделиться ссылкой:
Падтрымаць «Народную Волю»
Добавляйте издание «Народная Воля» в избранное на Яндекс-Новости!