Вольга Брыцікава

Як вядома, днямі старшыню Незалежнага прафсаюза «Нафтана» Вольгу Брыцікаву асудзілі чацвёрты раз запар. На мінулым тыдні яна павінна была выйсці на волю, але яе так і не вызвалілі. Пазней стала вядома, што жанчыну зноў арыштавалі на 15 сутак.

Нагадаем: Вольгу Брыцікаву затрымалі 27 лютага на ўчастку для галасавання падчас рэферэндуму. Яе абвінавацілі ў тым, што яна фатаграфавала бюлетэнь. Суд прысудзіў ёй 15 сутак арышту. Аднак ужо праз некалькі дзён яе асудзілі паўторна – за надпісы на куртцы «Не вайне», зробленыя на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай.

У трэці раз падставай для суда сталі паперкі з надпісамі «Не вайне» на вокнах яе кватэры. Паводле некаторай інфармацыі, падставай для чацвёртага суда стаў пост «Не вайне» ў Instagram.

Такім чынам, за кратамі прафсаюзная актывістка правядзе як мінімум 60 сутак.

«Вольга Брыцікава працягвае адбываць пакаранне там, дзе і раней, – у ізалятары часовага ўтрымання ва Ушачах, – распавёў «Народнай Волі» кіраўнік Беларускага незалежнага прафсаюза Максім Пазнякоў. – Наша калега не засталася адна, ёй рэгулярна перадаюцца перадачы.

Па лістах Вольгі адчуваецца, што яна захоўвае бадзёрасць духу, хаця санітарныя ўмовы ўтрымання не самыя камфортныя для жанчыны. Але і казаць, што нехта стварае невыносныя ўмовы, таксама не даводзіцца.

Таму дапамагаем Вользе чым можам, падтрымліваем, спадзяёмся ў хуткім часе ўбачыць яе на волі. Як быццам крымінальную справу на яе заводзіць не збіраюцца».

Публікацыя з № 31 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»