Сяргей Чэрачэнь

– Мы як афіцыйна зарэгістраваная партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» маем магчымасць займацца законнай палітычнай барацьбой, – распавёў «Народнай Волі» Сяргей Чэрачэнь. – І вось мы ўжо тры тыдні спрабуем атрымаць дазвол на правядзенне антываеннага мітынгу. Дыялог з уладамі ідзе вельмі марудна і з пэўным негатывам. Але гэта наша законнае права – арганізаваць мітынг. І мы спрабуем зрабіць усё па законе.

Я быў у Мінгарвыканкаме, у аддзеле па ідэалогіі. Там сказалі, што неабходна прадаставіць пакет дакументаў з дадатковым ўзгадненнем і падпісаннем дамоў з ГУУС, медыкамі і «Зелянбудам». Прагучала, што, калі мы будзем мець поўны пакет дакументаў, яны разгледзяць нашу заяўку ва ўстаноўленым парадку. Дарэчы, у Мінгарвыканкаме даволі ветліва патлумачылі ўсе крокі, якія мы павінны зрабіць, куды звяртацца.

Але мы завіслі на этапе падпісання дамоў!

«Зелянбуд» ужо даслаў адмову, спаслаўшыся на высокую загрузку. Зараз працуем над гэтай дзіўнай адмовай з юрыстамі, бо гэта нейкае няправільнае тлумачэнне аб немагчымасці заключэння дамовы на абслугоўванне масавых мерапрыемстваў, якія, між іншым, прадугледжаны Канстытуцыяй і заканадаўствам. Гэта наша права – правесці мітынг, а з іх боку – абавязак нам дапамагчы.

Ад медыкаў пакуль зваротнай сувязі не атрымалі, чакаем.

Бліжэйшым часам хачу яшчэ трапіць на прыём да кіраўніка ГУУС, бо ад кіраўніка ўпраўлення па правядзенні масавых мерапрыемстваў мы ўжо атрымалі вусную адмову. Матывіроўка вельмі простая: «Самі разумееце…»

У дадзенай сітуацыі мы, канешне, усё разумеем, але будзем настойваць на заключэнні дамовы. Таму мне хацелася б пагаварыць з кіраўніком ГУУС і ўсё ж настаяць на тым, што нашы правы павінны выконвацца, а далей мы будзем разбірацца з Мінгарвыканкамам. Раней пры адмове, дарэчы, спасылаліся на кавід. Але зараз сітуацыя з ім быццам бы стабілізавалася…

Што будзем рабіць, калі ўсе службы нам адмовяць?

Будзем разам з юрыстамі адстойваць нашу пазіцыю. Я разумею, што ў цяперашніх умовах гэта вельмі складана, амаль немагчыма. Але мы гатовы працаваць.

Цяпер нам патрэбны каманды аднадумцаў, якія гатовы спакойна і планамерна працаваць у рамках прававога поля і прымушаць (хоць гэта і няпростая задача) мясцовых чыноўнікаў звяртаць увагу на вострыя праблемы і жаданні грамадзян нашай краіны браць актыўны ўдзел у надзвычай складаны перыяд. Патрэбны камунікацыі на месцах і развіццё сеткі ўзаемадзеяння. У рэгіёнах заўсёды ёсць свае канкрэтныя праблемы, якія патрэбна вырашаць. На жаль, з мясцовымі чыноўнікамі мала хто сёння працуе. Няма актывістаў, якія спрабавалі б прымусць чыноўнікаў на правядзенне тых альбо іншых мерапрыемстваў.

Мне хацелася б, каб тыя, хто можа праяўляць нейкую актыўнасць, правільна аформіць просьбы з улікам усіх юрыдычных патрабаванняў, гэтым займаліся сістэмна. Я шмат езджу па Беларусі, многа з кім сустракаюся і бачу, што такі шлях – самы эфектыўны.

***

ТЫМ ЧАСАМ

Ці адбудзецца «Чарнобыльскі Шлях»?

Днямі Беларуская партыя «Зялёныя» накіравала ў Мінгарвыканкам заяўку на правядзенне традыцыйнай вулічнай акцыі «Чарнобыльскі Шлях».

Сяргей Чэрачэнь тры тыдні не можа атрымаць дазвол на правядзенне антываеннага мітынгу«Мы падалі заяўку на правядзенне акцыі пад асноўным лозунгам «Не вайне!», а таксама з патрабаваннямі недапушчэння ўдзелу беларускіх вайскоўцаў ва ўзброеных канфліктах, вываду расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі, салідарнасці з украінскім народам і недапушчэння паўтарэння Чарнобыльскай катастрофы, – распавёў «Народнай Волі» старшыня партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук. – У гэтым годзе месцам правядзення акцыі быў абраны Востраў слёз, што ў цэнтры Мінска.

Калі дазвол Мінгарвыканкама не будзе атрыманы, то акцыя не адбудзецца: мы цэнім бяспеку грамадзян».

Публікацыя з № 29 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»