17–18 ліпеня 1995 года ў Беларусі па запрашэнні Аляксандра Лукашэнкі з афіцыйным візітам знаходзіўся тагачасны прэзідэнт Украіны Леанід Кучма. Галоўным вынікам перамоў стала падпісанне Дагавора аб сяброўстве, добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Украінай. Гэты дакумент і да сёння з’яўляецца вызначальным для адносін паміж нашымі дзяржавамі. Што ў ім?

Артыкул 1

Высокія Дагаворныя Бакі засноўваюць свае адносіны на ўзаемнай павазе, даверы і згодзе, кіруючыся пры гэтым прынцыпамі павагі да дзяржаўнага суверэнітэту, раўнапраўя і неўмяшання ва ўнутраныя справы адзін аднаго, непрымянення сілы або пагрозы сілай, уключаючы эканамічныя i іншыя спосабы ціску, мірнага ўрэгулявання спрэчак, павагі да правоў чалавека і асноўных свабод, добрасумленнага выканання абавязацельстваў па міжнародным праве, а таксама іншымі агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права.

Высокія Дагаворныя Бакі прызнаюць непарушнасць існуючых паміж імі дзяржаўных граніц i пацвярджаюць, што не маюць ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій адзін да аднаго і не будуць выстаўляць такіх прэтэнзій у будучым.

Артыкул 3

Кожны з Высокіх Дагаворных Бакоў абавязваецца ўстрымлівацца ад удзелу або падтрымкі якіх бы то ні было дзеянняў, накіраваных супраць другога Высокага Дагаворнага Боку, і не дапускаць, каб яго тэрыторыя была выкарыстана на шкоду інтарэсам бяспекі другога Высокага Дагаворнага Боку.

У выпадку ўзнікнення сітуацыі, якая стварае, на думку аднаго з Высокіх Дагаворных Бакоў, пагрозу міру, якая парушае або якая закранае інтарэсы яе бяспекі, тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту, ён можа звярнуцца да другога высокага Дагаворнага Боку з прапановай неадкладна правесці кансультацыі. Высокія Дагаворныя Бакі будуць абменьвацца адпаведнай інфармацыяй і імкнуцца да ўзгаднення неабходных мер для пераадолення такой сітуацыі.

Артыкул 5

Кожны з Высокіх Дагаворных Бакоў гарантуе сваім грамадзянам, незалежна ад іх нацыянальнасці, полу, мовы, веравызнання, палітычных або іншых перакананняў, грамадзянскія, палітычныя, сацыяльныя, эканамічныя і культурныя правы і свабоды ў адпаведнасці з агульнапрызнанымі нормамі міжнароднага права.

Ці выканала Беларусь свае абавязацельствы перад Украінай?

Ці выканаў Аляксандр Лукашэнка дакумент, які сам падпісаў?

Нам кажуць, што Украіна рыхтавала напад на Беларусь. Але рэальных доказаў няма, толькі пустыя словы. І, наадварот, на вачах усяго свету Расія напала на Украіну, у тым ліку  з нашай тэрыторыі.

***

ДАРЭЧЫ

Напярэдадні Новага 2017 года Аляксандр Лукашэнка зноў сустракаўся з Леанідам Кучмам. І тады яны абмяняліся падарункамі. Кучма падарыў Лукашэнку вялікі том «настаўніка ўсіх дыктатараў» Нікола Макіявелі, а Лукашэнка Кучме – чырвонага пеўня.

Праз пяць гадоў сімвалізм падарункаў спраўдзіўся. Лукашэнка спрычыніўся да «чырвонага пеўня» ва Украіне – агню вайны, нібы кіруючыся настаўленнямі Макіявелі пра неабходнасць крывадушша і цынізму ў палітыцы.

Аднак жа «ўлюбёнец усіх тыранаў» папярэджваў сваіх паслядоўнікаў: «Нельга назваць доблесцю забойства суграмадзян, здраду, вераломства, жорсткасць і амаральнась: усім гэтым можна здабываць уладу, але не славу».

Публікацыя з № 29 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»