Вадзім Дзевятоўскі

Пасля падзей 2020 года іх лёс складваўся драматычна.

Вадзім Дзевятоўскі – вядомы кідальнік молата. Пасля Алімпіяды-2008 Дзевятоўскага і яшчэ аднаго беларускага спартсмена Івана Ціхана абвінавацілі ў выкарыстанні допінгу, але атлеты падалі ў суд. Працэс доўжыўся амаль два гады, у выніку беларусаў апраўдалі і вярнулі ім медалі.

Фактычна пасля гэтага Вадзім Дзевятоўскі спыніў сваю спартыўную кар’еру і падаўся ў палітыку – некалькі разоў быў абраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Таксама яго абралі кіраўніком Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.

Дзевятоўскі пастаянна браў удзел у розных праўладных мерапрыемствах і неаднаразова выказваўся ў падтрымку дзеючай улады.

А вось пасля выбараў у жніўні 2020 года для многіх як гром сярод яснага неба было паведамленне Вадзіма Дзевятоўскага на яго старонцы ў «Фэйсбуку»: «Лукашэнка – не мой прэзідэнт!!!» Многія падумалі, што старонку экс-дэпутата Палаты прадстаўнікоў нехта ўзламаў, каб размясціць гэты допіс, але Дзевятоўскі пацвердзіў, што пісаў сам і ад сваіх слоў не адмаўляецца.

«Я ўжо сфармуляваў сваю пазіцыю, я не змагу цяпер нешта растлумачыць, – распавядаў Дзевятоўскі журналістам. – Я ж паверыў яму… Дзіўна… Я яму, натуральна, верыў. Ён жа таксама чалавек. Скаціна я на самай справе… Ён жа верыў мне, ён заўсёды казаў: не здраджвай. Жахліва… Я ж яму не здраджваў да апошняга…

У гэтым і быў цяжкі выбар. Я бачыў, як ён шчыра перажываў за краіну. Але я сапраўды не мог беспарадкі падтрымліваць. Я ніколі не быў за гвалт, ніколі! Для мяне гэта цяжкі выбар. Прабач мне, Божа!»

Па дзяржаўным тэлебачанні допіс Дзевятоўскага ў сацыяльных сетках назвалі фейкам і дадалі, што ў былога спартсмена адбыўся нервовы зрыў.

Але сам Вадзім удакладніў, што пра Лукашэнку напісаў, таму што аб гэтым папрасіў яго брат Алег.

У верасні 2020 года на пазачарговай канферэнцыі Дзевятоўскі пакінуў пасаду старшыні Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, якую ўзначальваў амаль шэсць гадоў.

«Ніхто мяне не папракне, што я штосекундна не жыў праблемамі лёгкай атлетыкі, – сказаў на канферэнцыі Дзевятоўскі. – Я ведаю душы нашых спартсменаў, жыў гэтымі праблемамі штохвілінна, думаючы пра тое, як зрабіць лепш, каб мы гучалі яшчэ раней і лепш.

Мне нярэдка казалі: беражыце сябе. Але арганізм даў збой, і мне неабходна аднаўленне. Гэта вымушаная мера. Але мне не хочацца, каб зададзены тэмп спыняўся.

Я хацеў бы прапанаваць кандыдатуру чалавека, які мне як брат, – Івана Ціхана. Вы нават не ўяўляеце, праз якія цяжкасці прайшоў гэты чалавек.

Як толькі спраўлюся з праблемамі (у мяне ёсць і сямейныя абставіны), паспрабую вярнуцца і падхапіць тое, што мы маем».

Чым зараз займаюцца браты Дзевятоўскія?
Алег Дзевятоўскі

Алег Дзевятоўскі – у мінулым вядомы спартсмен, член зборнай Беларусі па водных лыжах. Паспяхова выступаў за нацыянальную каманду, быў неаднаразовым прызёрам на чэмпіянатах свету і Еўропы. Затым трэніраваў зборную Беларусі, быў генеральным сакратаром Беларускай федэрацыі лыжнага спорту.

Распавядалі, што падчас жнівеньскіх пратэстаў сілавікі выпадкова затрымалі ў цэнтры Мінска і братоў Дзевятоўскіх, хаця пасля гэтага выпусцілі без складання пратакола. Але на Акрэсціна абодвум давялося пабываць. Падрабязнасці знаходжання братоў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў невядомы, але пасля гэтага з’явілася інфармацыя, што Алег Дзевятоўскі зрабіў спробу суіцыду, а ўслед за гэтым і яго брат выступіў з нечаканай публічнай заявай.

Апошнім часам Вадзім Дзевятоўскі не ідзе на кантакт са СМІ, а вось у сацыяльных сетках перыядычна выказваецца: успамінае былыя спартыўныя заслугі, радуецца сённяшнім перамогам беларускіх лёгкаатлетаў і раз-пораз выносіць на суд чытачоў свае вершы.

20 сакавіка вядомы спартсмен адзначыў сваё 45-годдзе і падзякаваў усім, хто яго павіншаваў, прачытаўшы верш «Вясна».

«Хаця сёння не хапае слоў, якія аб’ядноўвалі б людзей і далі магчымасць задумацца пра галоўнае, – па-філасофску дадаў Вадзім Дзевятоўскі. – А галоўнае – гэта тое, што ў жыцці чалавека павінна адбыцца і да чаго ён павінен імкнуцца».

Што датычыцца Алега Дзевятоўскага, то вядома, што ў мінулым годзе ён ездзіў трэніравацца ў Еўропу. Алег дасканала ведае французскую мову, бо ў свой час шмат трэніраваўся ў Францыі, валодае англійскай, таму моўных праблем у працы і падчас трэніровак няма. Хутчэй за ўсё, і ў гэтым годзе беларускі спецыяліст працягвае працаваць за мяжой. Такія прафесіяналы без працы не застануцца. Шкада, што дома аказаліся непатрэбнымі.

Публікацыя з № 28 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»