Былы прэзідэнт Расіі, а цяпер намеснік старшыні расійскага Савета бяспекі Дзмітрый Мядзведзеў следам за сваім патронам прадэманстраваў пазнанні ў гісторыі. Ён падрыхтаваў артыкул па тэме польска-расійскіх адносін, у зносках да якога даў важны ідэалагічны пасыл, што тычыцца Беларусі.

«Наша савецкае імкненне дагадзіць Польшчы выражалася і ў тым, што ў дачыненні да гістарычных падзей другой паловы XVIII стагоддзя выкарыстоўваўся тэрмін «падзелы Польшчы», – піша Мядзведзеў. – Так што мы ў Расіі пачалі глядзець на гэтыя падзеі як бы з польскага пункту гледжання. Зрэшты, ні для кога не сакрэт, што, па сутнасці, Расія тады (як, дарэчы, і ў 1939 годзе) не мела ніякага дачынення да падзелаў Польшчы. Кацярына II вярнула сабе «сваё», не гандлюючыся за землі, населеныя палякамі. А вяртанне свайго нельга называць «падзелам». Польшчу тады падзялілі Прусія і Аўстрыя. А заваяваныя Літвой у сярэднявеччы землі былі далучаны да Русі. У асноўным праваслаўныя.

{…}

Сёлета спаўняецца 250 гадоў з гэтай гістарычнай падзеі, калі праблема стогадовага польска-каталіцкага прыгнёту праваслаўнай большасці насельніцтва гэтых раёнаў была вырашана (нават у выніку прамога ваеннага ўмяшання Расіі ва ўнутраныя канфлікты) – прыгнечаныя былі выратаваны ад сваіх ганіцеляў. Белая Русь вярнулася ў «родны прыстанак».

Я лічу, што варта было б сёлета адзначыць гэтую юбілейную дату – як дату яднання Вялікай і Белай Русі, рускага і беларускага народаў. І, нарэшце, у падручніках гісторыі перастаньце называць гэтыя падзеі «падзелам Польшчы».

Для Беларусі гэтыя разважанні ўжо нават не «трывожны сігнал», а сапраўдны звон надыходзячай бяды. Бо абсолютна ясна, што пачалася скаардынаваная кампанія па ідэалагічным абгрунтаванні «яднання Вялікай і Белай Русі».

Нагадаем, што на самым пачатку гэтага года, нібы ў краіны няма больш важных праблем, Аляксандр Лукашэнка правёў нараду «па пытаннях рэалізацыі гістарычнай палітыкі». На ёй ён заявіў: «Давайце ў падручніках па гісторыі, у замкавых і музейных экспазіцыях так і назавём, напрыклад, перыяд Рэчы Паспалітай – акупацыяй беларускай зямлі палякамі. Этнацыдам беларусаў».

У лютым стала вядома, што «група таварышаў» з Беларусі і Расіі аб’ядналася дзеля святкавання 250-годдзя «уз’яднання Белай Русі і Расіі, калі адбылося вызваленне значнай часткі беларусаў ад польскага прыгнёту». Як паведамляла «Народная Воля», 13 лютага архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый (Драздоў) правёў службу ў Маскве ў храме Святой вялікапакутніцы Ірыны (тут з 2013 года дзейнічае прадстаўніцтва Беларускага экзархата РПЦ, а ўзначальвае яго акурат архіепіскап Дзімітрый), пасля якой даў слова адыёзнаму расійскаму палітыку Сяргею Бабурыну. Бабурын у свой час быў віцэ-спікерам Дзяржаўнай думы, цягам усёй сваёй трыццацігадовай палітычнай кар’еры з’яўляўся прыхільнікам ідэй рускага нацыяналізму, не грэбаваў імперскай рыторыкай. У лютаўскім выступленні Бабурын таксама гаварыў пра падзеі, звязаныя з падзелам Рэчы Паспалітай. Ён адзначыў, што «для рускага народа і Расіі падзеі 1772 года сталі не менш лёсавызначальнымі, чым вызваленне ў 1654 годзе Маларосіі і яе ўз’яднанне з Вялікаросіяй».

Для адзначэння такога вялікага юбілею Бабурын аб’явіў пра стварэнне аргкамітэта, правядзенне ў Маскве і Мінску на грамадскім і дзяржаўным узроўнях урачыстых мерапрыемстваў, сумесных навуковых канферэнцый. І заклікаў абмеркаваць у тым ліку «становішча заходнерускіх зямель у Рэчы Паспалітай і вызваленчую барацьбу супраць польскага прыгнёту; ролю Рускай Праваслаўнай Царквы ў захаванні рускай нацыянальнай самасвядомасці, вызваленчай барацьбе і ўз’яднанні Белай Русі і Расіі».

Была агучана і прапанова «звярнуцца да Міністэрства асветы Расіі аб неабходнасці перагляду інтэрпрэтацыі падзей 1772, 1793 і 1795 гадоў як «падзелаў Рэчы Паспалітай», паколькі на самай справе з боку Расійскай імперыі гэта былі акты дзяржаўнай волі па вызваленні адзінароднай Беларусі». Маўляў, вызваленне свайго не можа быць раздзелам чужога па азначэнні. Польшчу дзялілі немцы паміж Аўстрыяй і Прусіяй, а рускія вызвалялі адзінаверцаў.

Мяркуючы па тым, што словы Бабурына не растварыліся ў паветры, а шырока цытуюцца на сайце Віцебскай епархіі, можна меркаваць, што яе кіраўніцтва з поглядамі расійскага палітыка на падзеі нашай гісторыі цалкам салідарна.

Зараз слова ў слова Бабурына паўтарае і Дзмітрый Мядзведзеў.

Ясна, што ўсё гэта не выпадковасць, а скаардынаваная ідэалагічная падрыхтоўка да нечага важнага.

Мы ўжо звыкліся з тым, што расійская гісторыя, а за ёй і расійская прапаганда ўсё лічыць сваім. Проста ігнаруючы шмат якія гістарычныя факты.

Напрыклад, што, паводле першых пісьмовых крыніц, Кіеў існуе з 930 года (згодна з Хронікай Стрыйкоўскага, ён заснаваны ў 430 годзе). Мінск (тагачасны Менск) упершыню згадваецца ў летапісе «Аповесць мінулых часоў» пад 1067 годам у сувязі з бітвай на Нямізе, і гэта ўжо быў горад, які існаваў. Што ж тычыцца Масквы, то яе заснаванне датуецца 1147 годам.

Гэта значыць Масква маладзейшая за Мінск і тым больш за Кіеў. Дык як жа яна магла нас хрысціць, акультурваць, аб’ядноўваць, калі проста сама не існавала ў той час, у які мы ўжо мелі свае дзяржавы?

Што ж тычыцца падзей 1772 года, першага падзелу Рэчы Паспалітай, то тады Расія, Аўстрыя і Прусія падпісалі ў Вене Канвенцыю аб размеркаванні гэтых земляў, адначасова ўвайшлі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай і размеркавалі яе паміж сабой.

Пры гэтым ні Мядзведзеў, ні Бабурын, ні такія ж «гісторыкі ад палітыкі» не ўзгадваюць пра тое, што сённяшнія беларускія землі да падзелаў Рэчы Паспалітай ніколі не ўваходзілі ў склад Маскоўскага княства, альбо Вялікага Княства Маскоўскага, альбо Рускай дзяржавы або царства, а затым і Расійскай імперыі. З ранняга сярэднявечча на беларускіх землях існавалі Полацкае і Тураўскае княствы, затым Вялікае Княства Літоўскае, якое ў выніку сфарміравала канфедэрацыю з Польшчай у выглядзе Рэчы Паспалітай.

Дык як жа нашы землі аказаліся для Расіі «сваімі»? На чым гэтыя прэтэнзіі грунтуюцца? На праваслаўі? А хто тое праваслаўе прынёс у саму Расію? Ды і ці праваслаўная сённяшняя Расійская Федэрацыя?..

Можна шмат і доўга разважаць над гэтымі пытаннямі. Але галоўнае вось у чым: 250 гадоў падзел Рэчы Паспалітай быў толькі параграфам у падручніках па гісторыі. А зараз нават высокае расійскае кіраўніцтва рыхтуецца святкаваць юбілей падзеі, пра якую раней і не згадвала. І гэта значыць, што гісторыю паставілі на службу палітыцы і новым імперскім апетытам. Што спасылкі на гісторыю тут проста дзеля прыкрыцця.

Мядзведзеў напісаў, што «Белая Русь вярнулася ў родны прыстанак (родную гавань)». Менавіта пад гэтым лозунгам Расія вяртала Крым. Па суверэннай Беларусі звоняць званы…

Публікацыя з № 27 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»