Вера Палякова. Фота ont.by

Насуперак вядомаму выслоўю, тэатр пачынаецца не з вешалкі ў гардэробе. І не з тэатральнага буфета, дзе даюцца першыя ацэнкі спектаклям. Нават не з параднай лесвіцы, па якой гледачы ідуць на сустрэчу з любімымі акцёрамі. Тэатр у Беларусі пачынаецца з мовы і таго рэпертуару, які на гэтай мове паказваецца са сцэны. Мы гаворым: «Рускі драмтэатр імя Максіма Горкага», – і адразу разумеем, на якой мове ставяцца там п’есы пераважна замежных аўтараў. Да нядаўняга часу мы гаварылі: «Купалаўскі тэатр», – і ведалі, што там нас чакаюць спатканні з беларускай нацыянальнай класікай. Вядома ж, на беларускай мове.

Мова – светапогляд і душа тэатра, таму ўсе спробы зрабіць той ці іншы тэатр двухмоўным, як гэта неяк мела месца ў тым жа Горкаўскім, поспеху не мелі. Каб мець поспех, трэба трымаць дзве розныя трупы. Бо раніцай і вечарам па раскладзе светапогляд змяніць немагчыма, як бы акцёр ні пыжыўся. Гэта як у класічнай аповесці Максіма Гарэцкага «Дзве душы» – пра хваравіты стан чалавека, чыя душа раздвойваецца, прадвяшчаючы трагедыю.

Разумны чалавек на памылках вучыцца, а дурань гатовы біцца лбом у тую самую сцяну. З пункту гледжання актрысы Веры Паляковай, якая збіраецца ўзначаліць сталічны Тэатр юнага гледача, незапаўняльнасць глядацкай залы ТэЮГа звязана з… беларускай мовай, а таму ў рэпертуар трэба ўвесці рускамоўныя спектаклі. Вось дык адкрыццё! Ды Паляковай яшчэ на свеце не існавала, а тэатр (з дня свайго заснавання цалкам беларускамоўны) ставіў аншлагавыя спектаклі. Паводле твораў Артура Вольскага, Уладзіміра Караткевіча, Пятра Васючэнкі, Сяргея Кавалёва… І не хістаўся разам з «генеральнай лініяй партыі», як тое ўжо шмат гадоў робіць муж Паляковай міністр Уладзімір Макей. То вышыванку апране, то Купалу па-беларуску публічна прачытае, то – падтрымлівае рэпрэсіі супраць тых, хто, ці бачыце, асмеліўся выкрыкваць купалаўскія словы «Жыве Беларусь!», ці ў каго на кашулі не той узор не тымі колерамі вышыты. Пры чым тут, скажаце, Макей? А пры тым, што нездарма кажуць у народе: муж і жана – адна сатана.

Што чакае Тэатр юнага гледача пры новай кіраўніцы – варажыць не трэба. Мы ўсе ведаем, да чаго прывяло дзяржаўнае гэтак званае двухмоўе ў цэлай краіне. Да нічым не абмежаванай русіфікацыі ва ўсіх сферах жыцця! Тое самае праз пэўны час адбудзецца і ў ТэЮГу. З ягонай афішы знікнуць беларускамоўныя п’есы, а з’явяцца расійскія, адпрэчаныя дзе-небудзь у саратаўскім альбо цюменскім тэатрах. ТэЮГ ператворыцца ў тэатр-балаганчык, як гэта ўжо здарылася з Нацыянальным тэатрам №1 – Купалаўскім, дзе ўжо другі год гаспадарыць каляжанка Паляковай Вольга Няфёдава. І дзе ніяк не ўдаецца набраць прафесійную трупу. Кадравая праблема, хутчэй за ўсё, паўстане і ў Тэатры юнага гледача, і тады нічога не застанецца, як Няфёдавай выступаць у ТэЮГу, а Паляковай – у Купалаўскім. А што, тэатры знаходзяцца па суседстве, толькі вуліцу перайсці.

Абвясціўшы аб русіфікацыі Тэатра юнага гледача, Вера Палякова мае намер зрабіць яго яшчэ і камерцыйным. Маўляў, натоўпы расійскіх турыстаў, прачуўшы пра змену моўнага рэжыму, валам паваляць у тэатр.

Ды не паваляць. Па-першае, дзе яна тыя натоўпы турыстаў-дзяцей (тэатр жа дзіцячы) пабачыла? Па-другое, калі прыстасоўвацца пад густы расіян, то рэпертуар давядзецца змяняць кардынальна. Скажам, спешна заказваць Мікалаю Чаргінцу (ён нарэшце выйшаў на пенсію і часу мае шмат) п’есу аб перамозе расійскіх войскаў ва Украіне…

У Беларусі налічваецца дваццаць дзевяць тэатраў. Толькі шэсць з іх – беларускамоўныя. Дзякуючы Веры Паляковай, магчыма, стане пяць. І гэта застанецца плямай у яе біяграфіі. Раней яе ведалі як таленавітую акцёрку, якая здымалася ў вядомых тэлефільмах. А калі Палякова свае задумы ажыццявіць, то адназначна застанецца ў гісторыі далакопам беларускага тэатра, які больш за дзевяноста гадоў (!) размаўляў са сваімі юнымі гледачамі па-беларуску.

Не зразумела, чым кіруецца Вера Палякова, маючы намер пераставіць ТэЮГ на расійскія папсовыя рэйкі. Няўжо прынцыпам аднаго праваслаўнага бацюшкі, які хадзіў па вясковых хатах і, памахваючы крапідлам, прыгаворваў: не толькі для Ісуса, але і для хлеба куса. Няўжо актрыса не разумее, што зароблены такім чынам хлеб будзе горкім?

Публікацыя з № 27 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»