Як вядома, Мінскі трактарны завод у шэрагу некаторых іншых беларускіх прадпрыемстваў таксама трапіў пад заходнія санкцыі. Як завод працуе ў такіх умовах?

«Асабіста на маёй працы нічога не адбілася, – распавёў «Народнай Волі» рабочы МТЗ Андрэй П. (прозвішча маецца ў рэдакцыі. – Аўт.), які працуе ў тэрмічным цэху. – Наадварот, у красавіку будзем працаваць яшчэ больш, запланаваны дзве рабочыя суботы. Наколькі вядома, з гэтай нагоды выдадзены адпаведны загад. Як быццам з Расіі шмат заказаў паступіла.

У сакавіку працаваў у тры змены, таксама былі рабочыя суботы. Па жаданні ў выхадныя можна выходзіць на працу за двайную аплату. Прасілі і мяне, але адмовіўся. Дадатковыя грошы – гэта добра, але трэба ж і да маці ў вёску з’ездзіць, ёй дапамагчы. А просяць выйсці ў выхадныя ўвесь час.

Калі працаваць па суботах, то прыкладна 2100–2200 рублёў у месяц можна зарабіць. У нас адзін таварыш, які працаваў па графіку «тры праз тры» (працоўная змена – дванаццаць гадзін), наогул на выхадныя не адпачываў і ў выніку зарабіў амаль тры тысячы рублёў».

Паводле слоў нашага суразмоўцы, заробкі на прадпрыемстве плацяць рэгулярна, апошні раз «чыстымі» ён атрымаў 1600 рублёў.

«Раней было шмат заказаў на Пакістан, але зараз там як быццам «перакрылі кісларод», – працягвае тэрміст МТЗ. – Нейкія знешнія фактары ўсё-такі паўплывалі, таму колькі паспелі зрабіць – адправілі. А зараз, напэўна, у асноўным будзем на Расію працаваць. Не ведаю дакладна, куды зараз будуць адпраўляцца нашы трактары, але, як бачым, мае ўмовы працы пакуль што не змяніліся. Пакуль санкцыі ніякім чынам не паўплывалі. А што далей будзе – час пакажа».

«Заробак атрымліваем рэгулярна, у красавіку працы будзе яшчэ больш…»Я звярнуўся таксама з некаторымі пытаннямі да намесніка генеральнага дырэктара па ідэалагічнай працы і сацыяльным развіцці Мінскага трактарнага завода Уладзіміра ПІСКІЖАВА (на фота). У тэрмічным цэху ўмовы працы, вядома, шкодныя, і не дзіўна, што заробкі людзей там немаленькія. А які сярэдні заробак у цэлым па прадпрыемстве? Як працуе завод ва ўмовах санкцый? Ці змяніліся вытворчыя паказчыкі ў гэтым годзе?

– Пры ўсёй павазе да вас па тэлефоне я інтэрв’ю не даю, – катэгарычна адказаў Уладзімір Уладзіміравіч.

– Давайце ў такім разе сустрэнемся, і вы адкажаце на пытанні пры асабістай сустрэчы.

– Няма ў мяне ніякага жадання сустракацца…

Чаму?

– Я не каментую свае жаданні. Няма жадання – і ўсё на гэтым. Да пабачэння…

Шчыра кажучы, не першы раз чыноўнікі адмаўляюцца даваць каментарый незалежным СМІ, але, напэўна, упершыню пачуў такую прычыну адмовы, як «няма жадання». І гэта заявіў чалавек, які атрымлівае заробак у тым ліку і за тое, каб у СМІ з’яўлялася аб’ектыўная інфармацыя пра работу прадпрыемства.

Сяргей ЗАБЛОЦКІ.

***

Вось так, паважаныя чытачы, выглядае намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай працы і сацыяльным развіцці Уладзімір Піскіжаў. Хто, як не ён, павінен цесна кантактаваць са сродкамі масавай інфармацыі, у тым ліку з недзяржаўнымі? Давядзенне да шырокай грамадскасці аб’ектаўных звестак пра работу шматтысячнага калектыву трактаразаводцаў – яго службовы абавязак. Шкада, што ён гэтага не разумее… Калі так, то наогул ці мае ён права атрымліваць заробак з бюджэту гэтага прадпрыемства?

Публікацыя з № 26 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»