Аляксандр Лукашэнка заявіў аб адсутнасці ў яго планаў размяшчаць у Беларусі ядзерную зброю. Падобную зброю таксама не плануецца вырабляць у Беларусі і выкарыстоўваць супраць каго б там ні было. Пра гэта ён заявіў ў інтэрв’ю японскаму тэлеканалу TBS, паведамляе БелТА.

«Я не планую размяшчаць тут ядзерную зброю, вырабляць тут ядзерную зброю, ствараць і выкарыстоўваць гэтую ядзерную зброю супраць каго б там ні было. Такога ніколі не было ў планах беларускага кіраўніцтва і ў маіх планах», — заявіў Аляксандр Лукашэнка, хаця раней прамовы былі зусім іншымі.

Адказваючы на пытанне, ці давядзецца ўсё ж такі размяшчаць у Беларусі ядзерную зброю ў выпадку пагаршэння сітуацыі, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «не, такой сітуацыі, я думаю, не будзе. Я думаю, што і ў Амерыцы, і на Захадзе яшчэ не ўсе ашалелі да такой ступені, каб мы вырашалі гэтую праблему праз ядзерную зброю».

Японскі журналіст таксама задаў пытанне, ці можна лічыць, што змененыя нормы Канстытуцыі Беларусі дазваляюць размясціць у краіне ядзерную зброю. «Канстытуцыя, і ранейшая, і цяперашняя, да гэтага не маюць ніякага дачынення, — адказаў Аляксандр Лукашэнка. — Таму што па старой нашай Канстытуцыі мне ніхто не перашкаджаў вярнуць ядзерную зброю ў Беларусь. Дакладна так і гэтая. Змяняючы Канстытуцыю, мы не думалі нават пра гэта. Гэта выдумка Захаду. І яна прыйшла да вас. Можа быць, праз ваша пасольства ў Беларусі».

 

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»